Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пайду, пайду, пайду». Лукашэнка заявіў, што будзе браць удзел у прэзыдэнціх выбарах 2025 году


Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку. Менск, 25 лютага 2024 году
Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку. Менск, 25 лютага 2024 году

Аляксандар Лукашэнка заявіў пра намер удзельнічаць у наступных прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, якія, як чакаецца, пройдуць у 2025 годзе.

25 лютага пасьля галасаваньня на выбарчым участку № 478 у Менску Аляксандар Лукашэнка адказаў на пытаньні журналістаў.

Пра ўдзел у выбарах прэзыдэнта 2025 году

Сярод іншага, Лукашэнку спыталі пра будучыя прэзыдэнцкія выбары. Ён адказаў:

«Пайду, пайду, пайду. Перадайце ім (беларускай апазыцыі — рэд.), што пайду! І чым складаней будзе абстаноўка, чым яны будуць больш напружваць вас, мяне і грамадзтва, тым хутчэй я пайду на гэтыя выбары. Вы не хвалюйцеся, мы зробім так, як гэта трэба для Беларусі», — заявіў Лукашэнка, яго цытуе БелТА.

Пры гэтым ён адзначыў, што наперадзе яшчэ год да прэзыдэнцкіх выбараў і «многае можа зьмяніцца».

«Натуральна, я і ўсе мы, грамадзтва, будзем рэагаваць на тое, якія зьмяненьні будуць адбывацца ў нашым грамадзтве і ў якой сытуацыі мы падыдзем праз год да галасаваньня», — дадаў Аляксандар Лукашэнка.

Пра адмову запрасіць назіральнікаў АБСЭ

Камэнтуючы адмову Беларусі запрашаць незалежных назіральнікаў ад АБСЭ, Лукашэнка заявіў, што яны нібыта і «не прасіліся прыехаць на сёлетнія выбары», і калі б яны даслалі адпаведны запыт — яго б разгледзелі «хутчэй за ўсё, станоўча».

«Захочуць — няхай прыяжджаюць. Пасьля выбараў няхай прыедуць», — дадаў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку. Менск, 25 лютага 2024 году
Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку. Менск, 25 лютага 2024 году

Пра аб’яднаньне Беларусі з Расеяй

Падчас прэс-канфэрэнцыі на ўчастку Лукашэнка выказаўся супраць аб’яднаньня з Расеяй, заявіўшы, што «ні ў Расеі, ні ў Беларусі не падтрымаюць абʼяднаньне дзьвюх дзяржаў, такі крок толькі зробіць горш».

А «саюзная дзяржава», на думку Лукашэнкі, гэта абʼяднаньне «дзьвюх сувэрэнных, незалежных дзяржаў».

На думку Лукашэнкі, апазыцыя нібыта будзе «спрабаваць захапіць уладу», але пасьля правядзеньня адзінага дня галасаваньня гэта «будзе вельмі складана», бо «выберам мы абсалютна надзейных, талковых людзей».

Пра выбары 25 лютага

Выбары ў Беларусі Лукашэнка ахарактарызаваў як «адкрытыя, сумленныя і прынцыповыя».

«Нідзе ў сьвеце адкрытых, сумленных, прынцыповых выбараў, як у Беларусі, няма. У нас гэта сьвята. Так было заўсёды. Мы праводзім шчырую, сумленную палітыку і такія выбары», — сьцьвярджае Лукашэнка.

25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.

Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.

На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.

Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня — 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG