1 сьнежня зьмены набылі моц. На сайтах некаторых унівэрсытэтаў ужо апублікавалі новыя расцэнкі. Выданьне «Люстэрка» прааналізавала павышэньне.
У Беларускім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце больш за ўсё цэны паднялі для будучых стаматолягаў. У параўнаньні з 1 верасьня 2023-га кошт навучаньня на гэтай спэцыяльнасьці вырас на 878 рублёў. Тым, хто вучыцца на «Лячэбнай справе» і «Пэдыятрыі», плаціць давядзецца на 750 рублёў больш.
На сайце БДМУ сказана, што даплаціць розьніцу ў аплаце першага паўгодзьдзя трэба да 14 студзеня 2024 году. На розных спэцыяльнасьцях яна складае ад 75 да 219 рублёў.
У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі найбольш цэны падскочылі для студэнтаў малодшых курсаў дзённага навучаньня факультэтаў кампутарных сыстэм і сетак, інфармацыйных тэхналёгіяў і кіраваньня, а таксама інжынэрна-эканамічнага. Цана году навучаньня тут узрасла на 770 рублёў (было 4590 рублёў, стала 5360). Для параўнаньня, для трэцякурсьнікаў некаторых спэцыяльнасьцяў факультэту радыётэхнікі і электронікі павышэньне склала 467 рублёў — з 2803 да 3270 рублёў.
Даплату за навучаньне ў першым паўгодзьдзі студэнты-платнікі галоўнага ІТ-унівэрсытэту краіны павінны ўнесьці да 20 сьнежня. На сайце навучальнай установы таксама сказана, што ў 2023 годзе выдаткі нацыянальнага бюджэту на падрыхтоўку спэцыяліста з вышэйшай адукацыяй у гэтай ВНУ склалі 8367,31 рубля.
Раней рэктар БДУІР Вадзім Богуш тлумачыў, як фармуецца цана навучаньня ў ВНУ. Паводле яго, каля 90 працэнтаў выдаткаў — заробак супрацоўнікаў.
Рост плянавага фонду аплаты працы на 1 верасьня 2023 году ў параўнаньні з 1 верасьня 2022 году склаў 14,2%, удакладніў рэктар.
З студзеня 2024 году базавая стаўка аплаты працы ў бюджэтнай сфэры складзе 250 рублёў (рост 6,4% у параўнаньні зь 2023-м, 18,5% — у параўнаньні зь мінулым годам).
Павышэньне базавай стаўкі непасрэдна ўплывае на ўзровень заработнай платы работнікаў бюджэтнай сфэры (аклад, стымульныя і кампэнсацыйныя выплаты), што, у сваю чаргу, павялічыць плянавы фонд заробкаў работнікаў унівэрсытэту, заявіў Богуш.
Ён таксама адзначыў, што павелічэньне цаны навучаньня зьвязана з ростам выдаткаў на ўтрыманьне будынкаў, павелічэньнем расходаў на камунальныя паслугі, ростам цэнаў на энэрганосьбіты, павышэньнем цэнаў на паслугі іншых арганізацыяў.
У жніўні 2023-га міністар адукацыі Іванец заявіў, што ў Беларусі няма платнай адукацыі, а тое, што такім лічыцца, — гэта форма сацыяльнай падтрымкі моладзі, якая мае датацыі ад дзяржавы.