Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская касманаўтка Марына Васілеўская вярнулася з МКС на Зямлю

абноўлена

Марына Васілеўская пасьля прызямленьня, 6 красавіка 2024 году. Скрыншот з трансьляцыі мэдыяцэнтру «Раскосмасу»
Марына Васілеўская пасьля прызямленьня, 6 красавіка 2024 году. Скрыншот з трансьляцыі мэдыяцэнтру «Раскосмасу»

6 красавіка беларуская касманаўтка Марына Васілеўская разам з расейскім калегам Алегам Навіцкім пакінула Міжнародную касьмічную станцыю і вярнулася на Зямлю. Касьмічны карабель «Саюз МС-24» прызямліўся ў 10.17 па менскім часе ў Казахстане.

На Зямлю вярнуліся беларуская касманаўтка Марына Васілеўская, касманаўт «Раскосмасу» Алег Навіцкі, а таксама ўдзельніца 70-й працяглай экспэдыцыі астранаўт NASA Лорэл О’Хары. Самаадчуваньне экіпажу «Саюз МС-24» пасьля прызямленьня на Зямлю нармальнае, абвясьцілі ў Цэнтры ўпраўленьня палётамі, піша БелТА.

Васілеўскую з капсулы дасталі апошняй. «Я жадаю ўсім людзям на Зямлі, каб яны шанавалі і бераглі ўсё тое, што мы маем», — сказала яна журналістам пасьля прызямленьня. Трансьляцыя пасадкі.

Марына Васілеўская правяла ў космасе 14 дзён.

Раніцай 6 красавіка касьмічны карабель «Саюз МС-24» адстыкаваўся ад модуля. На 9.24 па менскім часе было заплянаванае ўключэньне рухавіка карабля для зьвядзеньня з арбіты, у 9.52 — падзел на адсекі, а ў 9.54 — уваход апарата, які спускаецца, у атмасфэру. У 10.03 быў уведзены асноўны парашут.

Зьвядзеньне касьмічнага карабля з арбіты і спуск на Зямлю прайшлі штатна, паведаміў «Раскосмас».

Пасадка апарата адбылася ў Казахстане ў стэпе, у раёне населеных пунктаў Джэзказган і Аркалык. Для гарантаваньня бясьпечнай пасадкі на месцы былі спэцыялісты мэдыцынскай службы Ўзброеных сіл Расеі, расейскія лётчыкі і наземныя пошукава-ратавальныя групы.

  • 25 сакавіка расейскі касьмічны карабель «Саюз МС-25» правёў пасьпяховую стыкоўку зь Міжнароднай касьмічнай станцыяй. Ракета з караблём стартавала з Байканура 23 сакавіка. Першую спробу старту 21 сакавіка ў апошні момант перанесьлі з тэхнічных прычын.
  • На борце карабля знаходзіцца першая ў гісторыі сувэрэннай Беларусі касманаўтка Марына Васілеўская. Камандзір экіпажу «Саюза МС-25» — расейскі касманаўт, ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі, бортынжынэр — амэрыканская астранаўтка Трэйсі Колдуэл-Дайсан (яна Колдуэл-засталася працаваць на станцыі да верасьня 2024 году).
  • Марына Васілеўская, якую выбралі для палёту на МКС, з 2017 году працуе ў авіякампаніі «Белавія» бортправадніцай. Летась у сьнежні яна пасьпяхова прайшла выпрабаваньні на цэнтрыфузе, дзе перанесла васьмікратную перагрузку.
  • На МКС Марына Васілеўская займалася выкананьнем навуковай праграмы беларускага касманаўта, распрацаванай Нацыянальнай акадэміяй навук сумесна з «Роскосмосом» і Расейскай акадэміяй навук. Яна ўключае 7 мэтавых работ — 5 навукова-дасьледчых і 2 адукацыйныя праекты. Навуковыя дасьледаваньні — галіне біялёгіі, фізыялёгіі, аўтаномнага функцыянаваньня касьмічных станцый, дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі з выкарыстаньнем фота- і відэаспэктральнай апаратуры беларускай вытворчасьці, якая знаходзіцца на МКС. Таксама Васілеўская дасьледавала ляктафэрын і прабіётыкі, вырабленыя навуковымі арганізацыямі НАН, для іх наступнага магчымага выкарыстаньня ў стварэньні прадуктаў харчаваньня для касманаўтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG