Як правіла, ВАК адхіляе адну-дзьве працы з прыкметамі плягіяту на год, але ў 2023-м, паводле яго, камісія зьняла з разгляду ажно шэсьць дысэртацый — «для далейшай дапрацоўкі». Сярод іх — тры працы для абароны доктарскай ступені, у якіх былі выяўленыя факты «некарэктнага запазычаньня матэрыялаў, якія належаць іншым аўтарам».
У 2023 годзе ВАК не зацьвердзіў 26 дысэртацый па 9 галінах навук. На рашэньне камісіі падалі тры апэляцыі, адну задаволілі.
Агулам у 2023 годзе Вышэйшая атэстацыйная камісія надала навуковыя ступені 344 суіскальнікам (у 2022 годзе — 308, 2019-м — 358): доктара навук — 51, кандыдата навук — 293. Сярод тых, хто атрымаў навуковыя ступені, — 44 замежнікі з 12 дзяржаў (грамадзяне Кітаю — 21, Расеі — 6, Украіны — 5, Іраку і Узбэкістану — па 2, ды інш.)
Сярод галін традыцыйна лідзіравала мэдыцына (17,7% усіх пасьпяхова абароненых дысэртацый), тэхнічныя навукі (каля 15%), эканамічныя (каля 10%).
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году хваля рэпрэсіяў за ўдзел у пратэстах закранула і беларускіх навукоўцаў. За выказваньне сваёй пазыцыі з Акадэміі навук і беларускіх ВНУ пасьля затрыманьняў і арыштаў былі звольненыя дзясяткі навукоўцаў, выкладчыкаў. У некаторых зь іх Аляксандар Лукашэнка нават дэманстрацыйна забраў дзяржаўныя прэміі.