Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы ў памежнай зь Беларусьсю рацэ Буг за дзень выявілі целы двух мігрантаў


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Польскі памежнік на мяжы зь Беларусьсю
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Польскі памежнік на мяжы зь Беларусьсю

У Янаве Падляскім памежнікі затрымалі 13 грамадзян Афганістану, якія незаконна перасеклі польска-беларускую мяжу.

Падчас апэрацыі ў рацэ Буг знайшлі целы двух іншаземцаў, паведамляе мясцовы партал навінаў bp24.pl з спасылкай на супрацоўнікаў Памежнай аховы, піша «Позірк».

Падчас апэрацыі затрыманьня мігрантаў у рацэ знайшлі цела чалавека, які, «хутчэй за ўсё, патануў значна раней», — цела ўжо моцна расклалася. Празь некалькі гадзін ратаўнікі выявілі яшчэ адно цела, расказаў прадстаўнік Памежнай службы Польшчы. Цяпер спрабуюць высьветліць усе абставіны гібелі мігрантаў.

Паводле зьвестак «Газэты Выборчай», за апошнія два тыдні на польска-беларускай мяжы знайшлі пяць целаў: два на беларускім баку, тры — на польскім (адно 5 красавіка і два — 15 красавіка).

«З пачатку міграцыйнага крызісу летам 2021 году па абодва бакі польска-беларускай мяжы былі знойдзеныя целы прынамсі 66 чалавек. Так адбываецца з таго часу, як Аляксандар Лукашэнка, абяцаючы лёгкі доступ у Эўропу, адкрыў міграцыйны канал празь Беларусь, тым самым завабіўшы ў пастку людзей, якія ратуюцца ад войнаў, перасьледу, крайняй галечы і гвалту», — піша выданьне.

16 красавіка намесьнік міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мацей Душчык заявіў у этэры польскай тэлевізіі, што ў Польшчы чакаюць новых правакацыяў на мяжы зь беларускага боку, у тым ліку з ужываньнем гвалту да мігрантаў.

Паводле яго, загінулых мігрантаў, целы якіх знайшлі напярэдадні, «скінулі ў ваду беларускія службы, хутчэй за ўсё, у сярэдзіне сакавіка».

13 красавіка міністар унутраных справаў і адміністрацыі, каардынатар спэцслужбаў Польшчы Томаш Семоняк напісаў у Х, што апошнім часам прадстаўнікі беларускіх службаў «зьвяртаюцца да беспасярэдніх правакацыяў і агрэсіўных дзеяньняў паблізу мяжы». Камэнтар міністра зьявіўся празь некалькі гадзін пасьля таго, як прэс-сакратар ведамства Яцэк Дабжыньскі ў той жа сацсетцы паведаміў, што мігранты кідалі камяні ў аўтамабіль польскіх памежнікаў на мяжы зь Беларусьсю, сярод іх відэакамэры зафіксавалі «супрацоўніка беларускай службы ў форме».

У абнародаваным у сакавіку дакладзе гуманітарных арганізацый Oxfam і Egala гаворыцца, што мігранты, якія прыбылі ў Беларусь, цярпяць ад гвалту з боку беларускіх сілавікоў, якія прымушаюць іх нелегальна перасякаць мяжу з Польшчай, і прыводзяцца канкрэтныя выпадкі жорсткага стаўленьня да мігрантаў.

Улады Беларусі рэгулярна заяўляюць пра пакуты, фізычныя траўмы і гібель іншаземцаў на мяжы з краінамі ЭЗ, нязьменна ўскладаючы адказнасьць за гэта на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Польшчы, Літвы й Латвіі. Пры гэтым беларускі бок не паведамляе, як мігранты зьяўляюцца на мяжы з краінамі ЭЗ у зоне адказнасьці памежнага ведамства.

  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве. Трэцяга кастрычніка 2024 году міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк прызнаўся, што сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю стала «адным з самых сур’ёзных крызісаў» для польскай дзяржавы і «велізарным выклікам» для яго самога.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча збудавалі сьцяну на мяжы зь Беларусьсю. Урады спачатку Літвы, а потым Латвіі і Польшчы ўлетку 2021-га зрабілі істотна стражэйшым заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў сумежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў.
  • Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны ЭЗ. Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • З пачатку 2025 году, паводле падлікаў «Позірку», Польшча спыніла прынамсі 4,6 тысячы спробаў незаконнага перасячэньня мяжы зь беларускай тэрыторыі, з пачатку красавіка — больш за 1,1 тысячы спробаў.
  • За 2024 год Літва, Латвія і Польшча агулам спынілі 36,3 тысячы спробаў незаконнага пранікненьня мігрантаў зь беларускай тэрыторыі.
  • У чэрвені 2024 году на польска-беларускай мяжы ў сувязі з узмацненьнем міграцыйнага ціску стварылі так званую буфэрную зону. Яна пачала дзейнічаць з 13 чэрвеня і была створаная на 90 дзён, пасьля тэрмін яе дзеяньня ня раз падаўжалі. Даўжыня буфэрнай зоны — 60,67 км, шырыня — ад 200 м да 2 км. На працягу 44 км буфэрная зона ахоплівае 200 м ад лініі дзяржаўнай мяжы. Заезд у буфэрную зону забаронены. Абмежаваньні на перамяшчэньне і знаходжаньне ўнутры буфэрнай зоны ўведзеныя ў 27 паселішчах Гайнаўскага і Беластоцкага паветаў Падляскага ваяводзтва, якое мяжуе зь Беларусьсю.
  • З 1 жніўня 2024 году польская армія таксама праводзіць апэрацыю «Бясьпечнае Падляшша», у межах якой для дапамогі памежнікам, якія ахоўваюць мяжу зь Беларусьсю, накіравалі некалькі тысяч вайскоўцаў.
  • У канцы сакавіка ўрад Польшчы абмежаваў права мігрантаў прасіць аб наданьні міжнароднай абароны на мяжы зь Беларусьсю.

Мігранцкі крызіс 2021-2025. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG