Паводле агенцтва BPN, сустрэча палітыкаў прайшла 28 жніўня падчас Міжнароднага стратэгічнага форуму ў славенскім Бледзе (Bled Strategic Forum).
Як паведаміў галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, Ціханоўская «выказала надзею, што Баўгарыя падтрымае праект з новым беларускім пашпартам», а таксама расказала баўгарскаму прэм’еру аб наступных кроках па яго рэалізацыі.
Вячорка зазначыў, што на сустрэчы размова таксама ішла аб пагрозах незалежнасьці Беларусі, прысутнасьці ў краіне наймітаў ПВК «Вагнэр» і падтрымцы ініцыятыў, накіраваных на «ўмацаваньне беларускай ідэнтычнасьці».
«Ціханоўская падзякавала Баўгарыі за падтрымку дэмакратычнай Беларусі ў Эўрапейскай радзе, а таксама за актыўную пазыцыю па Ўкраіне. Яна прапанавала, каб пытаньне Беларусі было ўзьнятае на сустрэчах „Бухарэсцкай дзявяткі“, куды ўваходзяць Баўгарыя, Вугоршчына, Эстонія, Літва, Латвія, Польшча, Румынія, Славаччына і Чэхія, і выказала жаданьне ўдзелу прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці ў мерапрыемствах дзявяткі», — дадаў дарадца.
Ён анансаваў сустрэчу Ціханоўскай 29 жніўня зь міністрам замежных спраў Баўгарыі Марыяй Габрыэль, на якой бакі абмяркуюць «далейшае супрацоўніцтва, падтрымку палітвязьняў і рэпрэсаваных, а таксама беларускіх добраахвотнікаў».
6 жніўня прадстаўнік у міжнародных справах Аб‘яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Валер Кавалеўскі прэзэнтаваў у Варшаве (Польшча) у рамках канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023» узор распрацаванага нацыянальнага пашпарта Новай Беларусі. Паводле Кавалеўскага, у афармленьні геральдычная камісія абапіраліся на эўрапейскія традыцыі. Будзе прысутнічаць герб «Пагоня», які дзейнічаў у ВКЛ, БНР і незалежнай Беларусі, а таксама гімн БНР.
«Мы цяпер вядзём перамовы аб прызнаньні гэтага дакумэнту. Ёсьць пэўныя пазытыўныя сыгналы», — паведаміў Валер Кавалеўскі.
17 жніўня Валер Кавалеўскі расказаў пра вынікі апытаньня аб новым нацыянальным пашпарце Беларусі, якое праходзіла на плятформе «Голас». Кавалеўскі паведаміў, што жаданьне атрымаць «пашпарт новай Беларусі» выявілі наменш 57 тысяч чалавек:
«Трохі больш за тыдзень таму мы прэзэнтавалі праект новага нацыянальнага пашпарта Беларусі. Мы ўражаныя запытам: за такі кароткі тэрмін удзельнікі апытаньня выказалі намер атрымаць больш за 57 000 пашпартоў. Тысячы зь іх пазначылі, што плянуюць зьвяртацца па пашпарт ня толькі для сябе, але і разам з чальцамі сваіх сем'яў.