Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь цяпер як Самалі, і я не вярнуся нават пасьля пераменаў». Беларус расказаў, чаму адмаўляецца ад грамадзянства


Дзяніс Дашкевіч. Каляж.
Дзяніс Дашкевіч. Каляж.

Грамадзянін Беларусі Дзяніс Дашкевіч з уласнага жаданьня адмаўляецца ад беларускага грамадзянства. Прычынай ён называе сваю нязгоду з тым, што адбываецца ў яго «былым доме пад назвай Беларусь».

Дашкевіч — 6-разовы ляўрэат міжнародных і рэспубліканскіх музычных конкурсаў, стыпэндыят спэцыяльнага прэзыдэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. У знак пратэсту супраць рэпрэсій у Беларусі і выкарыстаньня тэрыторыі краіны для нападу на Ўкраіну ён адмовіўся ад узнагарод.

«Магчыма, нехта думае, што я прыняў рашэньне спантанна або на эмоцыях. Не. Тое, што пачало адбывацца ў Беларусі з 2020 году, не ўкладаецца ў галаве. Адной з апошніх кропляў сталі падзеі 24 лютага 2022 году, калі наша краіна стала ня проста суагрэсарам, а фактычна мы напалі на Ўкраіну. Я кажу не пра беларускі народ, я выказваюся пра дзяржаву як структуру», — кажа Дашкевіч.

Цалкам відэа глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

Ужо год Дашкевіч жыве ў Польшчы, але да яго дадому, у Рагачове, працягваюць прыходзіць міліцыянты, складаюць пратаколы, робяць агляды памяшканьня, гэта працягваецца некалькі месяцаў. Фармальна прычынай становяцца адміністрацыйныя справы супраць Дзяніса.

«Я раблю здымкі ў Варшаве зь бел-чырвона-белым сьцягам ці з «Пагоняй», або ўдзельнічаю ў акцыях. Я жыву ў Польшчы, я павінен выконваць мясцовыя законы. Зь якой халеры мяне штрафуюць за гэта ў Беларусі? Наколькі я разумею, мяне караюць за тое, што я грамадзянін Беларусі», — дадае Дашкевіч.
Пры гэтым ён разумее, што ўлады могуць і не пазбавіць яго грамадзянства нават пасьля адпаведнай заявы.

Гэта ня робіцца імгненна. Асоба, якая жадае выйсьці з грамадзянства, не павінна мець спагнаньняў або даўгоў у Беларусі. Але Дзяніс перакананы, што нават калі б ён выканаў усе неабходныя ўмовы, яго просьбу і так могуць не задаволіць.

«У нас законы не працуюць. Таму гэта мая дэманстрацыя. Спадары лукашысты, мы не баімся, што вы нас пазбавіце грамадзянства. Вось я сам добраахвотна прашу. Я не хачу мець ніякага дачыненьня да краіны, дзе адбываецца генацыд беларускага народу. Наша дзяржава выступае супраць Украіны. Гэта Аль-Каіда ў цэнтры Эўропы. У нас Самалі, законы не працуюць дэманстратыўна. На дзяржаўным тэлебачаньні людзям пагражаюць забойствам. Суседзям пагражаюць ядзернай зброяй. Гэта адбываецца са згоды першых людзей краіны. І трэба казаць сьвету, што мы, беларусы, ня згодныя з тым, што адбываецца ў Беларусі. Дый што сёньня дае беларускі пашпарт? Там напісана, што ўладальнік гэтага пашпарта знаходзіцца пад абаронай Рэспублікі Беларусь. Таму людзі і маюць грамадзянства. Але якая гэта абарона, калі супраць мяне завялі некалькі крымінальных справаў?» — кажа Дашкевіч.

Адказу на сваю просьбу выйсьці зь беларускага грамадзянства, а таксама на адмову ад дзяржаўных узнагародаў, Дзяніс не атрымаў і не чакае. Жыць далей ён плянуе ў Польшчы і кажа, што дакумэнтаў, якія выдае яму польская дзяржава, дастаткова. Вяртацца ў Беларусь ён не плянуе нават пасьля дэмакратычных пераменаў на радзіме.

«Не хачу падманваць. Я разумею, што цяпер модна казаць, што пасьля пераменаў усе мы вернемся. Я не вярнуся ў Беларусь, бо я вельмі добра ведаю і па суседзях, па былых сябрах, якія ўсё падтрымліваюць агрэсію супраць Украіны. Я не змагу жыць з гэтымі людзьмі. Гэта цяжка ўявіць, як такое можна прабачыць і забыць. У краіне татальныя рэпрэсіі, і гэта ўсё робяць беларусы, а не іншаплянэтнікі. Гэта нашыя настаўнікі і іншыя нашыя людзі фальсыфікавалі выбары. Гэта дзясяткі тысяч. Перамены і рэформы таксама будуць балючымі. І наш народ у большасьці не гатовы да гэтых пераменаў, бо зьнішчаная ініцыятыва. Эканамічная частка насельніцтва зьехала. Лукашэнка помсьлівы чалавек, і ён не даруе нам той час, які ён перажыў у 2020 годзе. Я не ўяўляю сабе, хто зараз у Беларусі зможа давесьці рэвалюцыю да канца», — кажа Дзяніс Дашкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG