Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхару Слуцку вынесьлі сьмяротны прысуд за забойства 3-гадовага сына


Суд у Менску, архіўнае фота
Суд у Менску, архіўнае фота

Абвінавачанага ў забойстве Аляксандра Таратуту асудзілі на рэсстрэл. Жонку падсуднага пакаралі 25 гадамі калёніі строгага рэжыму.

Справу сужэнцаў разглядаў Менскі абласны суд. Паводле матэрыялаў справы, 14 студзеня 2023 году Анастасія і Аляксандар Таратуты да сьмерці пабілі свайго трохгадовага сына Сямёна. Непасрэдна перад сьмерцю хлопчыку нанесьлі 9 удараў, 7 зь іх па галаве. У выніку дзіцяці была прычыненая закрытая чэрапна-мазгавая траўма, якая стала прычынай кровазьліцця пад мазгавыя абалонкі, ускладненая ацёкам галаўнога і сьпіннога мозгу, паведамляла Sb.by.

18 кастрыніка дзяржаўная абвінаваўца запрасіла для Аляксандра Таратуты сьмяротнае пакараньне.

Жонцы Аляксандра, абвінавачанай Анастасіі Таратуце, пракурорка запрасіла прызначыць 25 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі строгага рэжыму (гэта ў Беларусі максымальнае пакараньне для жанчыны).

Дзяржабвінаваўца адзначыла, што абое абвінавачаных нясуць выключную небясьпеку для грамадзтва, а абставіны крымінальнай справы аб забойстве і катаваньні маленькага Сямёна выклікаюць шок.

19 кастрычніка судзьдзя пагадзілася з пракурорам і прызнала сужэнцаў вінаватымі.

У выніку Анастасіі прысудзілі адпаведна 25 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму, а Аляксандру — сьмяротнае пакараньне шляхам расстрэлу.

Як расказала праваабаронцам «Вясны» былая сукамэрніца Анастасіі Таратуты, пасьля затрыманьня ў слуцкім аддзеле Сьледчага камітэту тую білі аголеным электрапровадам з патрабаваньнем даць прызнальныя паказаньні.

Паводле сукамэрніцы Анастасіі, пасьля таго, як Аляксандар пачаў біць дзіця, яна зьвярталася ў міліцыю, але яго толькі аштрафавалі.

У 2023 годзе яна раілася з супрацоўнікамі сацыяльнай службы наконт разводу, але тыя раілі «захаваць сям’ю».

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
  • Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
  • Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG