Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» паведаміла аб выбуху на чыгунцы пад Менскам. Што сказалі ў дзяржструктурах

абноўлена

Беларуская чыгунка. Ілюстрацыйнае фота
Беларуская чыгунка. Ілюстрацыйнае фота

Інжынэрныя збудаваньні на станцыі Азярышча пэрыядычна выкарыстоўваюць для правядзеньня пагрузачна-разгрузачных работ з вайсковай тэхнікай.

На станцыі Азярышча пад Менскам бліжэй да поўначы 5 кастрычніка адбыўся выбух.

Паводле папярэдняй інфармацыі «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі», пашкоджаны ўчастак чыгункі і стрэлачнага пераводу, якія злучаюць станцыйныя шляхі з пагрузачна-разгрузачнымі пунктамі. Гэтыя інжынэрныя збудаваньні на станцыі Азярышча пэрыядычна выкарыстоўваюць для правядзеньня пагрузачна-разгрузачных работ з вайсковай тэхнікай.

Азярышча зьяўляецца асноўнай станцыяй, на якой ажыцьцяўляецца пагрузка вайсковай тэхнікі ў раёне Менску. Побач са станцыяй знаходзяцца 120-я і 127-я брыгады сувязі, а таксама 56-й полк сувязі.

У «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі» паведамілі, што ад станцыі Азярышча ў кірунку Воршы знаходзяцца станцыі Калодзішчы і Гарадзішча, да якой прымыкае адгалінаваньне ў вайсковую частку № 42776. Станцыя Калодзішчы асобным шляхам злучаецца са станцыяй Шабаны, што стварае маршрут абыходу Менску пры маршруце Ворша — Берасьце і ў адваротным кірунку.

Гэты абыход актыўна выкарыстоўваецца для павышэньня схаванасьці і сакрэтнасьці пры ажыцьцяўленьні вайсковых перавозак расейскай тэхнікі, боепрыпасаў і кантынгенту ў кірунку Баранавічаў і Лунінца.

Журналісты выданьня «Зеркало» пад выглядам занепакоеных жыхароў патэлефанавалі ў Міністэрства па надзвычайных сытуацыях і Міністэрства абароны, каб высьветліць падрабязнасьці падзеі.

Дзяжурны Менскага гарадзкога ўпраўленьня МНС паведаміў, што «усё добра і гэта адбываюцца вучэньні».

У прыёмнай міністра абароны Беларусі пераконвалі, што інфармацыя аб выбуху – чуткі і параілі слухаць афіцыйную інфармацыю.

У даведцы Беларускай чыгункі паведамілі, што аб інцыдэнце таксама нічога ня чулі. «На цяперашні момант такой інфармацыі мы ня маем, і спазьненьняў па гэтым участку таксама няма», – адзначылі ў Беларускай чыгунцы.

Афіцыйных камэнтароў гэтых ведамстваў дагэтуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG