Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Указ пра забарону выдаваць пашпарты беларусам у консульствах набудзе моц 7 верасьня


Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь
Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь

Прэс-служба Міністэрства замежных спраў выступіла з афіцыйным камэнтаром аб новым указе Лукашэнкі.

У камэнтары да дакумэнту МЗС патлумачыў, што азначае ўказ Лукашэнкі № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і зьдзяйсьненьня дзеяньняў», які зьмяніў парадак выдачы пашпартоў беларусам, якія знаходзяцца за мяжой, а таксама вызначыў шэраг іншых працэдур. Афіцыйна ўказ пачне дзейнічаць 7 верасьня.

Заканадаўчы акт уносіць зьмены ў пералік консульскіх дзеяньняў і адміністрацыйных працэдур, якія зьдзяйсьняюць замежныя ўстановы Рэспублікі Беларусь па заявах грамадзян.

Пасольствы і консульствы будуць па-ранейшаму займацца пытаньнямі грамадзянства, консульскага ўліку, рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану, афармленьнем пастаяннага пражываньня за межамі Беларусі. Дыпляматычныя місіі будуць і далей выдаваць пасьведчаньні на вяртаньне ў Рэспубліку Беларусь, сьведчыць запаветы, згоды, адмовы, сапраўднасьць копій і сапраўднасьць подпісу на дакумэнтах.

«Беларускія замежныя ўстановы больш не ўпаўнаважаны займацца пытаньнямі выдачы/абмену/падаўжэньня ўсіх відаў пашпартоў і ідэнтыфікацыйных картак. Указаныя дзеяньні можна ажыцьцявіць на тэрыторыі Беларусі. Грамадзяне, якія аформілі пастаяннае пражываньне за межамі Рэспублікі Беларусь і знаходзяцца ў замежных установах на пастаянным консульскім уліку, змогуць зьвяртацца ў пытаньнях абмену пашпартоў у галоўнае консульскае ўпраўленьне МЗС або ў падразьдзяленьне грамадзянства і міграцыі УУС па месцы апошняй рэгістрацыі ў Рэспубліцы Беларусь (па месцы апошняга — для асоб, якія не пражывалі ў Рэспубліцы Беларусь)», — дадае МЗС.

Грамадзяне, зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь, змогуць атрымаць/абмяняць/падоўжыць пашпарт па звычайнай для ўсіх грамадзян Беларусі працэдуры ў падразьдзяленьні грамадзянства і міграцыі УУС па месцы рэгістрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Апастыль таксама будзе прастаўляцца ў адным з кампэтэнтных органаў у Рэспубліцы Беларусь (МЗС, Мінадукацыі, Мінюст і галоўныя ўпраўленьні юстыцыі Менгарвыканкаму і аблвыканкамаў — у залежнасьці ад тыпу дакумэнту).

Падача дакумэнтаў для прастаўленьня апастылю магчымая толькі асабіста ўладальнікам дакумэнту або іншай асобай пры прад’яўленьні даверанасьці, аформленай у Рэспубліцы Беларусь, дадалі ў міністэрстве.

Асабістая падача дакумэнтаў у зацікаўлены орган таксама прадугледжана і па шэрагу іншых адміністрацыйных працэдур, пералічаных у адпаведным дадатку да Ўказу (для атрыманьня даведак ЗАГС, паўторных пасьведчаньняў аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану (акрамя сьмерці) і іншага).

Пры гэтым звароты, пададзеныя грамадзянамі да набыцьця ўказам моцы разглядаюцца ў парадку, які дзейнічаў да яго ўступленьня ў сілу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG