Асноўныя тэзы яе выступу падае інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры была вымушаная пакінуць Беларусь больш за два гады таму.
Туга па доме, які «ў руках самай прымітыўнай дыктатуры»
Алексіевіч сказала, што сумуе па Менску і «вельмі пакутуе» праз тое, што зьехала, а «многія з нашых засталіся». Паводле яе, людзі ўнутры краіны «перажываюць там складаныя часы», а яна адчувае сябе вінаватай за тое, што не вярнулася назад. Разам з тым пісьменьніца ня лічыць, што «правільны адказ» — «зьехаць назад і сесьці на Акрэсьціна ў турму». «Але гэта ўсё адно мучыць, што ты тут», — дадала яна.
Беларусам, тым, хто зьехаў і хто застаўся, перакананая пісьменьніца, трэба спыніць спрэчкі і ўзаемныя абвінавачваньні: «У кожнага свой лёс, кожны любіць Беларусь, трэба неяк захаваць тое, што можна».
Алексіевіч падкрэсьліла, што Беларусь — яе радзіма. Яна вельмі любіць беларусаў — «народ, які быў увесь час прыгнечаны; вельмі чысты, вельмі наіўны, што дзіця».
«Я пра гэта ўзгадвала, калі была наша рэвалюцыя, — адзначыла літаратарка. — Жанчыны — усе з кветкамі, у белых сукенках. Усе думалі, што свабода — гэта сьвята, так усе ішлі. А потым нас усіх разагналі, многія зьехалі. Каля 50 тысяч прайшло праз турмы, паўтары тысячы палітвязьняў. І нейкая бездапаможнасьць. Тыя, хто жыў у СССР, могуць сказаць, што яны гэта адчувалі за савецкім часам: ты разумееш, усё ведаеш, але ўсе скутыя нейкім адзіным ланцугом, ніхто ня можа нічога зрабіць».
У Менску Алексіевіч жыла побач са Сьвіслаччу, у кватэры, якую набыла на частку грошай ад Нобэлеўскай прэміі.
«Я пра гэта заўсёды марыла, бо маё дзяцінства прайшло над ракой, — сказала яна. — І я мару калі-небудзь зноў зрабіць тое, што я рабіла раніцай, — выйсьці з дому і прайсьціся ўздоўж ракі. Не глядзець на гэтых сілавікоў у жаху, а бачыць сваіх людзей, якія ідуць спакойна, усьміхаюцца. Не такіх, якіх паказвае беларускае тэлебачаньне. Хаця большасьць людзей жыве, як і жыла. Нейкія новыя гаспадары жыцьця ў рэстаранах, такое жыцьцё... Я сумую па доме».
Сёньня, лічыць Алексіевіч, ні ў кога не выклікае пытаньняў тэза «Беларусь — гэта не Расея». «Паглядзіце: моладзь носіць вышыванкі (хоць за гэта могуць пасадзіць), вучыць беларускую мову. Беларусь — гэта асобная дзяржава, пры тым, што мы малая краіна, мы ўвесь час пад гэтай глыбай велізарнай расейскай. І вельмі цяжка з-пад яе выдрацца», — адзначыла яна.
Адчуваючы сябе беларускай, Алексіевіч адначасова ўспрымае сябе «чалавекам сьвету», «касмапалітам у нейкім высокім сэнсе». «Калі я была ў Чарнобылі, дзе нельга было сесьці на траву, дзе квітнеюць сады, дзе ўсё гэта — сьмерць, але ў нейкім зусім незнаёмым абліччы, я не адчувала сябе беларускай, ці францужанкай, ці ўкраінкай, я была прадстаўніком біялягічнага віду, які можа зьнікнуць», — узгадала яна.
У чаканьні барбараў
Цяпер Алексіевіч працуе над новай кнігай — пра цяперашні час. Чарнавую назву «У чаканьні барбараў» яна запазычыла з аднайменнага верша Канстантынаса Кавафіса, грэцкага паэта пачатку XX стагодзьдзя.
«Мы ўсе цяпер неяк бездапаможна застылі і ўвесь час апавядаем сабе пра страшнае наша жыцьцё, прыводзім прыклады і чакаем барбараў», — сказала пісьменьніца.
Больш за ўсё, паводле яе слоў, у кнізе будзе «пра рэвалюцыю» 2020 году ў Беларусі, «пра нашу спробу».
«Нягледзячы на тое, што ўвесь час казалі: „Пакуль мы не пачнём паліць шыны, мы не даможамся волі“, я была супраць крыві, — падкрэсьліла Алексіевіч. — Мой дом у цэнтры горада. Штораніцы я бачыла, якая колькасьць вайсковай тэхнікі ішла ў горад. І я ўяўляла, што калі выйдуць студэнты (а першымі, вядома, выйдуць маладыя людзі), то яны будуць усе зьнішчаныя».
Цяпер беларусаў і яе асабіста дакараюць тым, што пратэст быў мірны, калі «трэба было паліць шыны і кідаць кактэйлі Молатава».
«Наш народ у той момант ня быў гатовы да кактэйляў Молатава. Мы ішлі на маршы пратэсту як на сьвята, бралі дзяцей, нават хатніх гадаванцаў. Гэта было так прыгожа, так здорава», — сказала Алексіевіч.
«Мне здавалася, што мы прапануем іншы варыянт перамены жыцьця і ўлады — не канечне праз кроў, што можна інакш. Але не, нас вельмі хутка сьцягнулі на зямлю — і зноў кроў».
Знаходзіць герояў для новай кнігі пісьменьніцы няцяжка, бо «каля мільёна беларусаў за мяжой»: «Калі я не магу паехаць у Беларусь, то зь яе прыяжджаюць людзі, і я магу зь імі сустрэцца».
«Праблема ў ідэі. Сабраць кучу кашмараў нашых, калекцыю гэтых жахаў — гэта ня тое. Сёньня трэба на шмат пытаньняў нанава адказаць, таму я так доўга пішу гэтую сваю кнігу», — падкрэсьліла яна.
«Ёсьць роспач. Суцешыцца няма чым — зло досыць драпежная рэч. Ты ў гэта апускаесься і пачынаеш вывучаць. Галоўнае — не зрабіць гэта так цікава, каб людзей гэтае зло не адштурхоўвала, а, наадварот, паказваць, якое яно бяздоннае. Дабро прасьцейшае, пра яго цяжэй пісаць», — сказала Алексіевіч.
Як не растаць у імпэрыі
Паводле слоў пісьменьніцы, многіх беларусаў засмучае, чаму яна піша кнігі на расейскай мове. «Савецкая ідэя гаварыла на расейскай мове, а я пісала на расейскай», — патлумачыла яна.
«І тады, куды ні прыеду — у Кіеў, Ташкент, усе размаўлялі на расейскай мове, і гэта была праўда часу, праўда ідэі, — працягнула Алексіевіч. — Я б нават не змагла пісаць на беларускай, бо людзі не размаўлялі на добрай беларускай мове, якую цяпер я часта чую ад маладых».
На пытаньне, як беларусам у краіне і па-за яе межамі захаваць Беларусь ва ўмовах татальнай русыфікацыі, «ня даць растаць у імпэрыі», Алексіевіч параіла кожнаму «рабіць, што можна, сваю маленькую справу».
Трэба рабіць сваю справу ў меру сваіх сіл. Не ісьці разам са злом ды не губляць веру.
«Урэшце, ёсьць дзеці, трэба іх гадаваць і нейкія словы знаходзіць для іх. Ёсьць праца. Ёсьць сваё адзінае жыцьцё, яго пражыць — таксама шмат значыць. Іншага выйсьця няма. Нам зараз вельмі складана, таму што ёсьць Украіна, Ізраіль — сьвет гарыць з усіх бакоў», — дадала яна.
«Усе мы — саўдзельнікі, але сказаць, што кожны вінаваты, я не магу»
Сёньня Беларусь і Расея, паводле слоў Алексіевіч, «зноў апынуліся ў гета». «Мы ўсё ж былі адкрытыя сьвету, шмат маладых людзей езьдзіла, вучылася за мяжой, у гэтым была надзея, а цяпер яна адкінутая на пару дзясяткаў гадоў назад», — канстатавала яна.
Разважаючы пра разьвязаную РФ вайну супраць Украіны і саўдзел Беларусі ў гэтай агрэсіі, пісьменьніца выказала сябе прыхільніцай прынцыпу індывідуальнай адказнасьці за тое, што адбываецца.
«Можна сказаць, што мы ўсе — і я ў тым ліку — вінаватыя ў тым, што нашыя шпіталі забітыя расейскімі параненымі, што ў нас поўна вайсковай тэхнікі, на нашых аэрадромах расейскія самалёты, — сказала яна. — Ці калі ў першыя часы ехалі, марадэрылі расейскія войскі, танкі і бронетранспартэры былі падобныя да маленькіх крамаў. Яны цягнулі лядоўні, пральныя машыны — усё, што толькі маглі. І, які жах, яны прадавалі потым гэта на нашых кірмашах у Беларусі — і беларусы куплялі. Ім было дазволена адпраўляць усё гэта ў пасылках, яны на беларускіх поштах гэта грузілі і адпраўлялі ў Расею».
«У гэты страшны час нельга, вядома, не прызнаць, што ўсе мы — саўдзельнікі, але вось так жорстка сказаць, што кожны вінаваты, я не магу. Я ўсё ж за асабістую адказнасьць», — падкрэсьліла пісьменьніца.
Алексіевіч мяркуе, што Беларусь і Расея «самі не дадуць рады з тым, каб асудзіць сваіх злачынцаў». «У Нямеччыне пасьля Другой сусьветнай вайны амэрыканцы дапамаглі, сьвет дапамог судзіць гэтых злачынцаў. Я думаю, што сама Нямеччына доўга ня здолела б гэта зрабіць, — адзначыла яна. — Калі пакінуць гэта толькі расейцам і беларусам, калі нам ніхто не дапаможа, то я баюся, што гэта будзе грамадзянская вайна. Гэтае выпрабаваньне нас яшчэ чакае».
Украіна, падкрэсьліла літаратарка, цяпер у складаным становішчы. «Украінцы абараняюць там сваю радзіму, а што там абараняюць расейцы, я ня ведаю», — адзначыла яна.
Страшнае «сёньня»
Пісьменьніца зьвярнула ўвагу на працэсы трансфармацыі РФ у «камуністычную Расею», «Расею Сталіна».
«Я прыяжджала ў Маскву і сустракалася са сваімі сябрамі, — прыгадала Алексіевіч. — Яны казалі мне: «Сьвятлана, гэта ў вас гэты валёнак калгасны, а ў нас гэта ўжо немагчыма, незваротна. Што мае сябры думалі, калі за пару дзён зьнікла „Эхо Москвы“?»
Паводле слоў нобэлеўскай ляўрэаткі, «сёньняшні час страшнейшы за савецкі, бо сёньня чалавек страшнейшы, чым тады, калі былі нейкія чыньнікі, якія стрымлівалі».
Як выявілася, рабіцца вольным — доўгі працэс.
«Чалавек сядзеў у лягеры, пасьля выйшаў за яго браму — і стаў вольным. Не, ён нічога ня ведае, як жыць па-новаму, вось і працягвае жыць у лягеры — паводле яго законаў», — адзначыла Алексіевіч.
Да моманту развалу савецкай сыстэмы, лічыць Алексіевіч, ніхто, у тым ліку эканамічныя і палітычныя эліты, ня быў гатовы да «новага часу». Ніхто ня ведаў, што можна прапанаваць людзям замест камунізму, пра які «былі вельмі спрошчаныя ўяўленьні».
«Мы аказаліся зусім голымі перад новай рэчаіснасьцю. І яна нам адпомсьціла», — дадала Сьвятлана Алексіевіч.