Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пачатку году на Гарадзеншчыне завялі 68 крымінальных і 882 адміністрацыйных спраў за хатні гвалт


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Штогод у Беларусі ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва па дапамогу зьвяртаюцца каля 15 тысяч чалавек, якія пацярпелі ад хатняга гвалту.

З пачатку 2025 году ў Горадзенскай вобласьці завялі 68 крымінальных і 882 адміністрацыйных спраў за хатні гвалт, паведаміў Лідзкі райвыканкам са спасылкай на зьвесткі ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Горадзенскага аблвыканкаму.

У матэрыялах за красавік гаворыцца, што 2025 годзе ў міліцыю Горадзенскай вобласьці паступіла больш за 2 тысячы паведамленьняў пра сямейна-побытавыя канфлікты. Прыкладна ў 80% выпадкаў паведамляюць пра мужчыну-агрэсара, у 20% выпадках — пра жанчыну.

Паведамляецца, што з пачатку году ў вобласьці завялі 68 крымінальных спраў паводле шэрагу артыкулаў «у сфэры хатняга гвалту»: «наўмыснае прычыненьне лёгкага цялеснага пашкоджаньня» (арт.153 Крымінальнага кодэксу Беларусі), «катаваньне» (арт. 154 КК) і «пагроза забойствам, прычыненьнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў або зьнішчэньнем маёмасьці» (арт. 186 КК).

Акрамя гэтага, сёлета на Гарадзеншчыне выявілі 882 адміністрацыйныя правапарушэньні ў сфэры хатняга гвалту, гаворыцца ў матэрыялах Лідзкага райвыканкаму.

На пачатак красавіка 2025 году ў Горадзенскай вобласьці на прафіляктычным уліку стаялі 2656 чалавек, якія дапусьцілі хатні гвалт. Зь імі, як сьцьвярджаецца ў публікацыі, «вядуць прафіляктычную працу».

Ахоўныя прадпісаньні (часовае абмежаваньне агрэсара ў некаторых дзеяньнях: так, яму могуць забараніць размаўляць з ахвярай і жыць разам зь ёй на тэрмін да 30 содняў) у Горадзенскай вобласьці сёлета выносілі ўжо 664 разы. За парушэньне патрабаваньняў ахоўнага прадпісаньня 56 разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці.

Зразумець рэальны маштаб гендэрнага гвалту ў Беларусі вельмі цяжка. Цэнтралізаваная статыстыка не публікуецца, канкрэтныя гісторыі толькі зрэдку зьяўляюцца ў дзяржаўных мэдыя. Тым ня менш, толькі па афіцыйных заявах, штогод у Беларусі рэгіструецца каля 80 тысяч паведамленьняў пра хатні гвалт. Гэта мінімум 219 фактаў гвалту за дзень. Кожнае трэцяе забойства зьдзяйсьняецца рукамі блізкіх.

Паводле апытаньня, праведзенага онлайн-лініяй для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org пры дапамозе Chatham House, розныя віды хатняга гвалту зазнаюць 17,6% беларускіх гараджанак, якія маюць партнэра.

У Беларусі няма закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Распрацаваны законапраект раскрытыкаваў Лукашэнка, назваўшы яго «дурасьцю, узятай найперш з Захаду». Паводле Лукашэнкі, супрацьдзеяньне гвалту ў сям’і ідзе насуперак «славянскім традыцыям». Пасьля зьнішчэньня НДА-сэктару і ініцыятываў па барацьбе з хатнім гвалтам у 2023 годзе Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў «выкарчоўваць» з грамадзтва гвалт над жанчынамі і дзецьмі «самымі жорсткімі мэтадамі».

Прадстаўніца Беларускага саюзу жанчын Вольга Чамаданава ў адказ на пытаньне, ці неабходны ў Беларусі закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, заявіла, што беларусы жывуць у бясьпечнай краіне дзякуючы «працы праваахоўных органаў» і што «створаныя ўсе ўмовы, каб людзі адчувалі сябе ў бясьпецы».

Штогод у Беларусі ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва па дапамогу зьвяртаюцца каля 15 тысяч чалавек, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, заявіла пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленьні ААН у Жэнэве Ларыса Бельская, выступаючы 6 лютага 2025 году ў Камітэце ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын, якую цытуе прэс-служба МЗС Беларусі.

Паводле Бельскай, каб забясьпечыць прытулак для жанчын і дзяўчат, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, у Беларусі разьвіваецца сетка так званых «крызісныхм пакояў: 105 зьявіліся ў 2015 годзе і 134 у 2024 годзе). Як сьцьвярджае прадстаўніца Беларусі, у першым паўгодзьдзі 2024 году ў «крызісных пакоях» пражывалі «каля 108 чалавек, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, зь іх 81 жанчына і 27 мужчын».

Раней арганізацыі грамадзянскай супольнасьці прадставілі ў Камітэце альтэрнатыўны даклад аб становішчы жанчын у Беларусі. У ім гаварылася пра працяг іх дыскрымінацыі жанчын у краіне, роспуск арганізацый грамадзянскай супольнасьці, турэмнае зьняволеньне жанчын-праваабаронцаў і перашкоды да доступу жанчын да правасудзьдзя і інш.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG