Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Wall Street Journal назвала Патрушава арганізатарам забойства Прыгожына


Абломкі прыватнага самалёта Embraer, якім карыстаўся Яўген Прыгожын
Абломкі прыватнага самалёта Embraer, якім карыстаўся Яўген Прыгожын

Забойства заснавальніка ПВК «Вагнэр», бізнэсоўца Яўгенія Прыгожына нібыта арганізаваў сакратар Савету бясьпекі Расеі Мікалай Патрушаў, сьцьвярджае амэрыканская газэта The Wall Street Journal са спасылкай на ананімныя крыніцы ў заходніх спэцслужбах.

Патрушаў, як піша выданьне, яшчэ летам 2022 году пачаў папярэджваць Пуціна аб пагрозе ўзрастаньня ўплыву Прыгожына. Аднак Пуцін не прыслухаўся да ягоных слоў, паколькі найміты ПВК «Вагнэр» дабіваліся, як лічылі ў Крамлі, посьпехаў на полі бою ва Ўкраіне. Як сьцьвярджае суразмоўца выданьня, былы расейскі выведнік, сытуацыя зьмянілася ў кастрычніку 2022 году.

Тады Прыгожын нібыта патэлефанаваў Пуціну і ў грубай форме паскардзіўся на дэфіцыт боепрыпасаў, які прыводзіць да вялікіх страт. У кабінэце Пуціна ў той момант знаходзіўся Патрушаў, сьцьвярджае крыніца WSJ.

Наступныя скаргі Прыгожына на забесьпячэньне ПВК «Вагнэр», у тым ліку публічныя канфлікты зь Мінабароны Расеі, Пуцін ігнараваў, піша выданьне. У чэрвені 2023 году, калі Прыгожын пачаў мяцеж, Патрушаў убачыў у гэтым магчымасьць назаўжды пазбавіцца ад кіраўніка ПВК і «ўзяў кіраваньне на сябе», сьцьвярджаецца ў артыкуле.

Выданьне піша, што пасьля таго, як пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі ўдалося дамовіцца аб адыходзе наймітаў на беларускую тэрыторыю, а Пуцін паабяцаў спыніць перасьлед мяцежнікаў, Патрушаў пачаў распрацоўваць плян забойства Прыгожына.

Па словах крыніц выданьня, Пуціну пазьней паказалі гэтыя пляны і ён ня стаў пярэчыць. Як кажуць суразмоўцы WSJ у заходніх спэцслужбах, невялікую бомбу заклалі пад крыло прыватнага самалёта Embraer-135, якім карыстаўся заснавальнік ПВК «Вагнэр», у аэрапорце Шарамецьева, калі рыхтавалі яго да вылету 23 жніўня.

Праз паўгадзіны пасьля ўзьлёту самалёт пацярпеў крушэньне ў Цьвярской вобласьці. Ахвярамі авіякатастрофы сталі ўсе дзесяць чалавек, якія знаходзіліся на борце. Відавочцы казалі, што на борце адбыўся выбух.

The Wall Street Journal раней ужо пісала са спасылкай на неназваных амэрыканскіх чыноўнікаў, што самалёт Прыгожына мог пацярпець крушэньне ў выніку змовы з мэтай ліквідацыі. У Вашынгтоне лічаць, што борт, хутчэй за ўсё, быў узарваны падчас палёту. Магчыма, гэта была дывэрсія. Газэта таксама адзначае, што раён падзеньня абломкаў зачысьцілі бульдозэрам. Гэта супярэчыць міжнародным нормам, паведаміла The Wall Street Journal.

Крэмль сваё дачыненьне да гібелі Прыгожына адмаўляе. Пра публікацыю WSJ прэс-сакратар Пуціна Пяскоў сказаў журналістам, што такія матэрыялы «наўрад ці паддаюцца камэнтарам». Выданьне ён абвінаваціў у «прадукаваньні бульварнай літаратуры» (цытата паводле «Маяка»).

23 жніўня прыватны самалёт Embraer, якім карыстаўся Яўгеній Прыгожын, узарваўся ў паветры і пацярпеў крушэньне над Цвярской вобласьцю. Паводле афіцыйнай вэрсіі, заснавальнік ПВК «Вагнэр» і некалькі найбліжэйшых ягоных паплечнікаў загінулі. Пахаваньне Прыгожына прайшло фактычна ў закрытым рэжыме.

За два месяцы да гэтага Прыгожын і яго найміты распачалі спробу ўзброенага мяцяжу супраць кіраўніцтва Мінабароны Расеі, падчас якога было зьбіта некалькі верталётаў і адзін самалёт расейскай арміі. Экіпажы некалькіх бартоў загінулі.

Уладзімір Пуцін спачатку абвінаваціў ПВК у дзяржаўнай здрадзе, супраць кіраўніка кампаніі была заведзена крымінальная справа аб узброеным мяцяжы. Пазьней пасьля перамоваў пры пасрэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі ўдалося дамовіцца аб адыходзе наймітаў на беларускую тэрыторыю.

Пуцін паабяцаў наўзамен спыніць перасьлед мяцежнікаў. Яшчэ пазьней, камэнтуючы крушэньне самалёта Прыгожына, расейскі прэзыдэнт намякнуў, што, па вэрсіі Сьледчага камітэту, борт узарваўся знутры з прычыны неасьцярожнага абыходжаньня з боепрыпасамі. Афіцыйна расьсьледаваньне да гэтага часу не завершана.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG