У адпаведнасьці з пастановай Саўміну, з 1 студзеня 2024 году без узгадненьня зь дзяржаўнымі органамі дазволена павышаць цэны ня больш як на 0,3% штомесяц на тавары, цэны на якія кантралюе (124 харчовых і 207 нехарчовых тавараў).
Не больш як на 3,5% да аналягічнага месяца папярэдняга году змогуць павысіць цэны на 8 сэзонных тавараў: бульбу, буракі і моркву (за выключэньнем мытых), капусту, цыбулю, памідоры, агуркі і яблыкі.
Акрамя гэтага, дакумэнт прадугледжвае наступныя зьмены:
- Гранічныя максымальныя надбаўкі для імпартэраў на тавары некрытычнага імпарту, якія вырабляюць у Беларусі ў дастатковай колькасьці, зьнізяць да 15%.
- Гранічны памер аптовай зьніжкі вытворцы — ня больш за 15%.
- Узамен дазвольнага ўводзіцца паведамляльны прынцып устанаўленьня цаны на новыя тавары (прадукцыю, якую вырабілі ўпершыню і якая ня мае аналягаў у Беларусі, або прадукцыю, якая атрымала новае найменьне ў сувязі са значнай мадыфікацыяй і г.д.)
- Абмежавалі стымулюючыя выплаты вытворцаў у адрас гандлёвых арганізацый.
- Гандлёвыя арганізацыі атрымаюць магчымасьць наўпрост надаваць паслугі рэклямы пастаўшчыкам тавараў.
Пастанову прынялі па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі 21 сьнежня. Тады ён запатрабаваў устанавіць «дакладную і зразумелую» сыстэму рэгуляваньня цэнаў, каб вытворцам і бізнэсоўцам не даводзілася «бегаць у МАРГ або ўрад і ўзгадняць цэны».
За 11 месяцаў 2023 году цэны ў Беларусі вырасьлі на 4,93%. Па выніках 2023 году ўрад чакае павелічэньня цэн на 5,4 — 5,6% пры прагнозе 7-8%.
Забарону на павышэньне цэнаў ў Беларусі ўвялі ў кастрычніку 2022 году. Пазьней улады ўвялі рэгуляваньне цэнаў практычна на ўсе спажывецкія тавары — на 300 таварных пазіцый. Лукашэнка заявіў, што лічыць гэтае рашэнне правільным, і заклікаў працягваць «шліфаваць тлушч» у вытворцаў і гандлю.