Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сёлета зьніжэньню інфляцыі ў Беларусі садзейнічалі ўхваленыя «меры ў рэгуляваньні цэнаў».
«У нас інфляцыя складаецца, напэўна, 5-6%. Дамаўляліся, што ў 6% укладзёмся, але ня больш за 7%. Але было ж 19% і ўсе казалі, нельга. Пісалі, што людзі сыдуць, гандляваць ня будзе каму. А калі нехта ня хоча па-людзку жыць у Беларусі — дарога адкрытая і туды, і назад», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Аляксандра Лукашэнка з нарады ў пытаньнях удасканаленьня сыстэмы рэгуляваньня цэнаў і кантролі за імі.
Ён патрабаваў ад ураду ўвесьці з 1 студзеня 2024 году дакладную сыстэму рэгуляваньня цэн, каб «ніякія вытворцы, бізнэсоўцы, гандаль і іншыя, хто займаецца паслугамі», ня бегалі ў міністэрствы і ўрад. «Яны не павінны туды бегаць узгадняць цэны. З 1 студзеня павінна быць дакладная, зразумелая сыстэма», — падкрэсьліў ён.
У сярэдзіне сьнежня Нацыянальны банк Беларусі паведаміў, што рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы ў лістападзе 2023 году вырасьлі на 8,5% за год. Гэта на 3,1% больш за агульную інфляцыю ў Беларусі.
У цэлым інфляцыя ў лістападзе 2023 году паскорылася да 5,4% гадавых супраць 3,7% у кастрычніку. Пры гэтым рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы вырасьлі на 8,5%, у той час як месяц таму гэты паказьнік складаў 7,7%. Агулам яны растуць зь ліпеня, таксама апярэджваючы спажывецкія цэны.
З кастрычніка 2022 году ў Беларусі працуе рэгуляваньне цэнаў: крамы могуць іх падвышаць толькі з дазволу чыноўнікаў. За неабгрунтаванае павышэньне цэн летась адміністрацыйныя спагнаньні зазналі сотні чалавек. Аднак цэны працягвалі расьці.
У нядаўнім інтэрвію Свабодзе старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук прадказваў інфляцыйны ўсплёск:
«Заробкі даволі далёка адарваліся ад эфэктыўнасьці эканомікі, росту (адносна невялікага) ВУП. Але прычына ня толькі ў штучным стымуляваньні з боку рэжыму, але і ў вялікай міграцыі зь Беларусі. Сёньня на рынку працы вельмі абвастрыўся недахоп працоўнай сілы. Рана ці позна гэты падвышаны ўзровень заробкаў абернецца інфляцыйным усплёскам. І на сёньня гэта самая галоўная пагроза для беларускай эканомікі».
Паводле ацэнак Эўразійскага банку разьвіцьця, тэмпы росту беларускай эканомікі налета паменшацца з 4% да 2% за год. У 2023 годзе прырост беларускай эканомікі будзе каля 4% (за 11 месяцаў — 3,8%). Але ў наступным годзе прырост запаволіцца і складзе 2%.
Што тычыцца інфляцыі ў Беларусі, ЭАБР прагназаваў яе паскарэньне. У 2023 годзе яна па прагнозе ЭАБР складзе 5,2%, а ў 2024 годзе павялічыцца да 8%. Таксама, паводле прагнозу, беларускі рубель аслабне да 3,54 рубля за даляр ЗША (зараз курс рубля — 3,1 за даляр).
Прагнозы беларускага ўраду больш аптымістычныя. На іх думку, налета эканоміка павінна вырасьці на 3,8%, а інфляцыя скласьці 6% за год.