Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска, якая служыць баявым мэдыкам ва Ўкраіне, расказала пра эвакуацыю параненых з-пад Бахмуту


Сёлета ўкраінскія войскі выйшлі з Бахмуту пасьля націску расейцаў. Архіўнае фота
Сёлета ўкраінскія войскі выйшлі з Бахмуту пасьля націску расейцаў. Архіўнае фота

Беларуска служыць пад пазыўным «Воран».

Беларуска ў жніўні 2022 году далучылася да Міжнароднага легіёну, створанага пад эгідай Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Яна служыць пад пазыўным «Воран».

«Чаму я пайшла ваяваць? Гэта, хутчэй, пытаньне майго сумленьня, таму што сядзець і глядзець, як забіваюць людзей з суседняй краіны — гэта цяжка», — сказала беларуска ў відэароліку пра баявых мэдыкаў Міжнароднага легіёну. Ролік падрыхтавала Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

Беларуска расказала, як ёй разам з паплечнікамі давялося пад абстрэлам ратаваць параненых вайскоўцаў з-пад Бахмуту.

«Мы былі на пікапе, і калі мы занесьлі параненага на насілках, борт не зачыніўся, бо насілкі ня ўлезьлі. Я праверыла турнікеты на нагах параненых, і адзін зь іх быў амаль не зацягнуты, а ён сьцякаў крывёю, таму мне трэба было яго перакласьці. Гэта было вельмі складана, бо гэта было ўначы, нас абстрэльвалі з РПГ. Мой напарнік трымаў мяне за каўнер маёй бронекамізэлькі, адной нагой я трымалася за борт машыны, другой я трымала другога параненага на насілках, а рукамі ў цемры я закручвала турнікет. Я думала, што я вывалюся з машыны пад колы тых, хто ехаў за намі, і мяне разьнясе РПГ», — згадала жанчына пра адну апэрацыю, калі ратавалі параненых.

Беларускі баявы мэдык лічыць, што пасьля такіх выпрабаваньняў «чалавек можа працаваць у любых умовах — у стрэсе, у цемры, пад абстрэлам». «Ён будзе рабіць сваю працу, нягледзячы ні на што», — падкрэсьліла яна.

Беларуска дадала, што не адчувае ў сваім падразьдзеле нейкіх гендэрных праблемаў ці перадузятага стаўленьня з боку камандзіра. «Калі ты ня толькі жанчына, але яшчэ і добры жаўнер і спэцыяліст, то ты будзеш сябе добра адчуваць усюды», — дадала баявы мэдык зь Беларусі. У інтэрвію яна гаварыла па-беларуску.

У невялікім фільме ўдзельнічалі добраахвотнік з Швэцыі, які служыць мэханікам-кіроўцам, і баявы мэдык зь Львова.

«Я ўдзячны іншаземцам, якія стаяць са мной побач, але мне сорамна за ўкраінцаў, якія забыліся, што ва Ўкраіне вайна», — сказаў мэдык зь Львова з пазыўным «Арэх».

Беларусы служаць у розных падразьдзелах войска Ўкраіны. Вядома пра ўдзел беларусаў у 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе, атрадзе «Атам», у Беларускім добраахвотніцкім корпусе, у батальёнах «Волат» і «Ліцьвін» (гэтыя батальёны ўваходзяць у полк імя Кастуся Каліноўскага), а таксама ў складзе ІІ Інтэрнацыянальнага легіёну. З восені 2023 году ўтварыўся яшчэ адзін беларускі падразьдзел — «Танга-Рамэо».

Паводле розных зьвестак, на баку Ўкраіны ваюе ад 500 да 1000 грамадзян Беларусі. Сама меней 33 беларусы загінулі ад пачатку поўнамаштабнай вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG