Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як наёмнікі ПВК «Вагнэр» трапілі ў Беларусь. Хроніка асноўных падзей


Найміты ПВК «Вагнэр» ў Растове-на-Доне, Расея. Ілюстрацыйнае фота
Найміты ПВК «Вагнэр» ў Растове-на-Доне, Расея. Ілюстрацыйнае фота

24 дні прайшлі ад пачатку «бунту» Яўгенія Прыгожына ў Расеі і спробы «дайсьці да Масквы». Паводле некалькіх паведамленьняў СМІ і маніторынгавых груп, ПВК «Вагнэр» ужо дайшла да беларускіх Асіповічаў.

На выходных 14–16 ліпеня расейскія і беларускія тэлеграм-каналы фіксавалі перасоўваньне калёнаў вагнэраўцаў па дарогах Расеі і Беларусі. Дзе цяпер падразьдзяленьні прыватнай вайсковай кампаніі і як яны там апынуліся? Падрабязнасьці ў хроніцы Свабоды.

17 ліпеня. Выданьне New York Times апублікавала спадарожнікавыя здымкі, якія могуць пацьвердзіць прыбыцьцё «Вагнэра» ў Беларусь. Паводле інфармацыі выданьня, першыя пікапы і УАЗ яны заўважылі пад Асіповічамі яшчэ 13 ліпеня. Іншыя аўтамабілі прыбылі ў суботу і нядзелю, 14 і 15 ліпеня.

Радыё Свабода атрымала свае спадарожнікавыя здымкі, які пацьвярджацюь гэтую інфармацыю.

16 ліпеня. Яшчэ адну калёну «Вагнэра» зафіксавалі ў Ліпецкай вобласьці Расеі. Як паведаміў тэлеграм-канал «Осторожно, новости», лёгкая і грузавая вайсковая тэхніка накіроўвалася па шашы з Украіны, імаверна, у Беларусь. У калёне было ня менш за 50 аўтамабіляў.

15 ліпеня. Пра рух калёны «Вагнэра» па беларускай тэрыторыі заявіў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн». У калёне было ня менш за 60 аўтамабіляў, сярод якіх дзесяць грузавікоў, тры аўтобусы, пікапы УАЗ «Патрыёт» і мікрааўтобусы таго ж вытворцы. «Па стане на 8 раніцы калёна рухаецца ў бок Асіповічаў», — пісаў «Беларускі Гаюн».

Тэлеграм-канал сьцьвярджаў, што калёна ўехала ў Беларусь у раёне Крычава. Затым машыны праз Рагачоў і Бабруйск паехалі на Асіповічы.

Пра тое, што «Вагнэр» ужо ў Беларусі, заявілі і ўкраінскія памежнікі. «У Беларусі заўважылі асобныя групы прадстаўнікоў з прыватных вайсковых кампаній, якія перамяшчаюцца з тэрыторыі Расеі», — напісаў прэсавы сакратар памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

14 ліпеня. Тэлеканал «ВаенТВ» прадэманстраваў кадры заняткаў нібыта інструктараў «Вагнэра» зь беларускай тэрытарыяльнай абаронай у лягеры пад Асіповічамі. «Вайсковаабавязаныя асвойваюць навыкі перамяшчэньня па полі бою і тактычнай стральбы, атрымліваюць веды ў інжынэрнай падрыхтоўцы і тактычнай мэдыцыне», — паведамляў тэлеканал.

Прэсавая служба Міністэрства абароны паведаміла, што «вайсковым ведамствам і кіраўніцтвам кампаніі („Вагнэр“. — РС) выпрацавана дарожная мапа на найбліжэйшую пэрспэктыву ў падрыхтоўцы і перадачы досьведу паміж падразьдзяленьнямі розных відаў войскаў».

13 ліпеня. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ПВК «Вагнэр» не існуе. «Ну дык ПВК „Вагнэр“ не існуе!, — цытуе Пуціна „Коммерсант“. — У нас няма закону аб прыватных вайсковых арганізацыях. Проста не існуе. Такой юрыдычнай асобы няма. Група ёсьць, але юрыдычна яна не існуе. Гэта асобнае пытаньне, зьвязанае зь легалізацыяй».

12 ліпеня. Некаторыя тэлеграм-каналы апублікавалі здымак Яўгенія Прыгожына. Фота суправаджалася камэнтаром аб тым, што кіраўнік «Вагнэра» знаходзіцца ў Беларусі ў палявым лягеры каля вёскі Цэль пад Асіповічамі. «Беларускі Гаюн» прыйшоў да высновы, што фота можа быць праўдзівым, улічваючы прылёт і адлёт самалёта Прыгожына ў Беларусь акурат у абазначаныя даты.

11 ліпеня. Міністэрства абароны заявіла, што ПВК «Вагнэр» прыедуць у Беларусь для «абмену досьведам». «Байцы будуць разьмеркаваны па палігонах, дзе будуць праводзіць заняткі і абмен досьведам. Асаблівую ўвагу плянуецца ўдзяліць прыёмам і спосабам вядзеньня баявых дзеяньняў», — удакладнілі ў прэсавай службе ведамства.

6 ліпеня. Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі заявіў, што ў выпадку разьмяшчэньня ПВК «Вагнэр» у Беларусі з кампаніяй будзе заключаны юрыдычна абавязковы кантракт і будуць «пэўныя рамкі», у якіх будзе дзейнічаць падразьдзяленьне. Чарговы раз Лукашэнка заявіў, што «мы ніколі ні на кога не нападалі». Але калі супраць Беларусі будзе агрэсія, то будзе адказ. «Калі тут будзе ПВК „Вагнэр“, то яны, як і беларускае войска, будуць абараняць нашы інтарэсы», — выказаўся Лукашэнка.

Заходнім журналістам паказалі лягер пад Асіповічамі. Яны зафіксавалі, што палявы лягер існуе, але на момант наведваньня журналістамі ён быў пусты.

2 ліпеня. Расейская прапаганда зьняпраўдзіла вэрсію Лукашэнкі пра перамовы з Прыгожыным. У праграме «Вести недели» зь Дзьмітрыем Кісялёвым прадставілі іншую вэрсію падзей, якая цалкам супярэчыць выказанай раней Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле вядоўцы праграмы, Прыгожын на званкі Лукашэнкі адказваць не хацеў і ўзяў слухаўку толькі пасьля «папераджальных удараў» побач з калёнай вагнэраўцаў. Паводле Дзьмітрыя Кісялёва, Прыгожын сам запрасіў размову з Пуціным, але той «са здраднікам размаўляць адмовіўся».

30 чэрвеня. Беларуская служба Радыё Свабода з дапамогай спадарожнікавых здымкаў і сьведчаньняў мясцовых жыхароў зафіксавала будаўніцтва палявога лягера пад Асіповічамі, каля вёскі Цэль. Паводле мясцовых жыхароў, рамонтна-будаўнічыя работы на тэрыторыі былой вайсковай часткі ў вёсцы Цэль пачаліся ў чэрвені. Яшчэ 17 чэрвеня 2023 году сьлядоў разгортваньня палявога лягера на тэрыторыі вайсковай часткі ля Цэлі не было. Не відаць лягера і на спадарожнікавым фота за 24 чэрвеня. А вось на здымках за 27 чэрвеня ўжо можна разгледзець меркаваныя палявыя намёты і прыкметы будаўніцтва — раскапаныя катлаваны і новыя аб’екты.

Радыё Свабода налічыла каля 300 палявых намётаў.

26 чэрвеня. Уладзімір Пуцін прапанаваў байцам «Вагнэра» тры варыянты: заключыць кантракты з расейскім Міністэрствам абароны, вярнуцца да мірнага жыцьця ці «пайсьці ў Беларусь».

24 чэрвеня. Прэсавая служба Лукашэнкі паведаміла, што ён «па ўзгадненьні» з прэзыдэнтам Расеі правёў перамовы з кіраўніком ПВК «Вагнэр» Яўгеніем Прыгожыным. У выніку перамоў прыйшлі да дамоўленасьці аб «недапушчальнасьці разьвязаньня крывавай бойні на тэрыторыі Расеі». «Яўгеній Прыгожын прыняў прапанову Лукашэнкі аб прыпыненьні руху ўзброеных асоб кампаніі „Вагнэр“ па тэрыторыі Расеі».

23–24 чэрвеня. ПВК «Вагнэр» пад кіраўніцтвам Яўгенія Прыгожына заявіла пра «Марш справядлівасьці» і паход на Маскву. Расейскія ўлады расцанілі такія дзеяньні як мяцеж. Супраць Прыгожына распачалі крымінальную справу паводле адпаведнага артыкулу. Увечары 24 чэрвеня «паход на Маскву» быў спынены, пра гэта заявіў сам Яўгеній Прыгожын.

Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна, неўзабаве паведаміў, што крымінальная справа супраць Прыгожына будзе спыненая, сам ён можа ехаць у Беларусь.Пяскоў таксама падзякаваў Лукашэнку за дапамогу ва «ўрэгуляваньні канфлікту».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG