Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Грузіі пакараў абвінавачанага ў забойстве трансгендэрнай жанчыны пажыцьцёвым зьняволеньнем


На пахаваньні Кесарыі Абрамідзэ, 22 верасьня 2024
На пахаваньні Кесарыі Абрамідзэ, 22 верасьня 2024

Тбіліскі гарадзкі суд вынес вырак 26-гадоваму Бэку Джаяні ў справе аб забойстве трансгендэрнай жанчыны Кесарыі Абрамідзэ, паведамляе «Эхо Кавказа».

Бэка Джаяні атрымаў максымальнае пакараньне — пажыцьцёвае зьняволеньне.

Джаяні прызналі вінаватым у наўмысным забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасьцю і з матываў няцерпнасьці, зьвязанай з гендэрнаю ідэнтычнасьцю ахвяры, а таксама ў сыстэматычным біцьці з тых жа матываў.

На абвяшчэньне прысуду абвінавачанага не даставілі. Судзьдзя Ніно Галусташвілі паведаміла, што Джаяні накіраваў ліст, у якім патлумачыў сваю адсутнасьць псыхаэмацыйным станам і выказаў раскаяньне ўва ўчыненым.

Бэка Джаяні ў судзе
Бэка Джаяні ў судзе

У 2024 годзе ў Тбілісі забілі папулярную трансгендэрную мадэль Кесарыю Абрамідзэ. Ёй было 37 гадоў.

Абрамідзэ — самая вядомая транс-жанчына ў Грузіі. Яе рэгулярна запрашалі на розныя ток-шоў, яна здымалася ў сэрыялах і часта давала інтэрвію. У 2018 годзе Абрамідзэ прадстаўляла Грузію на конкурсе прыгажосьці Miss Trans Star International у Барсэлёне.

Паводле вэрсіі сьледзтва, затрыманы забіў Абрамідзэ ў яе дома. На целе 37-гадовай Абрамідзэ знайшлі шматлікія нажавыя раненьні. Грузінскія СМІ паведамлялі, што падставай для забойства стала фота, якое распаўсюдзілася ў сацыяльных сетках. Пра які здымак ці здымкі ідзецца, не ўдакладняюць.

Спачатку справу расьсьледавалі паводле артыкулу «наўмыснае забойства» (арт. 108 КК Грузіі), але потым яе перакваліфікавалі на артыкул «наўмыснае забойства пры абцяжлівых абставінах» (109 КК), які прадугледжвае ад 16 гадоў турмы да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Сябры Абрамідзэ расказалі, што яна доўгі час была ў аб’юзіўных адносінах. У красавіку Абрамідзэ прызналася, што ня раз станавілася ахвярай гвалту з боку былога партнэра. Паводле яе, у адным з такіх выпадкаў ёй удалося выжыць толькі дзякуючы дапамозе суседзяў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG