Адрозьніваецца хіба што маштаб, тэрыторыя (не вязуць у Сібір) і «глыбіня» (няма, быццам бы, расстрэлаў). Але гэта, як той казаў, справа нажыўная. Сёньня няма, а заўтра можа быць.
Сьцісла:
- Падтрымка сталінскіх рэпрэсій у грамадзтве мацавалася вераю ў камунізм, у сьветлае заўтра. Цяпер такой веры і падтрымкі няма.
- Рэпрэсіўны блеф ня быў бы магчымы, калі б справаводзтва ў Беларусі вялося па-беларуску.
- Як і сталінскія, лукашэнкаўскія рэпрэсіі ўрэшце будуць названыя палітычнымі і незаконнымі.
- Усіх сёньняшніх палітвязьняў рэабілітуюць, а цікавасьць да іх асобаў будзе ўвесь час расьці.
Палітвязьняў... няма
Гэтая фраза вядомая з савецкіх часоў і разьлічаная найперш на зьнешні сьвет — маўляў, няма падставаў для занепакоенасьці. Кантэкст для ўнутранага карыстаньня: народ да палітыкі ніякага дачыненьня ня мае. Прынамсі, не павінен мець. Ня трэба палітызаваць!
Істотнае адрозьненьне сталінскіх рэпрэсіяў ад лукашэнкаўскіх — у тым, як самі ўлады тлумачаць народу іх сэнс: тады казалі, што ахвяры прыносяцца на алтар камунізму — сьветлае будучыні і ўсеагульнага шчасьця. Многія ў гэта верылі і ўжо самі люстэркава тлумачылі рэпрэсіі такім чынам: нэгатыў робіцца дзеля заўтрашняга пазытыву.
На алтар чаго прыносяцца ахвяры сёньня? Усё, што мне даводзілася чуць зь люстэркавых «народных» апраўданьняў, зводзіцца да словаў: «не мяшайце нам жыць». То бок ніякай будучыні, ніякага пазытыву на выхадзе няма і не прадугледжваецца. А гэта значыць, што і такой рэальнай, паводле перакананьняў, падтрымкі рэпрэсіяў у народзе, як гэта было ў сталінскія часы, сёньня няма.
Няма палітвязьняў і ў заканадаўстве, дзе, між іншым, і пакараньня за іншадумства ці крытыку ўлады няма. Там, наадварот, суцэльны плюралізм. Але законы даўно не на першым месцы. Не да іх.
Злачынства і пакараньне
Дазволю сабе сьцьвердзіць, што калі б справаводзтва ў Беларусі вялося па-беларуску, гэты ўвесь рэпрэсіўны блеф ня быў бы магчымы, бо трымаецца ён на расейскім канцылярыце і расейскай тэрміналёгіі.
Варта ўдумацца: расейскае «преступление» — гэта ж сэнсава і ёсьць адпаведнік лукашэнкаўскага «иногда не до законов», бо законы як бы дазваляюць сябе «преступить-переступить», назваць, да прыкладу, аб’яднаньні беларусаў за мяжой «преступными». Па-беларуску злачыннымі іх ніяк не назавеш, бо ніякага зла яны, вядома ж, не ўчыняюць, пагатоў дзейнічаюць у прававых дзяржавах, дзе закон рэальна вышэй за ўсё і ўсіх (і дзе само імя прэзыдэнта часьцяком і не на слыху).
Нешта падобнае адбываецца і з расейскім словам «наказание», з аднаго шэрагу з «назиданием», якое абясцэньвае ўвесь цяжар і драматызм палітычных рэпрэсіяў, ператварае іх у нейкую гульню. І я згадваю, што Лукашэнка ня раз называў турму, у якую пасадзіў сваіх апанэнтаў, «гостиницей». І тут блеф быў бы немагчымы па-беларуску, бо назваць пакараньне гатэлем успрымалася б як дурны жарт і зьдзек зь незаконна зьняволеных.
Бяз сувязі з рэальнасьцю
У сталінскія часы судзілі за антысавецкую агітацыю ці намёк на яе. Сутнасна гэта крытыка ўлады ці намёк на яе, бо мог быць і проста шматзначны анэкдот. Сёньня тое самае называюць экстрэмісцкай дзейнасьцю ці намёкам на яе — «садзеяньнем экстрэмісцкай дзейнасьці». Што гэта такое, ня ведае ніхто, бо «несанкцыянаваным пікетам», напрыклад, можа быць і магніцік на лядоўні.
Яшчэ за Сталіным судзілі за ўдзел у якім-небудзь «Саюзе вызваленьня Беларусі», як цяпер вядома, прыдуманай чэкістамі арганізацыі. Сёньня нічога выдумляць ня сталі, проста назвалі экстрэмісцкімі ўсе недзяржаўныя арганізацыі, найперш мэдыя, і вось вам гатова: удзел у экстрэмісцкай арганізацыі. Ці ты журналіст, ці прафсаюзьнік, ці бароніш людзей ад хатняга гвалту, ці ахоўваеш птушак, ці ацаляеш дрэвы, ды што заўгодна, чым ты займаесься паводле прафэсіі і з уласнае ініцыятывы — ты «преступник». Злачынцам не назавеш, бо ніхто не паверыць. Але турма на доўгія гады табе гарантаваная.
Масава судзілі ў сталінскія часы за шпіянаж — самы расстрэльны артыкул. Цяпер на гэтае месца прэтэндуе тэрарызм. Доказаў усё адно ня трэба, што тады, што цяпер, бо суды закрытыя. Закрытасьць павінна апраўдваць не сакрэтную тэматыку, а той самы судовы блеф. Інакш што там за тэрарызм у Эдуарда Бабарыкі, на якога амаль тры гады не маглі скляпаць справу, — нават проста схлусіць было цяжка, настолькі чыста і адкрыта жыве чалавек.
Асабіста ведаю многія дзясяткі такіх чыстых і адкрытых людзей сярод цяперашніх палітвязьняў. Як жа ўражаныя будуць сёньняшнія карнікі, надзеленыя ўладай, калі на страшным судзе ім раптам адкрыецца праўда пра тое, што гэтыя людзі ня толькі не жылі са злачынным намерам, але ў прынцыпе не маглі такога намеру мець. Яны ж, карнікі, былі перакананыя, што такіх людзей не бывае ўвогуле, што чалавек заганны паводле сваёй прыроды, як яны самі. А вось жа, аказваецца, бываюць. І вось чаму ім, карнікам, прапануюць з тымі чыстымі і адкрытымі памяняцца месцамі.
Што будзе пасьля
Паколькі сутнасна лукашэнкаўскія рэпрэсіі паўтараюць сталінскія, дык і скончыцца сёньняшняя гісторыя гэтаксама, як скончылася тая.
А тады практычна ўсіх рэпрэсаваных пасьля сьмерці Сталіна выпусьцілі з турмы і рэабілітавалі. Пры гэтым рэпрэсіі, ужо не хаваючыся, назвалі палітычнымі. І займаліся рэабілітацыяй часта тыя самыя асобы, якія раней займаліся рэпрэсіямі (дзе ж іх набярэсься на ўвесь гэты гіганцкі, назавем яго так, «фінт гісторыі»?). Інакш кажучы, мы ўжо сёньня ведаем, чым канчаюцца дзяржаўныя рэпрэсіі, збудаваныя на блефе і хлусьні. Іх назавуць незаконнымі. І ўсё? Не зусім.
Многіх расстралялі, многія памерлі ў лягерах, многія вярнуліся... Цяпер ужо амаль нікога не засталося ў жывых. Але пра многіх напісаныя і пішуцца кнігі ці хоць бы артыкулы ў Вікіпэдыі; творы многіх, калі гэта творчая інтэлігенцыя, перавыдаюць, вывучаюць, цэняць. Гэта значыць, жыцьцё яны пражылі не дарма. Больш за тое, увесь час адкрываюцца новыя імёны і новыя факты, а самае істотнае — цікавасьць да гэтых людзей не зьмяншаецца, а ўвесь час расьце.
Кажу гэта не для абстрактнага суцяшэньня герояў, а для тых, хто іх рэпрэсуе — для разуменьня таго, як уладкаваны гэты сьвет зь яго раскладамі дабра і зла, бо новыя пакаленьні ня мусяць саромецца за сваіх папярэднікаў.
Сёньня лёс герояў сталінскай пары змушана паўтараюць нашы сучасьнікі. І вынік будзе той самы. Будзе толькі расьці цікавасьць людзей да асобаў Вітольда Ашурка ці Алеся Пушкіна. І для гэтай цікавасьці ня будзе тэрміну даўнасьці.
Мне не хапіла б ніякага блога, каб пералічыць толькі імёны тых, хто сёньня ў турме, а нейкай наступнай уладай будуць прызнаныя гонарам нацыі і краіны.
І ніхто ня ўспомніць тых, з таго боку, карнікаў, хто гэтых людзей загубіў ці адняў у іх плённыя гады жыцьця. Сёньня пішуць, напрыклад, пра энкавэдыста Васілія Блахіна, сілавіка-рэкардсмэна, які ўласнаручна расстраляў 15 тысяч чалавек. Рабіў сваю справу Васілій у гумовым фартуху, а пасьля кожнай экзэкуцыі ўвесь абмываўся гарэлкай. Чытаю пра яго, а сам згадваю нядаўні кафкіянскі сюжэт, маладзенькую намесьніцу пракурора Аліну Касьянчык, удзельніцу палітычных працэсаў, якая на два гады хіміі засудзіла мянчанку, што адмовілася здаваць ёй, Аліне, кватэру — магчыма, убачыла ў Аліне таго Блахіна, тую самую чалавечую пароду. Але не застаецца гэтая парода ў гісторыі, хіба толькі рэкардсмэны бесчалавечнасьці застаюцца, як «наказание-назидание». Астатнія зьнікаюць бясьсьледна, быццам і не было іх ніколі.
Нарэшце, яшчэ адно нясутнаснае адрозьненьне. Экзыстэнцыйныя пэрыпэтыі сталінскіх рэпрэсіяў у большасьці схаваныя ў архівах КГБ. Мы шмат чаго ня ведаем пра сваіх герояў: як іх судзілі, як расстрэльвалі ці мучылі ў турмах. Цяпер усё гэта таксама хаваецца ад людзей. Тым ня менш, у параўнаньні з тымі даўнімі рэпрэсіямі, мы ўсе жывем у адным часе, і можна сказаць, што сёньня ўсё адбываецца ў нас на вачах і на слыху і што матэрыялу для асэнсаваньня і засьцярогі так шмат, каб у будучыні новага такога пякельнага кола можна было пазьбегнуць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.