Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца камэнтуе спрэчкі пра кару за забойства 3-гадовага хлопчыка і згадвае, як Лукашэнка ўмяшаўся ў справу гомельскага забойцы


Леанід Судаленка. Каляж
Леанід Судаленка. Каляж

Пракурор патрабуе сьмяротнай кары бацьку, якога абвінавацілі ў забойстве 3-гадовага сына. Чаму пакараньне сьмерцю не зьмяншае колькасьці цяжкіх злачынстваў у грамадзтве і як сьмяротная кара можа пераўтварыцца ў інструмэнт палітычных рэпрэсій?

Пра тое, чаму ўладам важна захаваць за сабой права караць сьмерцю, і ці захаваецца сьмяротная кара ў вольнай Беларусі, гаворым з праваабаронцам, былым палітзьняволеным Леанідам Судаленкам.

Глядзець размову з Леанідам Судаленкам цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

Сьцісла

  • Жорсткае забойства дзіцяці ніколі ня знойдзе апраўданьня ў народу, бо насамрэч гэта вельмі жахлівае злачынства, але мы, праваабаронцы, кажам, што сьмяротнае пакараньне не выпраўляе людзей.
  • Каб сёньня правесьці рэфэрэндум па сьмяротнай кары, невядома, як бы людзі прагаласавалі. Багата ў якіх эўрапейскіх краінах гэтае пытаньне вырашаў не народ, а палітыкі.
  • Улада сёньня вельмі часта прызначае «тэрарыстаў» па тых артыкулах, па якіх плянуе ўводзіць сьмяротную кару.
  • Калі я пераступіў парог кватэры маці гомельскага забойцы, сказаў ёй адно: я тут толькі таму, што ёсьць умяшаньне дзяржавы ў права на жыцьцё, я ня буду даваць ацэнку таму, што зрабіў ваш сын.

— Беларусь — адзіная краіна Эўропы, дзе сьмяротная кара прымяняецца ў якасьці выключнай меры пакараньня. Апошнія дні вельмі актыўна ў сацыяльных сетках абмяркоўваецца працэс у Слуцкім раённым судзе над мужам і жонкай, якіх абвінавачваюць у жорсткім забойстве 3-гадовага сына. Пракурор запатрабаваў для маці 25 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі строгага рэжыму і сьмяротнае пакараньне для бацькі. У камэнтарах даволі шмат людзей выказваюцца агулам супраць сьмяротнай кары, але ў гэтым канкрэтным выпадку лічаць, што бацька заслугоўвае сьмерці за жорсткае забойства. Што б вы адказалі гэтым людзям?

— Жорсткае забойства дзіцяці ніколі ня знойдзе апраўданьня ў народу, бо насамрэч гэта вельмі жахлівае злачынства. Але мы, праваабаронцы, кажам, што сьмяротнае пакараньне не выпраўляе людзей. Ёсьць шмат прыкладаў таго, што самае жорсткае пакараньне ня стрымлівае людзей ад жорсткіх забойстваў. Праваабаронцы называюць 6 ці 7 прычынаў для ўвядзеньня мараторыю на сьмяротную кару. Гэта ў тым ліку і судовыя памылкі.

— На рэфэрэндуме 1996 году, якім Аляксандар Лукашэнка фактычна працягнуў сабе прэзыдэнцкія паўнамоцтвы, сярод іншых было пытаньне, ці падтрымліваеце вы сьмяротную кару. Улады заяўляюць, што беларусы падтрымалі сьмяротную кару. Вынікі гэтага рэфэрэндуму не прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, і пазыцыя грамадзтва насамрэч не вядомая. Ці мае такое пытаньне як сьмяротная кара, вырашацца на рэфэрэндумах і выбарах, асабліва ў пераходных грамадзтвах? Народ ці эліты маюць гэта вырашаць?

— З таго рэфэрэндуму прайшло больш за чвэрць стагодзьдзя. Нават праз 15 гадоў пасьля яго былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду і былы пракурор Рыгор Васілевіч казаў пра рэкамэндацыйны характар гэтага пытаньня. Прайшло столькі часу, зьмянілася пакаленьне. Каб сёньня правесьці рэфэрэндум па гэтай тэме, невядома, як бы людзі прагаласавалі. Багата ў якіх эўрапейскіх краінах гэтае пытаньне вырашаў не народ, а палітыкі. Гэта палітычнае пытаньне, і яго напэўна трэба вырашаць ня шляхам рэфэрэндуму. Нават у заходніх краінах, калі правесьці рэфэрэндум, напэўна, палова на палову будзе тых, хто за і хто супраць сьмяротнай кары.

— З кожным годам улады павялічваюць колькасьць артыкулаў Крымінальнага кодэксу, за якія можа прызначацца сьмяротнае пакараньне. Сёлета ў лютым Палата Прадстаўнікоў зацьвердзіла сьмяротную кару за «здраду дзяржаве», якая можа быць прымененая да службовых асоб і вайскоўцаў, якія «здрадзілі дзяржаве». Таксама ў справе аб дывэрсіі ў дачыненьні да расейскага самалёта ў Мачулішчах можа быць вынесенае сьмяротнае пакараньне. Якія тут пагрозы вы бачыце?

— Я бачу ў гэтым тэндэнцыю, што ўлада праз такое жорсткае пакараньне спрабуе весьці барацьбу з пратэставымі настроямі ў грамадзтве. Праваабаронцы супраць таго, каб у крымінальным заканадаўстве павялічвалася колькасьць артыкулаў, паводле якіх будзе ўжывацца сьмяротная кара. Улада сёньня вельмі часта прызначае «тэрарыстаў» па тых артыкулах, па якіх плянуе ўводзіць сьмяротную кару.

— Наяўнасьць сьмяротнай кары была адной з галоўных прычынаў таго, што Беларусь не ўвайшла ў Раду Эўропы. У свой час, калі б улады ўвялі мараторый на сьмяротную кару, Беларусь магла стаць сябрам Рады Эўропы, нягледзячы на шматлікія парушэньні правоў чалавека. Чаму для кіраўніка Беларусі так важна захаваць за сабой права караць сьмерцю?

— Кіраўнік Беларусі інакш кіраваць краінай ня можа. Калі адмяніць сьмяротную кару, тады зьяўляецца магчымасьць увайсьці ў Раду Эўропы, далучыцца да Эўрапейскага суду па правах чалавека, куды грамадзяне Беларусі пачнуць пісаць свае скаргі. Гэта ўнясе дэмакратычны складнік у грамадзтва. Таму і палітыка такая. Лукашэнка цягам трох дзесяцігодзьдзяў кіраваў жорсткай рукой, ён інакш ня можа. Гэтае пытаньне давядзецца вырашаць пасьля яго.

— Вядомыя толькі некалькі выпадкаў, калі Лукашэнка памілаваў асуджаных на сьмерць. Ці ёсьць тут пэўныя псыхалягічныя асаблівасьці — адных мілую, іншых караю?

— У Гомельскім рэгіёне быў выпадак, калі Лукашэнка захацеў паказаць сябе гуманным чалавекам, і забойцаў памілавалі. Ён тады ўмяшаўся ў судовы працэс. Калі я асабіста бараніў права на жыцьцё гомельскага забойцы студэнткі, мы дамагліся ў Вярхоўным судзе адмены сьмяротнага прысуду з фармулёўкай, што Гомельскі абласны суд не ўлічыў зьмякчальныя абставіны. Тады асабіста Лукашэнка ўмяшаўся ў гэты працэс, ён па тэлебачаньні сказаў, што гэты чалавек не павінен жыць, што вы там у Гомлі разьвялі дэмакратыю. Тады хуценька абласны суд у Гомлі перагледзеў гэты прысуд, ізноў жа вынес сьмяротны прысуд, хоць пасьля Вярхоўнага суду там усё ішло да таго, што будзе іншае пакараньне, магчыма, пажыцьцёвае.

Мы, праваабаронцы, змагаемся за адстойваньне права на жыцьцё кожнага, мы не даем ацэнкі таго, што зрабілі гэтыя людзі, нават калі мы бачым, што гэта самае жорсткае забойства. Калі я пераступіў парог кватэры маці гомельскага забойцы, сказаў ёй адно: я тут толькі таму, што ёсьць умяшаньне дзяржавы ў права на жыцьцё, я ня буду даваць ацэнку таму, што зрабіў ваш сын... Калі мы кажам пра каштоўнасьць жыцьця кожнага, то не дзяржава дае жыцьцё, і дзяржава ня можа яго забіраць. Мы бачым, што і праваслаўная, і каталіцкая царква выступаюць супраць сьмяротнага пакараньня.

— Сьвятлана Ціханоўская неаднаразова выказвалася супраць сьмяротнай кары. У рамках праекту «Пятая рэспубліка», у якім распрацоўваліся адказы на пытаньні, якой мае быць вольная Беларусь, гаварылася пра неабходнасьць адмены сьмяротнай кары. Ці для прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў гэтае пытаньне прыярытэтнае і бясспрэчнае? Калі раптам паўстане пытаньне пакараньня за жорсткія забойствы і катаваньні прадстаўнікоў рэжыму...

— Ніводзін дэмакратычны ўрад, які прыйдзе да ўлады, ня зможа абыйсьці гэтае пытаньне. З гэтага пытаньня будуць выцякаць і ўсе астатнія пытаньні. Любы дэмакратычны ўрад павінен будзе вызначыцца з увядзеньнем мараторыю на сьмяротную кару. Немагчыма разьвіцьцё краіны ў дэмакратычным кірунку пры наяўнасьці сьмяротнай кары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG