Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковыя выдаткі ў сьвеце ў 2024 годзе расьлі найхутчэй пасьля канца халоднай вайны, — Стакгольмскі інстытут міру


Украінскія салдаты вядуць агонь з самаходнай артылерыйскай устаноўкі «Багдана» ўкраінскай вытворчасьці, данецкі фронт, ілюстрацыйнае фота
Украінскія салдаты вядуць агонь з самаходнай артылерыйскай устаноўкі «Багдана» ўкраінскай вытворчасьці, данецкі фронт, ілюстрацыйнае фота

Пры гэтым Расея, якая вядзе захопніцкую вайну, нарасьціла вайсковыя выдаткі да 149 мільярдаў даляраў і павялічыла адрыў ад Украіны.

Вайсковыя выдаткі Расеі ў 2024 годзе дасягнулі 149 мільярдаў даляраў — гэта на 38% больш, чым у 2023 годзе, і ўдвая больш, чым у 2015 годзе, гаворыцца ў штогадовай справаздачы Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня праблемаў міру (SIPRI).

Агульныя вайсковыя выдаткі Ўкраіны летась вырасьлі на 29% да 64,7 мільярда даляраў, што эквівалентна 43% выдаткаў Расеі. У 2024 годзе на Ўкраіну прыпала самая вялікая вайсковая нагрузка сярод усіх краін — яна складала 34% ВУП, пішуць дасьледчыкі.

«Расея зноў значна павялічыла свае вайсковыя выдаткі, павялічыўшы разрыў у выдатках з Украінай. У цяперашні час Украіна накіроўвае ўсе свае падатковыя паступленьні на свае ваенныя патрэбы. У такой абмежаванай фіскальнай прасторы Ўкраіне будзе складана працягваць павялічваць свае вайсковыя выдаткі», — пракамэнтаваў старэйшы навуковы супрацоўнік праграмы вайсковых выдаткаў і вытворчасьці ўзбраеньняў SIPRI Дыега Лопес да Сілва.

Агулам у сьвеце вайсковыя выдаткі ў 2024 годзе дасягнулі 2,718 трыльёна даляраў (на 9,4% больш у параўнаньні з 2023 годам), што стала самым імклівым гадавым ростам сама меней з часоў завяршэньня халоднай вайны, гаворыцца ў справаздачы SIPRI.

Летась вайсковыя выдаткі павялічыліся ва ўсіх рэгіёнах сьвету, асабліва хутка — у Эўропе і Блізкім Усходзе. У 2024 годзе свае выдаткі на абарону павялічылі амаль усе эўрапейскія краіны, за выключэньнем Мальты. У шэрагу краін Цэнтральнай і Заходняй Эўропы адбыўся беспрэцэдэнтны рост вайсковых выдаткаў у 2024 годзе. Так, вайсковыя выдаткі Нямеччыны летась павялічыліся на 28% і дасягнулі 88,5 мільярдаў даляраў, што зрабіла яе чацьвёртай дзяржавай у сьвеце па вайсковых выдатках. Выдаткі Польшчы вырасьлі на 31% і склалі 38 мільярдаў даляраў, што складае 4,2% ВУП Польшчы.

Агульныя вайсковыя выдаткі краін-чальцоў NATO летась склалі 1506 мільярдаў даляраў, або 55% ад сусьветных вайсковых выдаткаў. З 32 чальцоў альянсу 18 патрацілі ня менш за 2,0% ВУП на свае вайсковыя патрэбы, паводле мэтадалёгіі SIPRI, у параўнаньні з 11 у 2023 годзе. Вайсковыя выдаткі ЗША вырасьлі на 5,7% і дасягнулі 997 млрд даляраў, што склала 66% ад агульных выдаткаў NATO. Эўрапейскія чальцы NATO выдаткавалі на абарону агулам 454 млрд даляраў, што складае 30% ад агульных выдаткаў па ўсім альянсе.

Беларусь асобна ня згадваецца ў дакладзе, аднак, мяркуючы па інфаграфіцы ў дакладзе, SIPRI ацэньвае вайсковыя выдаткі ў Беларусі ў 2-3% ВУП.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG