1 сьнежня 2023 года сузаснавальнік праекту Павал Лібер на прэс-сьняданку ў варшаўскім бары GiGi распавёў, чаго атрымалася дасягнуць за год і якія пляны ў каманды на будучыню, паведамляе Reform.by.
Асноўныя вынікі першага году працы «Новай Беларусі», у фактах і лічбах
- Паводле Паўла Лібера, агулам зафіксавалі 58 тысяч карыстальнікаў экасыстэмы «Новая Беларусь», каля 33 тысяч чалавек выкарыстоўвалі непасрэдна мабільную праграму. Асаблівую цікавасьць беларусаў выклікала мэдыцынская плятформа для анлайн-кансультацый, ёй актыўна карысталіся як па-за межамі Беларусі, так і ўнутры краіны.
- У пілётным праекце па зборы сродкаў праз дабрачынны падатак пры падачы дэклярацыі ў Польшчы і Літве прынялі ўдзел 250 чалавек, у выніку «Новая Беларусь» атрымала на свой рахунак 42 тысячы эўра. Удзельнікі вырашылі патраціць сабраныя грошы на Беларускую бібліятэку ў Літве і англамоўны партал па гісторыі Беларусі.
- За год «Новая Беларусь» дапамагла ў правядзеньні 7 беларускіх фэстываляў і стварэньні «Культурнай мапы», прасоўвала супольнасьці.
Яшчэ адным вынікам гадавой працы, паводле Паўла Лібера, стала «цьвярозае ўспрыманьне рэальнасьці», у параўнаньні з бачаньнем праекту яго аўтарамі на старце, і прызнаньне памылак. Паводле Лібера, каманда дакладна не сфармулявала канцэпцыю праекту, і заява, што гэта будзе «лічбавая дзяржава», хутчэй адпудзіла патэнцыйных удзельнікаў. Аўтары таксама не чакалі, што беларусы настолькі стаміліся ад грамадзка-палітычнага парадку дня. Прызнае Лібер і праблемы з камунікацыяй: шырокая аўдыторыя проста не змагла даведацца пра магчымасьці плятформы.
Што плянуецца ў 2024 годзе
- Ужо ў студзені запусьцяць так званы мэдыяагрэгатар «Новая Беларусь». Ён пабудаваны на штучным інтэлекце і будзе агрэгаваць беларускія, мясцовыя і сусьветныя мэдыя. Ён будзе ўмець зьбіраць навіны ў сюжэты, выбіраць важныя, фільтраваць у залежнасьці ад наладаў карыстальніка і перакладаць на зручную для карыстальніка мову.
- Таксама плянуюць запусьціць сэрвіс арганізацыі івэнтаў. Мяркуецца, што там будзе ананімная рэгістрацыя, мінімальная камісія на квіткі, інтэграцыя з Apple Wallet, інтэрактыўная карта падзей і супольнасьць для абмеркаваньня івэнтаў.
- Распрацоўваецца ідэя стварэньня сэрвісу бясплатных парадаў з працоўнай назвай «AI-Барадзед». Штучны інтэлект зможа даваць кансультацыі па легалізацыі ў асноўных краінах пражываньня беларусаў. І ня толькі. Пры гэтым, паводле Паўла Лібера, інфармацыя будзе заўсёды актуальнай, у адрозьненьне ад статычных гайдаў на сайтах іншых ініцыятываў, таму што AI будзе зьбіраць яе ў рэжыме анлайн з афіцыйных крыніц.
- Зьявяцца сэрвісы сацыяльных знаёмстваў — для ўстанаўленьня сацыяльных сувязяў і для пошуку бізнэс-партнэраў.
- Віртуальны палітычны офіс. Гаворка ідзе пра стандартны набор опцыяў для арганізацыі ўзаемадзеяньня любой арганізацыі або ініцыятывы з патэнцыяльнымі партнэрамі і аўдыторыяй: зваротная сувязь, навіны, грамадзкія абмеркаваньні, расклад мерапрыемстваў і наведваньняў.
«Мы па-ранейшаму ня будзем зьбіраць пэрсанальныя дадзеныя нашых карыстальнікаў, каб пазьбегнуць уцечак. І мы працягнем удасканальваць нашы сыстэмы асабістай бясьпекі», — дадаў падчас прэс-сьняданку Павал Лібер.
Каб адсьвяткаваць першы дзень народзінаў праекту «Новая Беларусь», яго заснавальнікі арганізавалі Гастрафэст. Фэстываль беларускай гастракультуры ўжо пачаўся і працягнецца да 10 сьнежня ў трох краінах і пяці гарадах: Варшаве, Гданьску, Познані, Тбілісі і Вільні. У ім бяруць удзел 11 беларускіх бараў, кавярняў і рэстарацыяў.