Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні адкрылася «Чытальня» — бібліятэчны праект, які прафінансавалі беларусы замежжа. Фота


Адкрыцьцё бібіліятэкі ў Вільні.
Адкрыцьцё бібіліятэкі ў Вільні.

У новым фармаце пачынае дзейнічаць бібліятэка, у якой больш за сто гадоў таму працаваў Янка Купала. Абслугоўваньне праз электронны каталёг, чытацкі клюб і нават назва — усё новае, запэўнілі яе супрацоўнікі

Бібліятэка пры Цэнтры беларускай супольнасьці і культуры ў Вільні займела адмысловую назву, свой сайт з электронным каталёгам і магчымасьцю замовы ды браніраваньня, чытацкі клюб і новыя кнігі клясыкаў і сучасных аўтараў.

Абнаўленьні адбыліся ў рамках праекту па самакіраваньні на грошы, якія сабралі беларусы замежжа на плятформе «Новая Беларусь». Бібліятэка ў Беларускім доме цяпер будзе называцца «Чытальня». Назву агучылі на прэзэнтацыі і спаслаліся на рашэньне чытачоў, якія абмяркоўвалі гэта ў чаце і ўдзельнічалі ў электронным галасаваньні. Мэнэджарка бібліятэкі Тацяна Ігнацьева з памяці пералічвае назвы, якія не прайшлі, але разам добра адлюстроўваюць надзеі чытачоў на абноўленую ўстанову.

«Яшчэ былі варыянты „Літарка“, „Пачытайма“, „Родныя старонкі“, „Кнігатутака“... 176 чалавек бралі ўдзел у галасаваньні, і найбольш галасоў, 31%, сабрала „Літарка“. Але ўжо ёсьць дамэн ад гэтага слова, а трэба было назву бібліятэкі паўтарыць у дамэне, каб было лягчэй разьвівацца. Таму аддалі перавагу назьве „Чытальня“, якая выйшла на другое месца, сабраўшы 27%», — расказала Тацяна Ігнацьева.

Мэнэджарка бібліятэкі Тацяна Ігнацьева
Мэнэджарка бібліятэкі Тацяна Ігнацьева.

«На люты заплянаваная сустрэча з паэткай Настай Кудасавай»

Актывістка Цэнтру, кіраўніца музэю Івана Луцкевіча Людвіка Кардзіс згадвае, што ўпершыню публічная беларуская бібліятэка ўзьнікла ў Вільні яшчэ ў 1904 годзе, і звалася яна «Бібліятэка-чытальня „Веды“». Актыўным чытачом і на нейкі час супрацоўнікам той бібліятэкі стаў будучы клясык беларускай літаратуры Янка Купала, кнігі якога цяпер займаюць у «Чытальні» вялікую паліцу.

Актывістка Цэнтру, кіраўніца музэю Івана Луцкевіча Людвіка Кардзіс
Актывістка Цэнтру, кіраўніца музэю Івана Луцкевіча Людвіка Кардзіс.

«Тая бібліятэка была нашай спадчынай, якую беларуская супольнасьць у незалежнай сучаснай Літве аднавіла і старанна захоўвае ды папаўняе. У нашым кніжным фондзе ўжо каля 3 тысяч кніг, 99% зь іх — беларускія, прычым фонд увесь час павялічваецца. Нават не пасьпявалі ўсё ўносіць у каталёг, і спадзяёмся, што цяпер праз сайт справа зрушыцца», — кажа Людвіка Кардзіс.

Паводле Людвікі Кардзіс, аснову кніжнага фонду бібліятэкі склалі кнігазборы, падараваныя беларусамі-віленчукамі Янкам Тулейкам, Аляксеем Анішчыкам, Алегам Мінкіным, сем’ямі Вітушкаў і Дубаўцоў. Гэта працяг традыцыі, якую заклаў грамадзкі дзяяч Барыс Даніловіч, заснавальнік «Бібліятэкі-чытальні „Веды“». Таксама паступаюць беларускія кнігі з Польшчы, ЗША, Вялікай Брытаніі ды іншых краінаў. Папаўненьне адбываецца і за кошт кніг, якія дораць беларусы, што выехалі з роднай краіны ў апошнія гады. Гэтыя ж беларусы цяпер — асноўныя чытачы бібліятэкі, якая прыцягвае іх ня толькі як адукацыйны цэнтар, але і як месца, дзе можна падзяліцца пачуцьцямі і ўспамінамі аб часова страчанай Радзіме.

«На плошчах Цэнтру ня толькі бібліятэка, тут і адукацыйныя мерапрыемствы, хор, шмат гурткоў. Таксама праходзяць прэзэнтацыі, сустрэчы, дыскусіі. А вакол на паліцах кнігі, прычым ня толькі мастацкая літаратура, але і падручнікі, выданьні па гісторыі, альбомы жывапісу. Да нас прыходзяць людзі з рознымі густамі, інтарэсамі, але лёгка знаходзяць тут яшчэ аднаго суразмоўцу — кнігу. Чытачоў у нас шмат, а будзе яшчэ больш», — упэўненая Людвіка Кардзіс.

Мэнэджарка бібліятэкі Тацяна Ігнацьева расказала пра пляны стварыць чытацкі клюб.

«У чытацкім клюбе мы вызначаем пэўны твор ці творы сучасных аўтараў, знаёмімся зь імі, абмяркоўваем іх і агулам творчасьць аўтара ў чаце, а раз на месяц ладзім жывую сустрэчу з самім аўтарам альбо літаратурным экспэртам. На люты падчас Стральцоўскага фэсту плянуецца сустрэча з паэткай Настай Кудасавай», — падзялілася бліжэйшымі плянамі мэнэджарка бібліятэкі «Чытальня» Тацяна Ігнацьева.

Тацьцяна Ігнацьева і Ірына Мышкавец, беларуска Вільні, якая падтрымала праект «Новай Беларусі»
Тацяна Ігнацьева і Ірына Мышкавец, беларуска Вільні, якая падтрымала праект «Новай Беларусі».

Дабрачыннасьць праз адлічэньні з падаткаў

На рэалізацыю праекту аднаўленьня і пашырэньня бібліятэкі ў Цэнтры беларускай супольнасьці і культуры ад плятформы «Новая Беларусь» паступіла 13 тысяч эўра. Але гэтыя грошы — не дапамога Эўразьвязу ці ўрадаў эўрапейскіх краінаў. Сродкі сабралі беларускія эмігранты праз падатковыя сыстэмы, прадугледжаныя ў Польшчы і Літве.

Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні
Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні.

«Паводле закону Літвы асоба, якая плаціць падаткі ў гэтай краіне, можа 1,2% ад іх пералічыць у адрас арганізацый ці партый, якія хоча падтрымаць. У Польшчы на гэта можна вылучыць яшчэ больш — 1,5% ад падатку. Вось праз такія ўнёскі і яшчэ праз данаты і былі сабраныя тыя 13 тысяч эўра, якія цяпер дапамагаюць сыстэматызаваць, абнавіць і пашырыць нашу „Чытальню“. Мы бачым, што па эўрапейскім заканадаўстве гэта магчыма, і гэта сапраўды працуе», — падкрэсьлівае Тацяна Ігнацьева.

Аўтарка ідэі абноўленай бібліятэкі «Чытальня» Ірына Мышкавец таксама ўдзельнічала ў зборы сродкаў, адправіўшы на разьвіцьцё праекту частку сваіх падаткаў. На прэзэнтацыі Ірына казала пра пляны, скіраваныя на разьвіцьцё сувязяў «Чытальні» зь іншымі падобнымі ўстановамі.

Ірына Мышкавец, беларуска Вільні, якая падтрымала праект «Новай Беларусі»
Ірына Мышкавец.

Сярод магчымых ідэй далейшага разьвіцьця праекту, якія Ірына Мышкавец прапануе рэалізаваць ягоным удзельнікам, — стварэньне сеткі бібліятэк і онлайн-плятформы з магчымасьцю ўбачыць месцы, дзе можна ўзяць кнігу, і з магчымасьцю замовіць дастаўку кніг, усталяваньне «кнігаматаў», стварэньне беларускіх палічкак у літоўскіх бібліятэках.

Ірына Мышкавец і Тацяна Ігнацьева падзякавалі камандзе «Новай Беларусі», Цэнтру беларускай супольнасьці і культуры, валянтэрам Паўлу Ліберу зь ягонай камандай, студэнтам ЭГУ за дапамогу.

Заснавальнік праекту «Новая Беларусь» Павел Лібэр
Заснавальнік праекту «Новая Беларусь» Павел Лібэр.
Кіраўніца суполкі «Коўна беларускае» Ніка Выгоўская.
Кіраўніца суполкі «Коўна беларускае» Ніка Выгоўская.

Сайт «Чытальні» запрацуе з 24 студзеня. Навіны пра запуск і адрас сайту зьявяцца ў сацыяльных сетках бібліятэкі, паведаміла мэнэджарка ўстановы Тацяна Ігнацьева.

Ірына Мышкавец, Аліна Коўшык і Павел Лібер
Ірына Мышкавец, Аліна Коўшык і Павел Лібер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG