Набыў сілу ўказ, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, які прадугледжвае шэраг зьменаў для беларускіх кіроўцаў.
У прыватнасьці, тэрмін дзеяньня правоў кіроўцы павялічылі ўдвая. Іх будуць выдаваць на 20 гадоў (раней — на 10 гадоў), прычым тэрмін іх выдачы скароціцца зь пяці да трох працоўных дзён.
Таксама ўказам спрасьцілі працэдуру тэхагляду. Пры выдачы дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху больш не патрабуецца пасьведчаньне кіроўцы і страхавое пасьведчаньне.
Дазволы на допуск да ўдзелу ў дарожным руху новых аўтамабіляў (не старэйшых за тры гады) цяпер будуць дзейнічаць тры гады.
Даведку аб рэгістрацыі аўтамабіля ў ДАІ можна будзе атрымаць хутчэй: тэрмін зьменшылі з 10 да 7 дзён.
Новы парадак прадугледжаны ўказам № 55, які 16 лютага падпісаў Аляксандар Лукашэнка.
Прадугледжваецца, што прынятыя меры дадуць магчымасьць зьнізіць нагрузку на рэгістрацыйныя аддзелы ДАІ і кіроўцаў.