У горадзе Ачхой-Мартан у Чачэніі 9 красавіка перад прысутнымі на мітынг, на які абавязалі прыйсьці супрацоўнікаў бюджэтных арганізацый, студэнтаў і школьнікаў, паклалі цела юнака, які напаў напярэдадні на пост ДПС, паведамляе праект Радыё Свабода «Кавказ.Реалии».
Мітынг прайшоў ля будынку адміністрацыі Ачхой-Мартана. Яго ўдзельнікі ня ведалі, чаму будзе прысьвечаны мітынг і як доўга працягнецца, піша сайт «Кавказский узел» са спасылкай на працаўнікоў мясцовых школ. Пэдагогі расказалі, што школьнікі знаходзіліся ў шоку ад убачанага трупу, некалькі жанчын у натоўпе самлелі. Відэа зь месца апублікаваў апазыцыйны тэлеграм-канал NIYSO, на ім чуваць плач людзей.
Па словах аднаго з настаўнікаў, перад прысутнымі выступілі кіраўнік мясцовай адміністрацыі Хаза Бурсагаў і кадзій (мусульманскі судьдзя-чыноўнік) раёну, якія паўтарылі словы Рамзана Кадырава пра тое, што сваякоў забітага выселяць з Чачэніі. Сьцьвярджаецца, што ім таксама не дадуць пахаваць цела юнака, месца яго пахаваньня ім таксама не раскрыюць.
Пазьней у сеціве зьявілася відэа, зьнятае, верагодна, ужо пасьля заканчэньня мітынгу, на якім цела юнака пакінулі ляжаць на зямлі, верагодна, ужо ў іншым месцы.
Улады Чачэніі мітынг, які прайшоў, не камэнтавалі. На дзяржаўным тэлеканале «Грозны» 9 красавіка выйшаў сюжэт пра пахаваньне загінулага ў выніку нападу супрацоўніка паліцыі — на яго прыйшлі міністар унутраных спраў Чачэніі Аслан Ірасханаў, яго першы намесьнік Дэні Айдаміраў і кіраўнік адміністрацыі раёну Ібрагім Бурсагаў.
- Напад на праваахоўнікаў адбыўся ў Чачэніі ўвечары 7 красавіка. Двое супрацоўнікаў дзяржаўтаінспэкцыі атрымалі нажавыя раненьні, адзін зь іх пазьней памёр у бальніцы. Нападніка, паводле зьвестак NIYSO, 16-гадовага (паводле шэрагу паведамленьняў — 17-гадовага) падлетка па прозьвішчы Хумашаў, забілі на месцы. Прычыны здарэньня невядомыя.
- Праз содні кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў запатрабаваў ад падначаленых выселіць сваякоў Хумашова з рэспублікі і канфіскаваць іх маёмасьць. Тое ж плянуюць зрабіць і зь сем’ямі нібыта датычных да нападу — чатырох ураджэнцаў Чачэніі, якія жывуць у Турэччыне. Кіраваў імі, паводле Кадырава, нібыта грамадзянін Украіны, нехта Андрэй Рамановіч.
- Актывісты апазыцыйнага руху NIYSO заявілі, што гаворка ідзе пра чатырох актывістаў руху. Там абвяргаюць усе абвінавачаньні ў датычнасьці да здарэньня і лічаць, што кадыраўцы выкарыстоўвалі напад як нагоду для перасьледу актывістаў. Апазыцыянэры таксама распавялі, што як мінімум 6 сваякоў нападніка на пост ДПС затрымалі, а пазьней вывезьлі з Ачхой-Мартанаўскага РАУС у невядомым кірунку. Іншых пацьверджаньняў гэтай інфармацыі няма.
Форум