У Польшчы 21 лістапада пачнецца маштабная апэрацыя па абароне крытычнай інфраструктуры. Улады абʼявілі пра яе пасьля выбуху на чыгуначных шляхах, да якога, як мяркуецца, маюць дачыненьне агенты спэцслужбаў Расеі, піша DW.
Улады Польшчы ў рамках маштабнай апэрацыі адправяць да 10 тысяч вайскоўцаў на абарону абʼектаў крытычнай інфраструктуры, такіх як аэрапорты і лініі сувязі. Пра гэта абвясьцілі ў сераду, 19 лістапада, міністар абароны краіны Ўладзіслаў Касіняк-Камыш і міністар унутраных спраў Марцін Кервіньскі, перадае польскае агенцтва PAP.
Раней Польшча абвінаваціла Расею ў дывэрсіі на чыгуначнай лініі Варшава — Люблін.
Апэрацыя пад кодавай назвай «Гарызонт» пачнецца 21 лістапада і будзе праходзіць па ўсёй краіне.
Як растлумачыў міністар Кервіньскі, вайскоўцы будуць каардынаваць дзеяньні з паліцыяй, чыгуначнай аховай і ўсімі дзяржаўнымі службамі для супрацьдзеяньня дывэрсіям. Паводле яго слоў, Польшча «выкарыстоўвае ўсе рэсурсы» для «абароны бясьпекі сваіх грамадзян».
«Сёньня многія экспэрты сьцьвярджаюць, што мы жывем у часы, якія нельга назваць вайной, але і мірам таксама. У эпоху гэтых гібрыдных пагроз і ўзьдзеяньня, якое наш праціўнік спрабуе аказаць на сацыяльную структуру, мы павінны абʼяднаць намаганьні ўсіх дзяржаўных службаў», — заявіў кіраўнік польскага МУС.
Асаблівая ўвага ў рамках апэрацыі будзе засяроджана на выяўленьні найбольш уразьлівых абʼектаў для дывэрсій.
Раней прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск паведаміў, што сьледчыя выявілі падазраваных у дывэрсіі на чыгунцы ў Польшчы.
«Устаноўленыя асобы — гэта грамадзяне Ўкраіны, якія доўгі час супрацоўнічалі з расейскімі службамі», — заявіў Дональд Туск падчас выступу ў парлямэнце.
Ён дадаў, што аднаго зь іх сёлета ў траўні судзілі ў Львове за дывэрсіі на тэрыторыі Ўкраіны. Другі — жыхар Данбасу.
Гэтай восеньню яны разам зь першым падазраваным перабраліся зь Беларусі ў Польшчу.
І пасьля ўчыненьня дывэрсіі ў Польшчы вярнуліся ў Беларусь цераз памежны пераход у Тэрэспалі, — адзначыў польскі прэм’ер.
Ён заявіў, што Польшча зьвернецца да Беларусі і Расеі для затрыманьня падазраваных і іхных хаўрусьнікаў.