Чаму рэжым пайшоў на такі крок і ці ёсьць у беларусаў варыянты, каб жыць за мяжой безь беларускага пашпарта? Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе расказвае былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта і пасольства Беларусі ў Варшаве Анатоль Котаў.
Асноўнае сьцісла:
- Гэта спроба рэжыму, які ўбачыў, што не спрацоўвае «камісія па вяртаньні», ускладніць жыцьцё беларусам, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму з прычыны палітычнага перасьледу. Бо пашпарт — гэта самы галоўны дакумэнт, які пацьвярджае асобу чалавека.
- Нядаўняе рашэньне аб пазбаўленьні грамадзянства — гэта быў першы крок, каб пазбавіць беларусаў за мяжой дакумэнтаў увогуле.
- Прыкладна паўмільёны беларусаў зьехалі толькі ў апошнюю хвалю эміграцыі. Тэрмін дзеяньня пашпарту звычайна 10 гадоў. Можна меркаваць, што 15-20 адсоткаў сутыкнуліся ці хутка сутыкнуцца з сытуацыяй, калі іх пашпарт несапраўдны.
- У тых, хто не пасьпеў ці ня здолеў легалізавацца ў новай краіне, могуць быць вялікія праблемы.
- Аднак гэтае рашэньне Лукашэнкі можа быць дадатковым аргумэнтам для ўрадаў іншых краінаў, каб палегчыць працэдуру выдачы дакумэнтаў беларусам.
- Польшча ўжо цяпер зрабіла шмат крокаў, каб спрасьціць працэдуры атрыманьня дакумэнтаў тым, хто вымушаны ратавацца ад рэпрэсій.
- Пасьля 24 лютага 2022 году стаўленьне да беларусаў зьмянілася, іх, як і расейцаў, часам разглядаюць як пагрозу для краінаў, куды яны зьяжджаюць.
- Замежным краінам давядзецца выдаваць беларусам дакумэнты на падставе тых дакумэнтаў, што ў іх ёсьць — найперш, пасьведчаньня аб нараджэньні.
- Рашэньне ўладаў вяртае ў сярэднявечча, пазбаўляючы людзей у тым ліку і маёмасных правоў.
- Ня вельмі шмат людзей вырашаць гуляць у такую гульню і ехаць у Беларусь, напрыклад, прадаваць кватэру — бо можаш пазбавіцца і свабоды, і маёмасьці.
- Дыпработнікам у беларускіх місіях застаецца толькі чытаць газэты і атрымліваць грошы за сваю «працу».
- Бізнэсоўцы, якія сябе паважаюць, ня пойдуць у беларускія амбасады з інвэстыцыйнымі праектамі
- Што можна параіць беларусам за мяжой? Калі нехта яшчэ не заняўся легалізацыяй, трэба тэрмінова падаваць — на уцякацтва ці від на жыхарства, пакуль пашпарт дзейны. Бо атрыманьне любога дакумэнту краіны знаходжаньня робіць і атрыманьне іншых патрэбных дакумэнтаў больш простым.
- Указ № 278 ад 4 верасьня «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і ўчыненьня дзеяньняў» уносіць зьмены ў Палажэньне аб дакумэнтах, якія сьведчаць асобу, зацьверджанае ўказам № 294 ад 3 чэрвеня 2008 году. У адпаведнасьці зь імі выдача і абмен пашпарта грамадзяніну, які пастаянна пражывае за межамі Рэспублікі Беларусь і знаходзіцца на консульскім уліку, ажыцьцяўляецца органам унутраных спраў па месцы апошняй рэгістрацыі. Выключана норма аб тым, што МЗС праводзіць выдачу і абмен пашпарта грамадзяніну, які выехаў з краіны для часовага знаходжаньня і заявіў аб сваім жаданьні аформіць дазвол на пастаяннае пражываньне за межамі Беларусі.
- Таксама з Палажэньня выключаны пункт аб праве дыпляматычнага прадстаўніцтва або консульскай установы падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта тых, хто знаходзіцца за мяжой.
- Пры гэтым консул можа разглядаць пытаньні наконт выдачы грамадзянам Беларусі, асобам без грамадзянства і замежным грамадзянам, якім прадастаўлены статус уцекача, дадатковай абароны і прытулку на тэрыторыі Беларусі. Таксама ён можа выдаваць асобам без грамадзянства дазвол на вяртаньне ў Беларусь.
- Зьмяненьні тычацца і іншых дакумэнтаў. Угоды, зьвязаныя з продажам маёмасьці, цяпер можна будзе заключаць толькі пры асабістым звароце ўласьніка (зацікаўленай асобы) або на падставе даверанасьці, аформленай у Беларусі. Гэта ж тычыцца выдачы дублікатаў дакумэнтаў аб адукацыі, апэрацый зь сямейным капіталам, рэгістрацыяй аўтамабіляў і зямельных участкаў і іншага.