Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палёт у космас — падарунак Беларусі за ляяльнасьць». Як Беларусь асвойвала космас і колькі гэта каштуе


Расейскі касманат Алег Навіцкі, астранаўтка NASA Трэйсі Дайсан і беларуская касманаўтка Марына Васілеўская перад стартам
Расейскі касманат Алег Навіцкі, астранаўтка NASA Трэйсі Дайсан і беларуская касманаўтка Марына Васілеўская перад стартам

Беларусь выводзіць на арбіту спадарожнікі, прымае касьмічныя праграмы, запускае ў космас першую жанчыну. Паглядзелі, што гэта дае і колькі каштуе.

23 сакавіка першая беларуска Марына Васілеўская адправілася ў космас. Разам зь ёй на Міжнародную касьмічную станцыю накіраваліся камандзір, ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі, і астранаўтка NASA Трэйсі Дайсан. Праўда, запуск касьмічнага карабля «Саюз МС-25» ад пачатку быў заплянаваны на 21 сакавіка, але ў апошні момант яго адмянілі. Як тлумачыў кіраўнік «Роскосмаса» Юрый Барысаў, прычынай адмены стала «прасяданьне напругі хімічнай крыніцы току». Праз два дні ўсё наладзілі і «Саюз МС-25» паляцеў у космас.

Беларусцы Марыне Васілеўскай 33 гады. Яна сем гадоў адпрацавала бортправадніцай авіякампаніі «Белавія».

Старт карабля «Саюз МС-25»
Старт карабля «Саюз МС-25»

Палёт чалавека ў космас каштуе ад 50 да 80 мільёнаў даляраў

Космас — даволі дарагое задавальненьне. Няма дакладнай інфармацыі, колькі можа каштаваць палёт касьмічнага карабля «Саюз МС-25» і ў якую суму абыходзіцца палёт аднаго касманаўта. Але ёсьць інфармацыя, колькі каштуе зьлятаць у космас для турыста.

У 2021 годзе на расейскім караблі «Саюз» з касмадрому «Байканур» у космас паляцеў японскі мільярдэр Юсаку Маэдзава. Ён прабыў на МКС 12 дзён. Паводле інфармацыі Bloomberg, падарожнік заплаціў 80 мільёнаў даляраў.

Кампанія Ілана Маска сумесна з NASA і Axiom Space у 2022 годзе адправіла турыстаў на МКС. Гэта быў цалкам цывільны экіпаж з чатырох чалавек. Амэрыканскі бізнэсовец Лары Конар, ізраільскі фінансіст Эйтан Сцібэ, канадзкі інвэстар Маркі Паці, былы астранаўт NASA і віцэ-прэзыдэнт Axiom Майкл Лопес-Алегрія правялі ў космасе 8 дзён. Кожнаму пасажыру падарожжа абышлося ў 55 мільёнаў даляраў.

«Палёт у космас — падарунак Беларусі за ляяльнасьць, за саюзьніцкія адносіны»

На думку папулярызатара касманаўтыкі, блогера Віталя Ягорава («Зялёны кот»), запуск грамадзянкі Беларусі Марыны Васілеўскай у космас — гэта не такія ўжо вялікія выдаткі для краіны. Беларусь атрымала такі палёт фактычна бясплатна за супрацоўніцтва з Расеяй, перакананы Вадзім Ягораў.

«Для Беларусі палёт Марыны Васілеўскай не зьяўляецца значным, моцным расходам. Гэта добры падарунак Беларусі за ляяльнасьць, за саюзьніцкія адносіны, якія захаваліся ў апошнія два гады. Мяркую, што гэты палёт прадастаўлены Беларусі Расеяй за тое, што краіна забясьпечыла праз сваю тэрыторыю праход расейскіх войскаў, якія атакавалі Кіеў. Расея так аддзячыла сваёй суседцы-хаўрусьніцы.

Дарэчы, гэта ня новы падыход. У савецкі час была праграма „Інтэркосмас“ — гэта палітычная зьява, калі на арбіту запускалі касманаўтаў дружалюбных краінаў», — кажа папулярызатар касманаўтыкі Вадзім Ягораў.

Ці стане Беларусь касьмічнай дзяржавай?

Ці ёсьць сэнс укладаць даволі вялікія сродкі ў касьмічную сфэру? На думку экспэрта Вадзіма Ягорава, паняцьце касьмічнай дзяржавы ў цэлым даволі адноснае. Ён прывёў у прыклад дзяржаву Люксэмбург.

«У Люксэмбургу геастацыянарных спадарожнікаў сувязі больш, чым у „Роскосмоса“, пры гэтым там няма ні ракет, ні касмадромаў. І Люксэмбург мала хто лічыць касьмічнай дзяржавай. Хаця прыбыткі ад космасу ў Люксэмбурга параўнальныя зь бюджэтам „Роскосмоса“.

Космас — гэта прэстыж дзяржавы. Касманаўтыка застаецца, з аднаго боку, такім шыкам для дзяржавы. А з другога боку, гэта спосаб паказаць свае навуковае і эканамічнае разьвіцьцё», — кажа Вадзім Ягораў.

«Саюз МС-25»
«Саюз МС-25»

Ён тлумачыць, што ёсьць некалькі складнікаў. І ў першую чаргу — тэхналягічны.

«Калі краіна хоча разьвівацца і як сельскагаспадарчая, і як сыравінная, яна павінна разьвіваць розныя кірункі, зьвязаныя з тэхнікай. І касманаўтыка — адзін з такіх кірункаў.

У Беларусі вялікія лясныя тэрыторыі, за імі неабходна назіраць, і космас у гэтым пляне прапануе зручнае рашэньне. Досьвед выкарыстаньня беларускага спадарожніка, які лятаў на нізкай каляземнай арбіце, гэта прадэманстраваў, здымкі зь яго былі эфэктыўнымі. Гэта выгадна для дзяржавы», — перакананы экспэрт.

Да таго ж у Беларусі ёсьць і салідная яшчэ «савецкая спадчына». Беларускія навукова-прамысловыя прадпрыемствы, у прыватнасьці «Пеленг» і БелОМА, даўно вырабляюць высокатэхналягічныя прыборы касьмічнай накіраванасьці.

Беларусь таксама можа зарабляць на паслугах сувязі, спадарожнікавых здымках, лічыць Вадзім Ягораў.

«Гэта пэрспэктыўна, гэта сусьветны рынак, які пашыраецца. Хаця зараз гэтая сувязь мяняе прыярытэты з геастацыянарнай арбіты, дзе ў Беларусі ёсьць спадарожнік, на нізкую калязямную (у прыватнасьці на Starlink, кітайскія сыстэмы). Але сувязь заўсёды патрэбна, яе неабходна будзе больш і больш з кожным годам. А ўсялякія палітычныя падзеі, зьвязаныя зь перасяканьнем кабэляў у акіяне, сьведчаць пра тое, што сувязь праз космас будзе актуальнай. Туды будзе больш грошай укладацца. Тым больш што ў Беларусі ёсьць свой тэлекамунікацыйны спадарожнік, так што пэрспэктыва ёсьць», — мяркуе Вадзім Ягораў.

Колькі Беларусь траціць на космас?

Першы беларускі спадарожнік БелКА, які ня выйшаў на арбіту і ўзарваўся над касмадромам «Байканур», каштаваў ад 9 да 13 мільёнаў даляраў (у розны час ацэнка затрат была рознай). Але ён быў застрахаваны, таму затрачаныя на яго сродкі Беларусь цалкам вярнула.

Другі, больш удалы праект, спадарожнік БКА (Беларускі касьмічны апарат) выйшаў на арбіту 22 ліпеня 2012 году. На яго патрацілі 16-17 мільёнаў даляраў.

Плянавалася, што Беларусь зробіць і запусьціць і трэці спадарожнік, аднак пакуль гэтыя пляны не апраўдаліся. Кошт таго праекту меркаваўся ў памеры 180 мільёнаў даляраў.

Праекты, зьвязаныя з космасам, Беларусь фінансуе і цяпер. У бюджэце прапісаная падпраграма «Дасьледаваньне і выкарыстаньне касьмічнай прасторы ў мірных мэтах».

  • 2019 год — 13 598 100 рублёў (6 506 267 даляраў паводле сярэднегадавога курсу на той момант)
  • 2020 год — 10 398 600 рублёў (4 279 259 даляраў)
  • 2022 год — 19 557 568 рублёў (7 493 321 даляраў)
  • 2023 год — 18 078 061 рублёў (6 026 020 даляраў)
  • 2024 год — 80 092 520 рублёў (24 719 913 даляраў)

У бюджэце на 2020 і 2021 гады выдзяленьне грошай на касьмічную падпраграму не прапісвалася, але гэта не азначае, што яна не фінансавалася паводле іншага мэханізму. Такім чынам, бачым, што з 2019 году Беларусь патраціла на космас больш за 141 мільён рублёў, ці больш за 44 мільёны даляраў зь бюджэту. Гэта мінімальныя траты, якія пацьвярджаюцца дакумэнтальна. Аднак Беларуская касьмічная праграма магла фінансавацца і з дадатковых крыніц.

Часам усплываюць цікавыя акалічнасьці, што да пераразьмеркаваньня сродкаў, выдаткаваных на касьмічныя праграмы.

Савет Міністраў у сьнежні 2023 году прыняў пастанову № 935. Урад скараціў выдаткі Нацыянальнай акадэміі навук на касьмічныя праграмы на 2,3 млн рублёў, каб за іх пабудаваць бульбасховішча на 20 тысяч тон на Талачынскім кансэрвавым заводзе.

Частка сродкаў, прадугледжаных на сыстэму дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі, пойдзе на павялічэньне фінансаваньня археалягічных дасьледаваньняў старажытнага гарадзішча на рацэ Менцы.

Кароткі курс гісторыі беларускай касманаўтыкі

У Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі праца ў касьмічнай тэматыцы пачалася ў 1969 годзе. Прыборы вытворчасьці «Пеленга» і «БелОМА» былі ўсталяваныя ў 4-м, 5-м, 6-м касьмічных караблях «Саюз».

Трое ўраджэнцаў Беларусі ляталі ў космас. Першым зь беларусаў на арбіце ў 1973 годзе пабываў лётчык-касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюзу Пятро Клімук. Тры палёты зрабіў двойчы Герой Савецкага Саюзу Ўладзімер Кавалёнак. Грамадзянін Расеі, беларус Алег Навіцкі таксама тройчы лятаў у космас.

Праект першага беларускага спадарожніка БелКА зьявіўся ў 2003 годзе. Але ён быў няўдалым: 26 ліпеня 2006 году на старце расейская ракета-носьбіт разам з усімі спадарожнікамі на борце (у тым ліку і БелКА) узарвалася ў Казахстане на вачах Лукашэнкі і яго сыноў Віктара і Дзьмітрыя.

Першая нацыянальная касьмічная праграма Беларусі была распрацаваная на 2009-2012 гады, яе вынік — запуск у 2012-м беларускага спадарожніка. 22 ліпеня 2012 года быў запушчаны другі спадарожнік БелКА і Беларусь увайшла ў лік касьмічных дзяржаў.

1 лістапада 2013 году Генэральная асамблея ААН прыняла Рэспубліку Беларусь у Камітэт выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах ААН.

У студзені 2016 году быў запушчаны ў космас з кітайскага касмадрому Січан беларускі тэлекамунікацыйны спадарожнік «Белінтэрсат-1», разьлічаны на забесьпячэньне доступу ў інтэрнэт, а таксама перадачу тэлевізійных і радыёсыгналаў.

Сёньня на арбіце знаходзяцца тры беларускія спадарожнікі: апарат дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі, спадарожнік сувязі «Белінтэрсат-1» і адукацыйны нанаспадарожнік BSUSat-1 Белдзяржунівэрсытэту.

У чэрвені 2023 года Беларусь абвясьціла, што ў космас паляціць беларуская жанчына. Акадэмія навук Беларусі падабрала 29 кандыдатак, да фіналу дайшлі 6. У выніку адбору перамагла бортправадніца кампаніі «Белавія» Марына Васілеўская.

23 сакавіка 2024 году «Саюз МС-25» стартаваў. Экіпаж — расейскі касманаўт Алег Навіцкі, беларуска Марына Васілеўская і астранаўтка амэрыканскага NASA Трэйсі Дайсан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG