Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Кавалеўскі: першыя ўзоры «пашпарта Новай Беларусі» зьявяцца ў сакавіку


Узор «пашпарта Новай Беларусі»
Узор «пашпарта Новай Беларусі»

Матэрыялы для новага дакумэнта ўжо заказалі.

Першыя ўзоры пашпарта будуць гатовыя да канца сакавіка 2024 году. Пра гэта паведаміў «Белсату» прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў замежных справах Валер Кавалеўскі.

Ён адзначыў, што зь першага матэрыялу можна будзе вырабіць 30 тысяч дакумэнтаў.

«Але мы іх зможам выдаваць толькі тады, калі ў нас будуць першыя прызнаньні. Толькі тады зможам прымаць заяўкі ад людзей, апрацоўваць іх і вэрыфікаваць, а потым выдаваць людзям пашпарты, каб маглі імі карыстацца», — удакладніў Валер Кавалеўскі.

Вельмі важным складнікам будзе орган выдачы, які «павінен будзе адпавядаць высокім стандартам гэтай індустрыі», а менавіта патрабаваньням бясьпекі, прававой адказнасьці, захаваньня зьвестак.

У студзені 2024 году стваральнік плятформы «Новая Беларусь» Павал Лібер расказаў, якія пэрспэктывы мае пашпарт.

«Кабінэту трэба зразумець, што ім рабіць, ці друкаваць першую пробную партыю пашпартоў. Першая партыя дастаткова вялікая — некалькі дзясяткаў тысяч. Ніхто ў меншым аб’ёме друкаваць ня будзе. Партнэры пытаюцца: „У вас дакладна будзе ня сто пашпартоў?“. Ёсьць краіны Эўразьвязу, па якіх езьдзіць Кабінэт, і ў іх пытаюцца там: „Дык вы хоць прыкладную колькасьць можаце сказаць?“. Мы сутыкаемся з тым, што ня ўмеем адказваць на такія пытаньні».

Таксама Лібер выказаў упэўненасьць у тым, што прызнаньне пашпарта на міжнародным узроўні цалкам магчымае.

«Гэта пытаньне веры і жаданьня некалькіх краін шчоўкнуць Лукашэнку з Пуціным па носе. Я ўпэўнены, што такія краіны знойдуцца. І як толькі першая ці другая краіна прызнаюць беларускі пашпарт, то знойдуцца і трэцяя, і чацьвертая. І так можна дайсьці да некалькіх дзясяткаў».

  • Аб праекце«пашпарта новай Беларусі» стала вядома сёлета ў лютым. Беларускія дэмакратычныя сілы пачалі распрацоўваць альтэрнатыўны дакумэнт на фоне ўнясеньня паправак у закон аб грамадзянстве, якія даюць уладам магчымасьць пазбаўляць грамадзянства, атрыманага ў тым ліку на падставе права нараджэньня, беларусаў, асуджаных за «экстрэмізм», якія выехалі за мяжу. Адкарэктаваная адпаведным чынам рэдакцыя закону «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» набыла моц у ліпені.
  • 4 верасьня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і ўчыненьня дзеяньняў», які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG