З 1 траўня па 31 ліпеня бюджэт пражытковага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва складзе 462,58 рубля і вырасьце на 14,94 рубля або на 3,3% (з 1 лютага ён быў роўны 447,64 рубля), вынікае з пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі № 31 ад 21 красавіка, паведамляепрэс-служба ведамства.
Згодна з пастановай, у бліжэйшыя месяцы БМП будзе складаць:
- для працаздольнага насельніцтва — 498,1 рубля (рост на 4,4%),
- пэнсіянэраў — 333,59 рубля (+2,1%),
- дзяцей ва ўзросьце да 3 гадоў — 288,28 рубля (+2,8%);
- дзяцей ад 3 да 6 гадоў — 386,86 рубля (+2,6%),
- дзяцей ад 6 да 18 гадоў — 451,6 рубля (+2%).
Ад велічыні бюджэту пражытковага мінімуму залежаць у тым ліку дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, сацыяльныя пэнсіі, павышэньні і даплаты да пэнсіяў для асобных катэгорый пэнсіянэраў, дапамогі па догляду за інвалідам першай групы і інш.
У прыватнасьці, з 1 траўня 2025 году:
- Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэньнем першага дзіцяці складзе4625,8 руб. (10 БПМ), другога і наступных дзяцей — 6476,12 руб. (14 БПМ).
- Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у мэдустановах да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасьці складзе 462,58 рубля (1 БПМ).
- Штомесячныя выплаты сем’ям на дзяцей ад 3 да 18 гадоў у пэрыяд выхаваньня дзіцяці ва ўзросьце да 3 гадоў складзе 231,29 рубля (50% БПМ), на дзяцей, старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый семʼяў (акрамя дзіцяці-інваліда) — 231,29 руб., на дзіця-інваліда, старэйшае за 3 гады — 323,81 руб.
- Штомесячная дапамога па догляду дзіцяці-інваліда з I ці II ступеньню інваліднасьці да 18 гадоў — 462,58 руб., з III ці IV ступеньню — да спаўненьня дзіцяці 3 гадоў — 462,58 руб., пасьля 3 гадоў — 555,1 руб.; штомесячная дапамога на дзяцей да 18 гадоў, інфікаваных вірусам імунадэфіцыту чалавека — 323,81 руб.
Таксама з 1 траўня павялічацца памеры даплат некаторым катэгорыям пэнсіянэраў:
- пэнсіянэрам ва ўзросьце 75-79 гадоў — 86,74 рубля,
- пэнсіянэрам ва ўзросьце 80 гадоў і старэй (з улікам надбаўкі на догляд) — 173,48 руб.
Паводле Мінпрацы, дапамогу, якая вылічаецца з БПМ, у Беларусі атрымліваюць прыкладна на 161,2 тысяч дзяцей. Даплаты да пэнсій атрымліваюць больш як 545 тысяч чалавек ва ўзросьце 75 гадоў і старэйшыя.
Форум