Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туск: сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю складаная; у апошнія тыдні спэцслужбы Польшчы спынілі спробы дывэрсіяў


Дональд Туск. Архіўнае фота
Дональд Туск. Архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск назваў цяжкай сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю, а таксама заявіў, што ў апошнія тыдні польскія спэцслужбы спынілі спробы сабатажу і дывэрсій.

«За апошнія некалькі тыдняў, таксама ў супрацоўніцтве з саюзьнікамі, польская дзяржава прадухіліла спробы (...) у тым ліку дывэрсій і падпалаў. Справа вельмі сур’ёзная, гэты стан павышанай гатоўнасьці неабходны, ён абсалютна неабходны, як у сувязі з вайной, у сувязі з узмацненьнем актыўнасьці службаў, так і ў сувязі з сытуацыяй на польска-беларускай мяжы», — заявіў Дональд Туск 14 траўня, паведамляе PAP.

Ён адзначыў, што інфармацыя, атрыманая ад кіраўніка МУС Польшчы Томаша Семаняка, сьведчыць пра рост пагрозаў у Эўропе і Польшчы ў кантэксьце агрэсіўных дзеяньняў расейскіх і беларускіх спэцслужбаў, таму Польшчы давядзецца задзейнічаць больш рэсурсаў і часу на супрацьдзеяньне пагрозам, такім як магчымыя дывэрсіі або «напады на асобаў на замову расейскіх службаў».

Туск заявіў, што Польшча дадаткова выдзеліць 100 мільёнаў злотых (прыкладна 25,30 мільёна даляраў) на ўмацаваньне польскіх службаў бясьпекі і выведкі, паведамляе rmf24.pl.

Таксама польскі прэм'ер-міністар зазначыў, што Польшча, хутчэй за ўсё, атрымае сродкі Эўразьвязу на ўмацаваньне мяжы зь Беларусьсю. Паводле яго, умацаваньне агароджы на мяжы зь Беларусьсю — гэта цяпер «плян-мінімум», бо кожныя суткі адбываецца некалькі сотняў спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі.

«Гэты барʼер не адпавядае нашым чаканьням. Памежная служба і войска ясна зьвярнуліся да мяне падчас майго візыту на польска-беларускую мяжу наконт неабходнасьці ўмацаваньня гэтай агароджы», — адзначыў Туск.

Кіраўнік польскага ўраду таксама анансаваў матэрыяльна-тэхнічную, фінансавую і арганізацыйную падтрымку як польскай Памежнай службы, так і войска на мяжы. Як падкрэсьліў Дональд Туск, сытуацыя на польска-беларускай мяжы складаная, кожны дзень адбываецца некалькі сотняў спробаў яе перасячэньня.

«Гэта не ўцекачы, гэта ўсё радзей мігранты, малазабясьпечаныя семʼі, якія шукаюць дапамогі. У 80 выпадках са 100 мы маем справу з арганізаванымі групамі маладых мужчын — 18–30 гадоў, такіх узроставых катэгорыяў — вельмі агрэсіўных», — сказаў Туск.

Нядаўна польскія памежнікі і вайскоўцы заявілі, што адбілі спробу нелегальнага перасячэньня мяжы зь Беларусьсю групай з больш як 140 мігрантаў.

«Замежнікі паводзілі сябе вельмі агрэсіўна — кідалі гальлё і камяні ў патрулі памежнай варты і польскага войска, каб пракласьці сабе шлях у Заходнюю Эўропу», — паведамляла Памежная служба Польшчы.

  • Цяпер мяжу зь Беларусьсю ахоўваюць каля 6 тысяч вайскоўцаў, паліцыянтаў і памежнікаў, паведаміў намесьнік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык.
  • У чэрвені 2023 году Польшча завяршыла ўзьвядзеньне 206-кілямэтровага плота ўздоўж мяжы зь Беларусьсю. Сёлета прэм'ер-міністар Дональд Туск заявіў, што агароджа павінна быць мадэрнізаваная «ў найкарацейшыя тэрміны».
  • З пачатку 2024 году памежныя службы суседніх краін ЭЗ зафіксавалі 14.239 спроб незаконнага пранікненьня зь Беларусі. На долю Польшчы прыпадае больш як 80% усіх спроб.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG