Былы палітзьняволены (з прычынаў бясьпекі «Вясна» не называе імя суразмоўцы) расказаў праваабаронцам пра ўмовы ўтрыманьня вязьняў у наваполацкай калёніі. Сярод іншага ён узгадаў, што з турэмнай установы прыбралі ўсе кніжкі на беларускай мове.
«Дарэчы, цяпер зь бібліятэкі вынялі ўсе беларускія творы: гэта пачалося недзе восеньню 2023 году. Палітычным нельга чытаць Алексіевіч, напрыклад. Прыбралі Купалу, Караткевіча, Коласа.
Забралі кніжнкі на замежных мовах — ангельскай, польскай, літоўскай і нават кітайскай. Пацаны пытаюцца: „А чаму нельга на кітайскай? Яны ж нашыя сябры“. Ім адказваюць: „Сёньня сябры, заўтра — ворагі“. Усе кніжкі толькі на рускай мове», — расказаў правабаронцам былы палітзьняволены.
- Пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, са жніўня 2020 году, больш за дзясятак выдавецтваў і выдаўцоў зьехалі зь Беларусі за мяжу.
- Вясной 2022 году Міністэрства інфармацыі прыпыніла на 3 месяцы дзейнасьць 4 незалежных выдавецтваў, якія друкавалі кнігі беларускіх аўтараў на беларускай мове: «Медысонт», «Галіяфы», «Лімарыюс» і «Кнігазбор». Праз 3 месяцы выдавецтвы паспрабавалі прайсьці пераатэстацыю ў Міністэрстве юстыцыі, але бяз посьпеху.
- У кастрычніку 2022 году сетка дзяржаўных кнігарняў «Белкніга» разарвала дамовы з выдавецтвамі «Янушкевіч», «Кнігазбор» і «Галіяфы», якія друкуюць кнігі на беларускай мове.
- Пасьля працяглага перасьледу 10 студзеня 2023 году выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі ліцэнзіі і права выдаваць кнігі ў Рэспубліцы Беларусь.
- У траўні 2023 году суд у Менску зьліквідаваў выдавецтва Зьмітра Коласа, якое спэцыялізавалася на беларускамоўнай літаратуры.
- У кастрычніку 2023 году Менскі гарвыканкам ліквідаваў выдавецтва «Кнігазбор», якое працавала амаль 28 гадоў.