Вырак у Горадні за данаты і абразу Лукашэнкі
У Горадзенскім абласным судзе 4 студзеня вынесьлі прысуд 37-гадоваму праграмісту Аляксандру Яшкіну, абвінавачанаму паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: чч. 1 і 2 арт. 367 («Паклёп на прэзыдэнта»); арт. 361-2 («Фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня», рэдакцыя страціла сілу 26.05.2021); ч. 1 арт. 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або звады»); чч. 1 і 2 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта»); ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Справу разглядаў судзьдзя Валеры Раманоўскі.
Яшкіна затрымалі ў траўні 2023 году і да суду зьмясьцілі пад варту, паведамляе @Grodno_grab.
Паводле матэрыялаў справы, мужчына пакідаў камэнтары, якія зьмяшчаюць паклёп і абразы ў адрас Лукашэнкі, заклікаў да захопу дзяржаўнай улады і гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу ў краіне.
Акрамя таго, у жніўні 2020 году мужчына двойчы рабіў данаты ў падтрымку арыштаваных.
У выніку Аляксандру Яшкіну прысудзілі 4 гады калёніі агульнага рэжыму.
Вядома, што 20 сьнежня Яшкін быў уключаны ў сьпіс асоб, якія маюць дачыненьне да «тэрарыстычнай» дзейнасьці.
Сілавікі затрымалі жыхара Берасьця за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе
Сілавікі затрымалі жыхара Берасьця за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, відэа з мужчынам апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.
Паводле сацыяльных сетак, затрыманага завуць Аляксандр Тысевіч. Яму 45 гадоў, паведамляе «Медиазона».
На камэру мужчына патлумачыў сваё затрыманьне тым, што ў 2020 годзе пасьля выбараў удзельнічаў у мітынгу і выходзіў на праезную частку. Паводле якога артыкулу затрымалі Тысевіча і дзе ён цяпер знаходзіцца, невядома.
У Горадні сілавікі затрымалі аднаго зь лідэраў фанацкай групы Grodno Ultras
Група Grodno Ultras выступае ў падтрымку футбольнага клюбу «Нёман». Яе лідэра затрымалі за ўдзел у мітынгах, відэа зь ім апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.
На камэру мужчына кажа, што праносіў на футбольныя матчы забароненую сымболіку і неаднаразова ўдзельнічаў у мітынгах. Таксама ён кажа, што адправіў у чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі» зьвесткі супрацоўніка міліцыі. Затрыманы працаваў у сфэры адукацыі, піша «Медиазона».
Кухара зь Менску асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту
У судзе Маскоўскага раёну Менска асудзілі Мікіту Новіка паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэксу, піша «Вясна». Судзьдзя Лідзія Целіца прызначыла яму 2 гады і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»).
Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Менску ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку.