Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саўладальніка алейнага холдынгу Луцэнку другі год запар назвалі самым пасьпяховым бізнэсоўцам Беларусі


Скрыншот з сайту «Беларусы і рынак»
Скрыншот з сайту «Беларусы і рынак»

Саўладальнік групы кампаній «Садружнасьць» Аляксандар Луцэнка другі год запар узначальвае топ-100 пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі, які складае партал «Белорусы и рынок». Гэта праект, створаны пры ўдзеле былых супрацоўнікаў дзелавога парталу «Ежедневник», які раней складаў аналягічны рэйтынг.

Рэйтынг парталу «Белорусы и рынок» 2025 году другі раз узначаліў старшыня рады дырэктараў групы кампаній «Садружнасьць» Аляксандар Луцэнка, яго багацьце ацэньваецца ў 2,3 мільярда даляраў.

У 2023 годзе Луцэнка разам з жонкай Натальляй, якой належыць 50% доля ў групе, правялі рэарганізацыю аднаго з найбуйнейшых эўрапейскіх бізнэсаў па перапрацоўцы алейных культур і падзялілі групу кампаній «Садружнасьць» на тры часткі па геаграфічнай прыкмеце: беларускую, расейскую і міжнародную.

Муж і жонка Луцэнка засталіся ўладальнікамі беларускіх і расейскіх актываў і працягнулі пашыраць сямейны бізнэс. У канцы 2023 году яны зарэгістравалі ў Беларусі новую трэйдынгавую кампанію «Першая пратэінавая», а ў 2024-м набылі ў Пухавіцкім раёне агралягістычны комплекс «Інфіда». Аляксандар Луцэнка як кіраўнік сямейнага бізнэсу ўвайшоў у нядаўна апублікаваны выданьнем Forbes World’s Billionaires List 2025.

Другое месца ў рэйтынгу топ-100 пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі — у кіраўніка «Санта Імпэкс» Аляксандра Машэнскага, які таксама валодае актывамі «Санта Брэмар», «Савушкін прадукт», «Санта Рытэйл» і «Рускае мора». Машэнскі вядомы блізкімі стасункамі з Аляксандрам Лукашэнкам і яго сям’ёй; ён быў даверанай асобай Лукашэнкі на выбарах 2010 году.

Трэцяе месца ў рэйтынгу — у саўладальніка «Брэміна Груп» Мікалая Вараб’я, таксама набліжанага да Лукашэнкі. Ён адзін зь першых беларускіх бізнэсоўцаў, якія трапілі пад заходнія санкцыі праз падтрымку рэжыму Лукашэнкі.

Таксама ў першую дзясятку ўвайшлі:

  • старшыня праўленьня Astocap Аляксандар Цэнтер,
  • рэзыдэнт і старшыня рады дырэктараў EPAM Systems Аркадзь Добкін,
  • сябра рады дырэктараў Eurotorg Holding Уладзімер Васілька,
  • сябра рады дырэктараў Eurotorg Holding Сяргей Літвін,
  • выканаўчы дырэктар Wargaming Group Віктар Кіслы,
  • саўладальнік SoftSwiss Іван Монцік,
  • тэхнічны дырэктар SoftSwiss Дзьмітры Яйкаў.

Укладальнікі рэйтынгу адзначаюць, што рэйтынг-2025 абнавіўся ў параўнаньні з папярэднім на 25%. У галіновым разрэзе стала менш прадстаўнікоў ІТ-сэктару, вырасла колькасьць уласьнікаў харчовых, фармацэўтычных і хімічных актываў. Таксама ў рэйтынгу за 2025 год вырас працэнт бізнэсоўцаў, асноўныя актывы якіх лякалізаваныя на тэрыторыях Беларусі і Расеі, — сярод удзельнікаў топ-100 такіх прыкладна 70%.

У параўнаньні з папярэдняй вэрсіяй рэйтынгу ў топ-10 пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі ў 2025 годзе зьявіліся 4 новыя асобы: у першую дзясятку вярнуліся рытэйлеры Ўладзімер Васілька і Сяргей Літвін і прабіліся саўладальнікі гульнявой імпэрыі SoftSwiss Іван Монцік і Дзьмітры Яйка. Выбылі зь першай дзясяткі асноўны ўладальнік апэратара плацежных картак «Е100» і аднайменнай сеткі АЗС Уладзімер Стаецкі, які прадаў свой бізнэс у Расеі, Беларусі і Казахстане, страціў манаполію на тытунёвым раздробным рынку краіны Аляксей Алексін.

Ня толькі па-за першай дзясяткай, але цяпер і па-за топ-100 IT-прадпрымальнік Віктар Пракапеня і транспартнік Васіль Сьмятанін. Першы больш не адпавядае крытэрам рэйтынгу, а другі перадаў свае долі ў «СДС-Холдынг» сыну і партнэрам. Таксама ў топе больш няма Аляксея Жукава — стваральнік «Алютэха» прадаў пакінуты ў яго пакет кампаніі нямецкім партнэрам.

Жаночы складнік топ-100 пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі 2025 — самы вялікі за ўсю гісторыю праекту. Гэтым разам у рэйтынг увайшлі 6 жанчын — спадчыньніца імпэрыі Yukon Optics Advanced Worlwide Алена Альшэўская, Людміла Няронская, якой належыць доля ў найбуйнейшым рыбаздабыўным актыве беларускага бізнэсу ў сьвеце — далёкаўсходняй кампаніі «Саюзныя рыбныя промыслы», а таксама акцыянэрка і кіраўніца «Беліты-Вітэкс» Тамара Дармэль і адзін з бэнэфіцыяраў Betera Юлія Ляшкова.

Рэйтынг цалкам можна паглядзець па спасылцы.

Складальнікі рэйтынгу ацэньваюць кошт бізнэсу паводле розных крыніц, а таксама каэфіцыент пасьпяховасьці, у аснове якога «ляжыць паняцьце ўстойлівасьці бізнэсу ў эканамічных умовах, у якіх разьвіваецца беларуская эканоміка».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG