Год і восем месяцаў ідзе вайна ва Ўкраіне. За гэты час, абараняючы Ўкраіну, загінулі сама меней 35 беларускіх добраахвотнікаў. Увесну 2023 году Свабода размаўляла з двума добраахвотнікамі, якія толькі далучыліся да палку Каліноўскага. Цяпер абодва ўжо былі на баявых выхадах. Як вайна зьмяніла іх погляды і пляны?
«Выклікае захапленьне, калі бачу, як гарыць варожая тэхніка»
Арцёму (імёны суразмоўцаў зьмененыя зь меркаваньняў бясьпекі — РС) трохі больш за 20 гадоў. Пасьля падзей 2020 году ў Беларусі ён пераехаў у Польшчу. Працаваў у IT-галіне і, па ягоных словах, няблага зарабляў. У Польшчы ў 2022 годзе ён прайшоў вайсковую падрыхтоўку, арганізаваную аб’яднаньнем былых сілавікоў ByPol.
Арцём кажа, што ня думаў ехаць ва Ўкраіну, але ўвесну 2023 году ўсё-ткі далучыўся да шэрагаў беларускіх добраахвотнікаў палку Каліноўскага. Цяпер малады ваяр служыць у батальёне «Літвін» апэратарам дронаў.
Нядаўна Арцём быў на першых баявых выхадах. Да гэтага — навучаўся і чакаў вайсковага квітка. Бо гэтая працэдура займае пэўны час.
«У некага хутчэй, у некага даўжэй. У маім выпадку гэта заняло пяць месяцаў. Чаму так? Ну, пэўна, усялякае здараецца. Тут у бой адразу ня кідаюць, нават калі б ты сам захацеў. Цяпер я працую з БПЛА, апэратарам дрона», — кажа беларус.
Ён трапіў на адзін з гарачых кірункаў фронту. Але ўдакладняе, што «ня ў самым гарачым пункце».
«Для мяне гэта была як звычайная праца. Уражаньні ў мяне добрыя. Бо служба ідзе, ворага мы нішчым, і я магу гэта бачыць праз камэру дрона. Не на ўсіх кірунках усё пасьпяхова, але дзе я служу — там праца ідзе даволі добра. Праз камэру дрона я шмат разоў бачыў варожую пяхоту і тэхніку. Назіраў і тое, як дзякуючы нашай працы тэхніка потым гарыць. Прыгожа. У мяне гэта выклікае захапленьне. Унутраныя ўражаньні былі такія, што я тут прыношу карысьць», — тлумачыць Арцём.
«Не пляную заставацца да канца, бо канца можа і ня быць»
Арцём кажа, што дзякуючы сваёй адукацыі, ведам у фізыцы, матэматыцы і праграмаваньні яму было лацьвей разьбірацца ў дронах. Ён заўважае, што дроны ім «ня падаюць зь неба».
«FPV-дроны (хуткасныя коптэры, якімі кіруюць з дапамогай адмысловых шлемаў. — РС), па сутнасьці, — гэта расходны матэрыял. Напэўна, многія бачылі кадры з фронту, як такі дрон эфэктна зьнішчае варожы танк. Але за прыгожымі кадрамі ня бачна яшчэ 10 такіх FPV-дронаў, якія страцілі сувязь, прамахнуліся ці трапілі ў зону РЭБ (радыёэлектроннай барацьбы. — РС) праціўніка. Таму нельга сказаць, што мы ўсё маем, і шмат», — кажа добраахвотнік.
Паводле ягоных назіраньняў, ва Ўкраіне добра працуюць гарызантальныя сувязі. Шырокія знаёмствы з рознымі людзьмі, арганізацыямі, брыгадамі дапамагаюць добраахвотнікам здабываць дроны.
«Шмат што мы набываем за свае грошы — па-простаму скідваемся. Бо па-іншаму ніяк. Данатаў стала менш, бо людзям надакучыла вайна. І нам патрэбныя дроны, антэны, станцыі. Бо мы хочам працаваць эфэктыўна. Яшчэ я б сказаў, што ў нас не хапае людзей. Каб іх было больш — гэта таксама спрыяла б нашай эфэктыўнасьці», — разважае Арцём.
Паводле яго, вайна будзе яшчэ доўга.
«Фронт усталяваўся, усе бакі акапаліся. Таму — дакладна больш чым год. Я тут не пляную заставацца да канца. Бо канца можа і ня быць. Буду тут столькі, колькі буду адчуваць, што патрэбны, што я тут раблю нешта важнае. Зьеду, калі зразумею, што больш проста не магу і што ёсьць людзі, якія мяне тут заменяць», — тлумачыць беларус.
Блізкім і сябрам, якія ў Беларусі, добраахвотнік нічога не расказвае.
«Гэта цяжка, што я не магу ім нічога расказаць пра тое, чым я насамрэч займаюся — дзеля іх жа бясьпекі. Я хлушу, што я ў Польшчы і ў мяне ўсё добра. Хлусіць цяжка, але я гатовы пацярпець», — кажа ён.
У першай гутарцы са Свабодай Арцём казаў, што застанецца ва Ўкраіне да перамогі і да вызваленьня Беларусі. Цяпер ягоныя думкі зьмяніліся.
«Скажам так, што пры магчымасьці я пайду вызваляць Беларусь. Але ці зьявіцца такая магчымасьць? Ня ведаю. Раней я больш аптымістычна на гэта глядзеў. Цяпер зразумеў, як надоўга гэта ўсё зацягнецца. І ў мяне часткова зьнікла надзея. Але я думаю, што нешта магчымае ў будучыні. Разам з тым разумею, што гэта можа здарыцца вельмі і вельмі няхутка», — патлумачыў добраахвотнік.
Пасьля вяртаньня ў цывільнае жыцьцё Арцём плянуе вярнуцца да праграмаваньня. «Гэта самы звычайны, нецікавы, але самы надзейны варыянт пакуль для мяне», — дадаў ён.
«На свае вочы ўбачыў тое, што чытаў у Сьвятланы Алексіевіч»
Сяргею амаль 50 гадоў. У Беларусі ён зазнаў перасьлед ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, адбыў тэрмін паводле «палітычнага» артыкула. Пасьля новага вітка ціску з боку сілавікоў Сяргей вырашыў паехаць жыць у Польшчу. Там да яго прыйшла думка далучыцца да палку Каліноўскага. Гэта было ўвесну 2023 году.
«Гэта не было спантанна, эмацыйна. Я шмат думаў і разважаў. Мне трапілася на вочы абвестка палку, што ім патрэбен добры кіроўца і мэханік. Гэта акурат мая спэцыяльнасьць. Я вырашыў ехаць», — казаў беларус сёлета ўвесну ў размове са Свабодай.
Афармленьне дакумэнтаў у яго таксама заняло некалькі месяцаў. Цяпер Сяргей у адным з украінскіх гарадоў на «гарачым кірунку».
«Адаптуюся да вайны. Страх божы, што тут адбываецца. Пра такое я чытаў у Сьвятланы Алексіевіч „У вайны не жаночы твар“. Вакол — боль і гора людзей, зьнішчаныя вёскі і палова гораду, дзе мы цяпер», — расказвае добраахвотнік.
Ён кажа, што практычна ў кожнай украінскай сям’і ў тым горадзе, дзе ён цяпер знаходзіцца, нехта загінуў на фронце. «Праяжджаеш могілкі — усё стракаціць ад украінскіх сьцягоў. Калі ўсё гэта бачыш на свае вочы, то проста страшна», — кажа беларус.
Сяргей дадаў, што будзе заставацца ва Ўкраіне і дапамагаць там «столькі, колькі будзе патрэбна мая дапамога».