Пра гэта паведамляе Міністэрства надзвычайных сытуацыяў у апэратыўнай зводцы.
За гэты час у Беларусі здарылася 9 лясных пажараў (іх агульная плошча 0,72 гектара) і 57 пажараў травы і кустоў агульнай плошчай 9,22 га, удакладнілі ў МНС.
Па два лясныя пажары патушылі ў Берасьцейскай, Гомельскай і Горадзенскай вобласьцях, яшчэ тры — у Менскай вобласьці. Для тушэньня лясных пажараў агулам залучалі 31 адзінку тэхнікі і 74 чалавекі, зь іх 9 адзінак тэхнікі і 25 работнікаў МНС.
Працягваюцца лясныя пажары ў Менскай і Гомельскай вобласьцях.
Буйны лясны пажар 27 красавіка пачаўся на мяжы з Украінай — загарэлася балоцістая мясцовасьць у Мілашавіцкім лясгасе каля вёскі Баравое Лельчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. У яго тушэньні ўдзельнічалі 16 адзінак тэхнікі і 102 чалавекі, у тым ліку ратавальнікі МНС і работнікі адразу з 5 лясгасаў.
Для тушэньня пажару залучылі таксама верталёт МНС Мі-17. Пажар лякалізавалі, на 6:00 раніцы 28 красавіка агульная плошча, пройдзеная фронтам пажару, складае каля 6 гектараў.
27 красавіка ў 14.41 МНС атрымала паведамленьне пра лясны пажар у Смалявіцкім лясгасе каля вёскі Трубянок Смалявіцкага раёну Менскай вобласьці. Пажар лякалізавалі, на 6:00 раніцы 28 красавіка агульная плошча, пройдзеная фронтам пажару, складае каля 0,4 га. У 17:30 у МНС паступіла паведамленьне пра лясны пажар у Нараўлянскім спэцыяльным лясгасе каля вёскі Лубень Нараўлянскага раёну Гомельскай вобласьці. Пажар лякалізавалі, на 6:00 раніцы 28 красавіка пажар ахапіў плошчу каля 0,8 га.
Міністар лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандар Кулік у этэры дзяржаўнай тэлевізіі 27 красавіка прызнаў праблему лясных пажараў у Беларусі.
«Упершыню ў гісторыі 21 лютага ў нас пачаўся пажаранебясьпечны пэрыяд. І Вось трансьмежавыя пажары — апошні, які ўвечары ў суботу перайшоў з украінскай тэрыторыі... У нас нават ёсьць такія падазрэньні, што гэта спэцыяльны падпал нейкі», — заявіў міністар.
- За папярэднія содні (з 6:00 26 красавіка па 6:00 27 красавіка) ў Беларусі здарылася 6 лясных пажараў (іх агульная плошча 0,19 га) і 36 пажараў травы і кустоў (6,14 га).
- 7 сакавіка міністар надзвычайных сытуацыяў Вадзім Сіняўскі падчас апэратыўнай нарады «ў сувязі з абвастрэньнем сытуацыі, зьвязанай з ростам пажараў у экасыстэме» прызнаў https://t.me/mchs112by/8624 , што ў Беларусі загараньняў у прыродных экасыстэмах пабольшала ў 13,4 раза ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2024 году (з 54 да 726 выпадкаў) і плошча ад іх узьдзеяньня вырасла ў 64 разы (з 4,3 га да 276,1 га).
Забарона на наведваньне лясоў дзейнічае ў 59 са 118 раёнаў Беларусі
Пра гэта сьведчыць інтэрактыўная мапа на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі. Так, забарона распаўсюджваецца на ўсю тэрыторыю Гомельскай і Магілёўскай вобласьцяў, у кожнай зь якіх 21 раён. У Віцебскай вобласьці забаронена наведваць лясы ў Дубровенскім, Аршанскім і Талачынскім раёнах; у Берасьцейскай — у Баранавіцкім, Бярозаўскім, Івацэвіцкім, Ляхавіцкім і Пружанскім раёнах; у Менскай — у Клецкім, Капыльскім, Любанскім, Нясвіскім, Слуцкім, Салігорскім, Старадароскім, Стаўбцоўскім і Узьдзенскім раёнах.
Вольна наведваць лясы можна толькі ў Драгічынскім, Янаўскім, Лунінецкім, Пінскім і Столінскім раёнах (усе ў Берасьцейскай вобласьці). У астатніх раёнах Беларусі дзейнічаюць абмежаваньні на наведваньне лясоў.
Форум