Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 9 студзеня: 2 гады «хатняй хіміі» за фота са сьцягам; за «экстрэмізм» арыштавалі грамадзяніна Расеі

абноўлена

Беларускі нацыянальны сьцяг на вакне, архіўнае фота
Беларускі нацыянальны сьцяг на вакне, архіўнае фота

Сілавікі ў Беларусі працягваюць правяраць старыя фатаздымкі грамадзян, за якія іх можна асудзіць.

Прадпрымальніка зь Менску асудзілі за ўдзел у пратэстах 2020 году

Суд Ленінскага раёну Менску 14 сьнежня асудзіў індывідуальнага прадпрымальніка Канстанціна Васіленку, абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў жніўні 2020 году, паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Пра гэта піша «Вясна».

Судовы працэс вяла судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч.

Да суду Канстанцін быў на волі пад грашовым закладам.

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Васіленка ў жніўні 2020 году, знаходзячыся на праспэкце Пераможцаў, заўважыў натоўп грамадзян, у тым ліку з рознай «атрыбутыкай пратэставага характару». Сумесна зь імі, а таксама разам са знаёмым, ён прайшоў да праспэкту Незалежнасьці, пры гэтым рух ажыцьцяўляў ходнікам. У адным месцы выйшаў на праезную частку дарогі, каб зрабіць фота са «сьцягам бел-чырвона-белага колеру». Менавіта гэтае фота паслужыла падставай для затрыманьня і абвінавачаньня.

У ходзе судовага працэсу з абвінавачаньня былі выключаныя эпізоды аб публічным выкрыкваньні лёзунгаў Канстанцінам. Таксама суд выключыў маёмасныя прэтэнзіі прадпрыемства «Мінсктранс», паколькі дзеяньні Васіленкі не перашкаджалі працы грамадзкага транспарту.

Урэшце суд прызначыў Канстанціну Васіленку пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады («хатняя хімія»).

Затрымалі менчука за ўдзел у маршах 2020 году і камэнтары ў Telegram

Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа аб затрыманьні супрацоўніка кампаніі па вытворчасьці шчытоў «Электратэма».

Паводле інфармацыі «Медиазоны», гаворка ідзе пра Аляксандра Майсеенку. На камэру ён кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у маршах.

Затрыманаму Аляксандру Майсеенку 42 гады. Мужчына скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Фінансы і аўдыт», піша «Наша ніва».

Аляксандар жанаты і мае траіх дзяцей — дачку і двух сыноў.

Пастара з Чэрыкава арыштавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Як паведамляе @BSDP_Hramada, Чэрыкаўскі раённы суд днямі разглядзеў справу сябра БСДП і пастара пратэстанцкай царквы Рамана Раждзественскага. Яго асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) на 14 дзён адміністрацыйнага арышту.

У 2022 годзе мужчыну ўжо штрафавалі за рэпост з «экстрэмісцкага» канала і «падабайку» ў Facebook пад пастом 2020 году.

У Віцебску за «экстрэмізм» арыштавалі грамадзяніна Расеі

Судзьдзя суду Першамайскага раёну Віцебску Міхаіл Юрчанка 28 сьнежня за «экстрэмізм» у сацыяльнай сетцы пакараў арыштам на 7 дзён грамадзяніна Расеі, работніка рэклямнай вытворчасьці Дзьмітрыя Чаркоўскага, паведамляе «Віцебская Вясна».

У судовым паседжаньні быў агучаны пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, у якім было запісана, што Аляксандар са жніўня 2020 году ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» быў падпісаны на інфармацыйныя рэсурсы «Рух «За свабоду» і «Хартыя’97», якія ў Беларусі ўключылі ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Публікацыі зьмяшчалі фатаздымкі бел-чырвона-белага сьцяга, у тым ліку грамадзян, якія ўдзельнічаюць у пратэстах з выкарыстаньнем гэтага сьцяга.

У судзе мужчына не прызнаў сваёй віны. Ён сказаў, што ў жніўні 2020 году ў выбарах прэзыдэнта Беларусі ня ўдзельнічаў і ня ведаў, што інфармацыя з «экстрэмісцкіх» суполак «накіраваная супраць Беларусі».

Тым ня менш судзьдзя Юрчанка палічыў, што ў дзеяньнях Чаркоўскага ёсьць склад правапарушэньня і на падставе ч.2 арт.19.11 КаАП прысудзіў яму 7 дзён адміністрацыйнага арышту.

У Горадні людзей затрымліваюць за падпіску на Instagram журналіста Руслана Кулевіча

Пра гэта сам журналіст, які цяпер жыве і працуе ў Польшчы,напісаў у сваім Facebook.

«У Горадні працягваюць затрымліваць людзей за падпіску на мой асабісты інстаграм. Учора даведаўся пра чарговага чалавека, якога затрымалі на навагоднія сьвяты. Трымалі ў ізалятары», — распавёў Руслан Кулевіч.

Журналіст Руслан Кулевіч вымушаны быў выехаць зь Беларусі. Ён галоўны рэдактар @mostmedia.io, аўтар відэапраекту «Мы вернемся» і «Беларусы могуць». Сацсеткі Руслана Кулевіча ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі».

Адразу чатырох людзей асудзілі на «хатнюю хімію» за пратэсты

Праваабаронцам стала вядома, што 21 сьнежня 2023 году вынесьлі прысуд Сяргею Альшуку, Людміле Калядзе, Аляксею Асіпчуку і Алене Ліпік. Кожнага зь іх асудзілі на 2,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў ПУАТ — так званай «хатняй хіміі». Усе, акрамя Алены, да суду знаходзіліся пад вартай: іх вызвалілі пасьля прысуду. Алена Ліпік знаходзілася пад закладам у памеры 3700 рублёў.

Таксама вядома, што першапачаткова Людмілу Каляду затрымалі 12 верасьня 2023 году ў адміністрацыйнай справе, а ўжо пасьля абвінавацілі паводле крымінальнага артыкулу.

Судзьдзя Ала Скуратовіч прызнала іх вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзіла за ўдзел у маршы ў 2020 годзе.

У Беларусі заблякавалі сайт расьсьледніцкага мэдыя «Бюро»

Пра гэта расказалі журналісты мэдыя ў сацыяльных сетках. Паводле іх, сайт заблякавалі праз 30 хвілінаў пасьля выхаду іх расьсьледаваньня пра Беларускі Чырвоны Крыж. З чым менавіта зьвязана абмежаваньне доступу, невядома. Праз VPN сайт па-ранейшаму даступны.

«Бюро» ў пачатку сьнежня 2023 году запусьцілі былыя журналісты «Беларускага расьсьледніцкага цэнтру». Паводле журналістаў выданьня, яны дакумэнтуюць «факты хабарніцтва, махлярства, ухіленьня ад падаткаў, адмываньня грошай, кумаўства, абыходу санкцый, парушэньняў правоў чалавека і іншых злачынстваў у розных галінах».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG