— Што б вы сказалі рэжымным людзям, самае галоўнае?
— За сваё жыцьцё я многа дзе пабываў і шмат чаго пабачыў. Сьвет цудоўны і разнастайны, у ім вельмі шмат дабрыні і любові, ён створаны для радасьці і шчасьця. Гэта сапраўдны дадзены Богам рай, і няма сэнсу ўласнымі рукамі ператвараць яго ў пекла, дзе вы яшчэ пасьпееце пабываць. Жыцьцё зусім не кароткае, яго скарачаюць самі людзі. Бо нішто з таго, што вы робіце сёньня, ня вартае таго, каб жыць.
— Пасьля Дунін-Марцінкевіча каго зь беларускіх аўтараў забароняць наступным?
— Забарона пачынальніка новай беларускай літаратуры — гэта фактычная забарона ўсёй гэтай літаратуры, якая зьвязаная з Дунін-Марцінкевічам родавай пупавінай. Таму ўся рэч у тым, творы каго і калі будуць выкідаць са школьнай праграмы, з кнігарняў і бібліятэк. Трэба разумець, што геніяльныя, таленавітыя і любімыя публікай аўтары будуць у першых шэрагах.
— А што зь Леніным стала? Нідзе не цытуюць, дзеці ня ведаюць, помнікі стаяць...
— Па сутнасьці, гэта даўно ня Ленін, а ўсё, што ад яго засталося, — мумія. Ленін абяцаў камунізм, «сьветлую будучыню», і гаворкі пра вынас яго з маўзалею вяліся тады, калі ў Крамлі разважалі пра сваю ўласную пазытыўную праграму, якая б замяніла ленінскую ўтопію. Калі ж вырашылі адмовіцца ад будучыні і пагрузіцца ў зло, Ленін гэтаму не замінаў. І не замінае. Наадварот, стварае для некаторых ілюзію, што «сьветлая будучыня» ўсё яшчэ недзе маячыць.
— Ці магчымы сёньня байкот выбараў?
— Байкот — гэта ўсё ж інструмэнт палітыкі там, дзе палітыка ёсьць, дзе ёсьць спаборнасьць сіл. Байкот заўсёды мусіць мець вынік: удалы ён ці няўдалы. Калі ж «выбары» праводзяцца «ўцёмную», ня можа быць ні спаборнасьці, ні выніку.
У нашым выпадку не галасаваць — гэта ўчынак, рызыкоўны і небясьпечны, акт грамадзянскае нязгоды, параўнальны з партызанскай акцыяй. Гэты ўчынак робіцца найперш для сябе, каб паказаць, што я ёсьць, усіх не расстралялі, не пасадзілі, ня выціснулі за мяжу. Сукупнасьць такіх учынкаў больш падобная не да байкоту, а да партызанскага руху.
— Што цяпер у Беларусі: сацыялізм ці капіталізм?
— Цяпер — тыранія, як за царом Іванам Жахлівым, апрычніна. Чалавек мусіць адчуваць свой нявольніцкі статус і нават не дапускаць думкі пра свабоду, роўнасьць, братэрства ды іншыя «чужыя заходнія каштоўнасьці».
Між іншым, у беларускай гісторыі ніколі не было ўласнай беларускай тыраніі, яна заўсёды прыходзіла з усходу і была паводле ўсіх парамэтраў расейскай. Адзіны спосаб выбрацца з гэтай бяздоннай яміны — вярнуцца да сябе, на свой беларускі шлях, захаваць незалежнасьць і ўсімі сіламі бараніцца ад усходніх уплываў.
— Ці правільна нацыянальную сымболіку называць пратэставай?
— Гэта словы зь лексыкону так званых сілавікоў і судоў, каб белае выдаць за чорнае. Нацыянальная сымболіка ад самага стварэньня мае сьцьвярджальны сэнс і зьмест (як і мірныя маршы 2020 году). Ёю беларусы заяўляюць пра сябе як самастойную нацыю, а ня «тоже русских».
Пратэставую афарбоўку надалі сымбалям антызаконныя рэпрэсіі рэжыму. Не было б іх і прафанацыі выбараў, ніхто ў сьцьвярджальных сымбалях не разгледзеў бы ніякага пратэсту. «Пратэставая сымболіка» — фальшывая фраза з пратаколаў фальшывых судоў, ужываць такую назву проста ня варта.
— Чаму рускамірцы пішуць даносы на кнігу Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча»? Там жа няма палітыкі.
— Таму што гэта моцна беларуская кніга, пачынаючы ад клічнага склону ў назьве, несавецкіх матываў і характараў і сканчаючы эўрапейскай танальнасьцю ўсяго аповеду. Даносчыкі адчуваюць гэтую чужасьць сябе гэтаму незразумеламу ім жыцьцю, і гэта іх балюча раніць. Усё зусім ня так, як у Разані ці Кастраме. А яны перакананыя, што мусіць быць так, як там: людзі, калізіі, мова. Яны даносяць на ўсё, што прымушае іх у Беларусі адчуваць сябе чужародным элемэнтам. Чым яны па сутнасьці і зьяўляюцца.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669