Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Аляксандар Лукашэнка працягвае супраціўляцца спробам Крамля інтэграваць Беларусь у межах «саюзнай дзяржавы».
«25 лютага Лукашэнка заявіў, што Расея і Беларусь больш магутныя як дзьве незалежныя дзяржавы, чым адна дзяржава, і што Беларусь „ніколі не падтрымае“ ідэю аб’яднаньня Расеі і Беларусі», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 25 лютага.
25 лютага на ўчастку для галасаваньня Аляксандар Лукашэнка выказаўся супраць аб’яднаньня з Расеяй, заявіўшы, што «ні ў Расеі, ні ў Беларусі не падтрымаюць абʼяднаньня дзьвюх дзяржаў, такі крок толькі зробіць горш».
А «саюзная дзяржава», на думку Лукашэнкі, гэта абʼяднаньне «дзьвюх сувэрэнных, незалежных дзяржаў».