Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15% бізнэсоўцаў-эмігрантаў хацелі б вярнуцца ў Беларусь — апытаньне


Беларуска-польская мяжа.
Беларуска-польская мяжа.

15% апытаных бізнэсоўцаў, якія зьехалі з краіны і адкрылі бізнэс у Эўразьвязе, адназначна жадаюць вярнуцца ў Беларусь пасьля зьмены палітычнай і эканамічнай сытуацыі. Але больш за палову з апытаных бачаць свой удзел у эканоміцы Беларусі.

Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) сумесна з дасьледчым цэнтрам CASE і Цэнтрам новых ідэяў правялі апытаньне сярод беларускіх кампаніяў, адкрытых у краінах Эўразьвязу. Пра гэта паведамляе партал «Зеркало».

Сярод іншага ў бізнэсоўцаў-эмігрантаў пыталіся, ці хочуць яны самі вярнуцца ў Беларусь пасьля палітычных і эканамічных зьменаў, а таксама ці гатовыя пераводзіць у Беларусь свае фірмы. Толькі 15% адказалі, што жадаюць вярнуцца ў Беларусь. 40% апытаных уладальнікаў такіх фірмаў заявілі, што хацелі б пакінуць свой эўрапейскі бізнэс, але паралельна пачаць сваю справу ў Беларусі.

— Казаць, што толькі 15% гатовыя вярнуцца, было б ня вельмі правільна, — удакладніў віцэ-прэзыдэнт Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) Сэрж Наўродзкі, адзначыўшы, што вялікая доля рэспандэнтаў паведаміла пра гатоўнасьць удзельнічаць у разьвіцьці беларускай эканомікі тым ці іншым спосабам.

У апытаньні ўзялі ўдзел 102 прадпрымальнікі, якія маюць бізнэс у краінах ЭЗ. Праводзілася апытаньне ў верасьні-кастрычніку 2023 году.

Чвэрць удзельнікаў дасьледаваньня гатовыя інвэставаць у Беларусь, а пятая частка выбрала б іншы фармат падтрымкі разьвіцьця беларускай эканомікі. Пры гэтым ніхто не паведаміў пра гатоўнасьць у такой сытуацыі цалкам адмовіцца ад бізнэсу ў Эўропе дзеля адкрыцьця сваёй справы на радзіме.

Паводле аўтараў дасьледаваньня, чым даўжэй эмігранты разьвіваюць сваю справу за мяжой, тым большая доля зь іх кажа, што не гатовая вяртацца.

З удзельнікаў дасьледаваньня 43% перавялі ў ЭЗ свой бізнэс зь Беларусі, астатнія разьвівалі яго ў новай краіне з нуля. У 93% апытаных фірмаў больш за палову супрацоўнікаў — таксама грамадзяне Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG