Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне назвалі імёны больш як 700 беларусаў, якія ваююць на баку Расеі: 96 зь іх загінулі, 7 — у палоне


Расейскі вайсковец на вайне ва Ўкраіне. Ілюстрацыйнае фота
Расейскі вайсковец на вайне ва Ўкраіне. Ілюстрацыйнае фота

Раней ва Ўкраіне абнародавалі сьпісы грамадзян Казахстану, Кіргізстану і Таджыкістану, якія падпісалі кантракт з расейскай арміяй і пайшлі ваяваць супраць Украіны. Гэтыя дзяржавы, як і Беларусь, уваходзяць у склад Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), якую кантралюе Расея.

Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, абнародаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.

«Гэта толькі тыя, пра каго нам вядома. Мы ацэньваем, што агульная колькасьць наймітаў значна большая. Сьпіс загінулых таксама няпоўны. Гэта толькі тыя, пра якіх мы на 100 адсоткаў ведаем, калі яны загінулі і дзе пахаваныя», — паведамілі Свабодзе ў праекце «Хачу жыць».

Гэты праект створаны адмыслова для расейскіх вайскоўцаў, якія ня хочуць ваяваць і гатовы здацца ва ўкраінскі палон.

Згодна зь інфармацыяй Каардынацыйнага штабу, беларусаў актыўна пачалі вэрбаваць на службу ў расейскую армію паводле кантракту з другога кварталу 2023 году. З таго часу колькасьць заключаных з грамадзянамі Беларусі кантрактаў расьце.

Як і ўсе іншаземцы, грамадзяне Беларусі праходзяць праз адмысловыя пункты адбору на вайсковую службу. Найчасьцей у Маскве ці Падмаскоўі, а таксама ў Растове. Сярод «расейскіх» навабранцаў шмат колішніх зьняволеных.

Сталі вядомыя прозьвішчы яшчэ двух палонных беларусаў

Як паведамілі Свабодзе, цяпер ва ўкраінскім палоне знаходзяцца сем грамадзян Беларусі.

Гэтыя два прозьвішчы публікуюцца ўпершыню:

  • Іван Шабунька, нарадзіўся 17 траўня 1977 году, паходзіць з Мастоў Горадзенскай вобласьці. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 году,
  • Сяргей Мірончык, нарадзіўся 22 ліпеня 1982 году, жыў у Санкт-Пецярбургу.


Раней украінскі бок пацьвердзіў імёны яшчэ пяці беларускіх палонных:

  • Сяргей Шустаў, нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі, і яго забралі ў расейскае войска з калёніі. У палон беларус трапіў пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
  • Андрэй Лапатнёў зь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб унікнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і падаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка ён трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
  • Яўген Камянькоў з Бабруйску нарадзіўся 17 сакавіка 1999 году. Падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку», трапіў ва ўкраінскі палон вясной 2024-га. У Беларусі абвяшчалі яго вышук у ліпені 2022 году, пасьля таго, як ён разам з 13-гадовым падлеткам уцёк зь берасьцейскага Афанасьеўскага манастыра ў Расею.
  • Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, чатыры разы суджаны за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году, імаверна, пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
  • Дзьмітры Ананчык зь Менску, нарадзіўся ў 2000 годзе. Да вайны працаваў у лягістычных і будаўнічых кампаніях. Мае сярэднюю тэхнічную адукацыю ў спэцыяльнасьці «токар-сьлесар». Падпісаў кантракт з расейскай арміяй у сьнежні 2024-га і амаль адразу пасьля гэтага трапіў ва ўкраінскі палон у Луганскай вобласьці.


Сваякі яшчэ трох грамадзян Беларусі, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі, заявілі аб іхным зьнікненьні бязь вестак. Гэта Яўген Ільін, Міхаіл Шалгун і Андрэй Кулага. Яшчэ адзін беларус — Ігар Хасанаў, якога шукалі сваякі, пазьней знайшоўся з раненьнем у адным з шпіталяў у акупаванай частцы Луганскай вобласьці. Але гэтых чатырох беларусаў няма ў апублікаваных Украінай сьпісах.

Адметна, што расейскае камандаваньне звычайна ўключае грамадзян Расеі, якія зьніклі з месца баявых дзеяньняў, у сьпісы тых, хто самавольна пакінуў вайсковую частку. Але беларусаў, як стала вядома Свабодзе, пакуль у такіх пераліках няма. Няма іх і ў сьпісах на абмен.

У якім узросьце ідуць у расейскую армію

Найбольш сярод тых, хто ваюе на баку Расеі, нарадзіліся ў савецкі час (1960–1970). Яны былі юнакамі, калі спыніў існаваньне СССР.

Найстарэйшаму зь іх Аляксандру Барсукову — 67 гадоў. Кантракт з расейскай арміяй ён падпісаў у чэрвені 2023 году. За 60 — Івану Кірдзяшкіну (на кантракце зь лістападу 2024-га, нарадзіўся ў 1962-м), Сьвятаславу Цімашэнку (з сакавіка 2024, нарадзіўся ў 1962-м), Сяргею Галавешкіну (нарадзіўся ў 1963, у войску — з траўня 2024-га) і іншым.

Найбольш сярод расейскіх кантрактнікаў мужчын трыццаці- і саракагадовага ўзросту. Ёсьць і маладзейшыя. Яны нарадзіліся ў 2000-я, васьмі зь іх толькі споўнілася або сёлета споўніцца 21 год: Ігару Бамбосаву (на кантракце з жніўня 2023-га), Аляксею Бондару (з чэрвеня 2023-га), Генадзю Васільеву (зь лістапада 2024-га), Арцёму Макоўскаму (з траўня 2024 году), Валянціну Нікуцу (з студзеня 2024 году), Данілу Рынкевічу (зь лістападу 2023 году), Мікалаю Шаўко (з сьнежня 2024-га), Андрэю Шматко (з сьнежня 2024-га).

Гінуць празь некалькі тыдняў або месяцаў пасьля падпісаньня кантракту

Сярод тых беларусаў, хто загінуў у шэрагах расейскай арміі, найбольш — год і адзін месяц —адваяваў Іван Юшкоў. Ён не дажыў да свайго 36-годзьдзя ўсяго чатыры дні —загінуў 4 верасьня 2024-га.

Год і восем дзён пасьля падпісаньня кантракту ваяваў 37-гадовы Мікалай Жанкевіч — загінуў 24 лістапада 2024-га.

Усе іншыя загінулыя ваявалі менш за паўгоду:

  • 55-гадовы Андрэй Авярушка загінуў праз 28 дзён пасьля падпісаньня кантракту — 29 ліпеня 2024 году,
  • 53-гадовы Сяргей Благадзір адваяваў амаль 4 месяцы і загінуў 27 верасьня 2024 году,
  • 47-гадовы Руслан Бачкароў загінуў 18 красавіка 2024 году, а на кантракт пайшоў у канцы лютага таго ж году,
  • 23-гадовы Аляксандар Вітухноўскі на фронце пратрымаўся больш за пяць месяцаў і загінуў 30 лістапада 2024 году.


Грамадзяне Беларусі аддавалі свае жыцьці за Расею і празь некалькі тыдняў пасьля падпісаньня кантрактаў, як, напрыклад, Вадзім Наўгародзкі, які пайшоў на службу ў сьнежні 2024-га і загінуў сёлета ў пачатку студзеня. Ён ваяваў усяго 21 дзень.

52-гадовы Дзяніс Радзівонаў падпісаў кантракт 7 кастрычніка 2024-га і загінуў 21 лістапада таго ж году.

Наймаладзейшым з загінулых было па 23 гады. Уладзіслаў Губей загінуў 16 жніўня 2024-га, на кантракце быў з 22 сакавіка таго ж году, Мікалай Клімовіч — 26 сьнежня 2023 году, імаверна, ваяваў зь вясны таго ж году.

Што папярэднічала

Фармальна Беларусь ня ёсьць непасрэднай удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сіл на тэрыторыі Ўкраіны няма.

У той жа час улады Беларусі падтрымалі ваеннае ўварваньне Расеі 24 лютага 2022 году і дазволілі скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору краіны для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

З 2014 году, калі пачаўся ўзброены канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай, які на першым этапе закончыўся анэксіяй Крыму і частак Данецкай і Луганскай вобласьцяў, грамадзяне Беларусі ваявалі як на баку прарасейскіх сілаў, гэтак і ў складзе ўкраінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў.

З 2022 году пабольшала беларусаў, якія ваявалі ў расейскіх прыватных вайсковых кампаніях («Вагнэр», «Рэдут», «Ястраб»), а з 2023 году — у шэрагах Узброеных сілаў Расеі. Ёсьць факты, калі грамадзяне Беларусі падпісвалі кантракты з расейскай арміяй адразу пасьля службы ў беларускім войску або маючы праблемы з законам — іх затрымлівалі ў Расеі на запыт уладаў Беларусі або за парушэньне правілаў знаходжаньня на расейскай тэрыторыі. Некаторыя з тых, хто падпісаў кантракт і ваююць супраць Украіны, суджаныя некалькі разоў.

Сілавыя органы Беларусі не перасьледуюць тых, хто ваюе на баку Расеі, але, наадварот, абвяшчаюць міждзяржаўны вышук тых, хто абараняе тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, у тым ліку ўжо загінулых.

У красавіку пяцёх беларускіх жаўнераў палку Каліноўскага — Ігната Кірэева, Яна Мельнікава, Анастасію Махамет, Арцёма Бігеля і Вячаслава Граноўскага — асудзілі супольна на 90 гадоў пазбаўленьня волі. Іх прызналі вінаватымі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «акт тэрарызму» і «арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі».

Як паведамілі Свабодзе ў праекце «Хачу жыць», абнародаваны сьпіс, імаверна, складае толькі частку імёнаў тых беларусаў, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі.

Раней украінскі бок апублікаваў сьпісы 931 грамадзяніна Таджыкістану, 360 грамадзян Кіргізстану, 660 грамадзян Казахстану (валянтэры, якія падлічваюць страты Расеі, летась у кастрычніку пісалі пра больш як 3000 загінулых ва Ўкраіне этнічных казахаў. — РС).

Згодна з інфармацыяй праекту, Расея за службу ў сваім войску абяцае іншаземцам высокія заробкі або падманам і пагрозамі прымушае іх ісьці ваяваць супраць Украіны.

«Адным прапануюць працу ў ахове якога-небудзь прадпрыемства, другім абяцаюць велізарныя грашовыя ўзнагароды ў выглядзе штомесячнага грашовага забесьпячэньня і грамадзянства Расеі, трэцім пагражаюць турмой ці дэпартацыяй. Вынік для ўсіх адзін», — падкрэсьлілі ў праекце «Хачу жыць».

Цяпер ва Ўкраіне зьбіраюць і апрацоўваюць зьвесткі аб грамадзянах Узбэкістану, якія таксама ваююць на баку Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG