Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вынесьлі чарговы сьмяротны вырак. Як часта і за што прысуджаюць такое пакараньне?


Роба асуджанага на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Роба асуджанага на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Беларусь — апошняя краіна ў Эўропе і на постсавецкай прасторы, якая штогод прымяняе сьмяротнае пакараньне. За гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш як 300 сьмяротных прысудаў.

У 1971 годзе рэзалюцыя ААН стала першым крокам да ўсеагульнай адмены сьмяротнага пакараньня. На сёньня агульная колькасьць дзяржаваў, якія адмянілі сьмяротнае пакараньне заканадаўча ці не прымяняюць яго на практыцы, складае 140 з 192.

У Беларусі, нягледзячы на пратэсты праваабаронцаў, такі від прысуду дагэтуль распаўсюджаны.

Апошні сьмяротны вырак

Апошнім прыкладам стаў вырак жыхару Слуцку за забойства 3-гадовага сына. Абвінавачанага ў забойстве Аляксандра Таратуту асудзілі на расстрэл. Жонку падсуднага пакаралі 25 гадамі калёніі строгага рэжыму.

Справу сужэнцаў разглядаў Менскі абласны суд. Паводле матэрыялаў справы, 14 студзеня 2023 году Анастасія і Аляксандар Таратуты да сьмерці пабілі свайго трохгадовага сына Сямёна. Непасрэдна перад сьмерцю хлопчыку нанесьлі 9 удараў, 7 зь іх па галаве. У выніку дзіцяці была прычыненая закрытая чэрапна-мазгавая траўма, якая стала прычынай кровазьліцьця пад мазгавыя абалонкі, ускладненая ацёкам галаўнога і сьпіннога мозгу.

Праваабаронцы, у сваю чаргу, паведамілі пра катаваньні і ціск на абвінавачаных. Паводле іхнай інфармацыі, падчас аднаго з судовых пасяджэньняў стала вядома, што абвінавачаныя падавалі заяву на ўзбуджэньне крымінальнай справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі за ўжываньне да іх фізычнага гвалту і ціску. Ва ўзбуджэньні крымінальнай справы адмовілі. Да матэрыялаў справы далучылі пастанову аб адмове.

Як расказала праваабаронцам «Вясны» былая сукамэрніца Анастасіі Таратуты, пасьля затрыманьня ў слуцкім аддзеле Сьледчага камітэту яе білі аголеным электрапровадам з патрабаваньнем даць прызнальныя паказаньні.

Рэфэрэндум 1996 году і заклікі да мараторыю

Пытаньне скасаваньня сьмяротнай кары, якое было выключна кансультацыйным, уздымалася на рэспубліканскім рэфэрэндуме 1996 году.

Супраць адмены сьмяротнай кары прагаласавалі 80,44% выбарцаў (каля 6 мільёнаў чалавек), за — толькі 17,93% (крыху больш за мільён).

У час рэфэрэндуму максымальным пакараньнем было 15 гадоў зьняволеньня, у 1997 годзе ўвялі магчымасьць 25-гадовага тэрміну і пажыцьцёвага зьняволеньня.

У 2008 годзе ПАРЭ заклікала Беларусь да мараторыю на пакараньне сьмерцю і ўхваліла рэзалюцыю аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі. У галасаваньні ўдзельнічалі 69 дэлегатаў. За рэзалюцыю выказаліся 56 удзельнікаў галасаваньня, 11 прагаласавалі супраць і 2 устрымаліся.

Беларускія ўлады ўдзельнічалі ў кансультацыях з ПАРЭ, але да закліку не прыслухаліся.

Пра выкананьне сьмяротных выракаў ня кажуць

Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.

Сёлета ў траўні каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» заявіў, што «за 2022 год яны не зафіксавалі фактаў вынясеньня новых сьмяротных прысудаў, але пры гэтым нельга сьцьвярджаць, што іх не было».

«Мы стараемся пераправяраць, наколькі гэта магчыма, таму што гэтая інфармацыя прыхаваная, яна застаецца пад заслонай сакрэтнасьці, і цяпер, пасьля падзей 2020 году, стала яшчэ меней магчымасьці атрымліваць інфармацыю пра гэта.

Але мы зафіксавалі ў рамках нашай кампаніі выкананьне аднаго сьмяротнага прысуду, Віктару Скрундзіку, летам мінулага году. Улады пра гэта не паведамлялі, была толькі ўскосная інфармацыя», — казаў Палуда.

У параўнаньні з папярэднімі гадамі ў 2022-м у Беларусі сытуацыя памянялася. Зьявілася новае кола асоб, адносна якіх можа быць вынесены сьмяротны вырак, — цяпер гэта і людзі з вайсковым статусам, чыноўнікі, гэтае кола юрыдычна пашырылася. Да таго ж цяпер законам прадугледжана вынясеньне сьмяротных прысудаў нават не за зьдзяйсьненьне нейкіх злачынстваў, а за падрыхтоўку, калі шкоды грамадзтву фактычна не нанесена.

За што каралі сьмерцю ў Беларусі ў апошнія гады

За гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў. Сярод найбольш вядомых справаў, у якіх прысудзілі сьмяротнае пакараньне:

  • Справа Андрэя Бурдыкі і Алега Грышкаўцова

Асуджаныя на расстрэл Горадзенскім абласным судом 14 траўня 2010 году за злачынствы, якія былі зьдзейсьненыя падчас збройнага нападу на кватэру ў Горадні ў кастрычніку 2009 году.

  • Справа Аляксандра Грунова

Асуджаны на расстрэл Гомельскім абласным судом 14 чэрвеня 2013 году за забойства знаёмай студэнткі Натальлі Емяльянчыкавай, якой ён нанёс 102 нажавыя раненьні.

  • Справа Андрэя Жука

Асуджаны на расстрэл Менскім абласным судом 17 ліпеня 2009 году за разбойны напад на аўтамабіль аграфірмы, які перавозіў заработную плату, і забойства абодвух супрацоўнікаў прадпрыемства, якія знаходзіліся ў машыне.

  • Справа Васіля Юзэпчука

Асуджаны на расстрэл Берасьцейскім абласным судом 29 чэрвеня 2009 году за забойства 6 жанчын сталага веку, каб завалодаць іх маёмасьцю.

  • Справа Рыгора Язэпчука

Асуджаны на расстрэл Магілёўскім абласным судом 23 красавіка 2013 году за забойства сукамэрніка.

  • Справа Дзьмітрыя Канавалава і Ўлада Кавалёва

Асуджаныя на расстрэл 30 лістапада 2011 году за тэракт у менскім мэтро, у часе якога загінулі 15 чалавек і больш за 400 пацярпелі.

Чаму, на думку праваабаронцаў, сьмяротную кару трэба адмяніць

Беларусь — апошняя краіна ў Эўропе і на постсавецкай прасторы, якая штогод прымяняе сьмяротную кару супраць сваіх грамадзянаў. Нягледзячы на ўзятыя на сябе абавязаньні як сябры Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) «прадастаўляць грамадзкасьці інфармацыю адносна прымяненьня сьмяротнага пакараньня», усе зьвесткі пра вынесеныя і прыведзеныя ў выкананьне прысуды засакрэчаныя.

Беларускія праваабаронцы «выступаюць за справядлівае і абгрунтаванае пакараньне для злачынцаў, якое служыць мэтам правасудзьдзя і вартае грамадзтва, дзе права на жыцьцё зьяўляецца абсалютнай каштоўнасьцю».

Таксама зьяўляюцца бясспрэчнымі дасьледаваньні, якія паказваюць, што чым больш людзі ведаюць пра факты, зьвязаныя са сьмяротнай карай, тым менш яны выступаюць супраць яе адмены, паведамляе «Вясна».

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
  • Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
  • Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG