— У Беларусі пачаўся першы судовы працэс над нябожчыкам. Цікава, якім можа быць рашэньне суду і пакараньне?
— У нармальнай чалавечай лёгіцы такі суд мусіць быць не над асобай, а над злачыннай зьявай, прадстаўленай пэўнымі асобамі. Гэткім калісьці будзе суд над камунізмам і лукашызмам. З наступным асуджэньнем гэтай зьявы, каб яна не магла паўтарыцца.
Калі ж вось гэты сёньняшні суд над канкрэтным мерцьвяком будзе пасьлядоўным у сваім абсурдзе, ён мусіць патрабаваць эксгумацыі, выдачы цела, прысуду і выкананьня адносна цела пажыцьцёвага зьняволеньня ці сьмяротнага пакараньня.
— Чаму праз амаль сто гадоў у Беларусі стала магчымым паўтарэньне сталінскага тэрору?
— Тэрор учыняюць людзі. Пачытайце біяграфіі тых, хто быў пры ўладзе ў Беларусі ў 1930-я, зьвярніце ўвагу на іх здымкі, выразы твару. Вы пабачыце тыя самыя тыпы «элітаў», якія бачыце сёньня ў тэлевізары. У біяграмах кідаюцца ў вочы паходжаньне зь неўладкаваных сем’яў, нялюбленасьць у дзяцінстве, нявыхаванасьць, блытаная адукацыя, комплексы непаўнавартасьці і жаданьне адпомсьціць за гэта ўсё тым, хто такіх комплексаў ня мае. Моцнае грамадзтва звычайна адфільтроўвае такіх асобаў на шляху да ўлады.
— Для чаго рэжыму агенты ў асяродках эмігрантаў зь Беларусі?
— Агенты фатаграфуюць людзей на масавых акцыях за мяжой, каб унесьці іх у адпаведную «базу» і пасьля рабіць чалавеку подласьці на мяжы ці ўнутры Беларусі.
Шырэйшая задача — праз правакацыі стварыць у насельнікаў іншай краіны нэгатыўны вобраз усіх беларусаў, якія пераехалі туды жыць. Для таго, каб палітычныя рэпрэсіі працягваліся, але ўжо рукамі адпаведных службаў краінаў замежжа. Ня маючы досьведу прававой дзяржавы, рэжым мяркуе, што ў суседніх дэмакратыях таксама можа быць «иногда не до законов».
— Ці мог у 2020-м у Беларусі быць іншы сцэнар падзеяў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў?
— Лукашэнка мог (паталягічна ня мог) правесьці выбары паводле закону і мірна перадаць уладу Бабарыку. Тады быў бы іншы сцэнар.
Пасьля выбараў іншага сцэнару быць ужо не магло. Бо з такім разагрэтым грамадзтвам не адбыўся б марш расейцаў зь беларускай тэрыторыі на Кіеў «за тры дні». Пратэставая і партызанская актыўнасьць разгарнулася б ува ўсю моц. Таму Масква пачала і працягвае татальную «зачыстку» беларускага грамадзтва, у якой удзел Лукашэнкі — адзіны для яго сцэнар захаваньня крэсла.
— Чаму кажуць, што палітвязьняў у Беларусі няма, а пры тым пад амністыю такія не падпадуць?
— Палітычных «няма», бо ў прынцыпе не павінна быць як рэальных людзей у той рэальнасьці, якую малюе сабе рэжым Лукашэнкі. Як амніставаць таго, каго няма? Іншадумцы ўмоўна ня лічацца сярод жывых людзей, а таму сярод сацыяльна блізкіх (забойцаў, хуліганаў, зладзеяў) не разглядаюцца. Яны і пакараныя не за дзеяньне, слова ці думку, а праз само адчуваньне, што яны не такія, як «мы»: занадта разумныя, занадта беларускія, занадта выхаваныя. Між іншым, гэтае «занадта» (звыш, extra) і складае праўдзівы зьмест тэрміну «экстрэмізм».
— Што будзе зь дзяржаўнай сымболікай Беларусі ў будучыні?
— Найбольш трывалыя і даўгавечныя сымбалі тыя, за якімі стаяць чалавечыя ўчынкі, старадаўнія легенды, якія апетыя ў шэдэўрах нацыянальнай паэзіі, як, да прыкладу, у гімнах «Пагоня» Максіма Багдановіча і «Магутны Божа» Натальлі Арсеньневай. Яны прызнаныя народам, у чым нас пераканаў 2020 год, альтэрнатывы ім няма.
Нічым зь пералічаных прыкметаў не падмацаваныя савецкія сымбалі Лукашэнкі. Наадварот, у 2020 годзе, калі імі «ўпрыгожылі» турмы і аўтазакі, яны канчаткова страцілі будзь якую пэрспэктыву.
— Мой вельмі прадуманы і рацыянальны сябра кажа: сёньня якое рашэньне ні прыму, усе аказваюцца няправільнымі. Зьехаць зь Беларусі ці застацца, а трое дзяцей, адно хворае, жонка супраць... І хто тады застанецца? Што б вы яму параілі?
— Прадуманы чалавек у такой сытуацыі моцна дакарае сябе, хоць нічога зрабіць ня можа. Бо правільных рашэньняў для вашага сябра не існуе. Такі гістарычны пэрыяд. Ён не бывае доўгім і абавязкова скончыцца. І трэба перачакаць, «залегчы на дно», ня даць згрызотам сябе зьесьці.
Задача нумар адзін — захаваць сябе і сваіх блізкіх для лепшых часін, калі зноў зьявіцца магчымасьць правільнага рашэньня.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669