Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітыкі падлічылі колькасць беларусаў у Польшчы — 310 тысяч чалавек, зь іх летась прыехала 60 тысяч


Познань, Польшча
Познань, Польшча

Аналітыкі прааналізавалі новыя зьвесткі польскіх статыстычных агенцтваў і палічылі, колькі беларусаў пераехалі ў Польшчу летась.

Дасьледаваньне зрабілі аналітыкі Picodi.com. Для падліку колькасьці беларусаў бралі пад увагу польскую сыстэму ідэнтыфікацыйных нумароў PESEL. За апошнія 5 гадоў (з 2019 году) колькасьць беларусаў у Польшчы вырасла ў 6,5 раза; агульная колькасьць беларусаў, якія пражываюць у Польшчы на пачатку 2024 году, ацэньваецца ў 310 тысяч чалавек.

Аналітык Мікалай Кашчэеў расказаў беларускай службе Польскага радыё, як праводзіўся падлік:

«Частковыя зьвесткі з рэестру PESEL знаходзяцца ў свабодным доступе. Гэтая база ўтрымлівае сьпіс усіх магчымых імёнаў людзей, якія пражываюць у Польшчы. Побач з кожным імем паказана колькасьць яго носьбітаў. Мы думаем, што зьвесткі з рэестру PESEL лепш адлюстроўваюць рэальнасьць, бо ён бярэ пад увагу тых, хто ўжо атрымаў польскае грамадзянства. У сваю чаргу, упраўленьне ў справах замежнікаў улічвае толькі замежнікаў з дазволамі на пражываньне. Для мужчын і жанчын у нас была розная мэтадалёгія. Частку імёнаў можна адназначна ідэнтыфікаваць як беларускія. Запісаныя лацінкай імёны: Аляксандар, Сяргей, Дзьмітры нельга ні з чым пераблытаць. Колькасьць носьбітаў гэтых імёнаў адразу трапляла ў беларускую скарбонку. Такія імёны як Руслан, Іван ці Андрэй, маглі належаць беларусам, украінцам, расейцам».

Каб улічыць носьбітаў такіх імёнаў, аналітыкі выкарысталі прапарцыйную сыстэму.

Напрыклад, імя Міхаіл. На пачатак 2024 году агульная колькасьць грамадзян Беларусі і Расеі мужчынскага полу складае ў Польшчы 77 тысяч чалавек. Беларусаў — 67,5 тысячы, расейцаў — 9 тысяч. Такім чынам, можна лічыць, што 9 з 10 Міхаілаў у Польшчы будуць беларусамі. У рэестры PESEL Міхаілаў было каля 4,5 тысячы, і 4 тысячы зь іх аналітыкі аднесьлі да беларусаў. Такім чынам агульную колькасьць мужчынскіх беларускіх імёнаў ацанілі ў 179 тысяч.

Падлічыць колькасьць жаночых імёнаў было больш складана з прычыны частага супадзеньня ў правапісе польскіх і беларускіх імёнаў. Напрыклад, Ганна ў рэестры зьяўляецца ажно 200 тысяч разоў. Вызначыць, колькі сярод іх беларусак, немагчыма. Таму колькасьць беларусак у Польшчы разьлічвалася па прапорцыі 42% да 58%. У такіх суадносінах жанчыны і мужчыны зь беларускім пашпартам валодаюць дазволамі на пражываньне.

Такім чынам колькасьць беларусак у Польшчы ацэньваецца ў 131 тысячу. У сваю чаргу, агульная колькасьць беларусаў — у 310 тысяч чалавек, зь іх летась прыехалі 60 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG