Жыхарка Берасьця зьвярнулася ў паліклініку па мэдычную дапамогу і даведалася, што лічыцца там памерлай.
Як высьветлілася, ЗАГС Берасьцейскага гарвыканкаму памылкова выдаў пасьведчаньне аб сьмерці на яе імя замест іншай жанчыны, расказалі ў пракуратуры.
Жыхарка Берасьця зьвярнулася ў пракуратуру і патлумачыла, што ня можа атрымаць мэдычную дапамогу на месцы жыхарства, бо лічыцца памерлай.
Высьветлілася, што ў студзені 2021 году ў Берасьцейскую цэнтральную гарадзкую лякарню даставілі жанчыну ў коме 2 ступені. Не прыходзячы да прытомнасьці, яна памерла ў лякарні. Мэдыкі запісалі асабістыя зьвесткі жанчыны з словаў жыхароў хутару, адкуль яе забралі.
У выніку сьледчыя выявілі, што памерлая была суседкай па хутары жанчыны 1968 году нараджэньня, якая зьвярнулася ў паліклініку і чыё імя памылкова назвалі суседзі. Памерлая ня мела сваякоў, і зьвестак пра яе сьмерць ніхто не аспрэчваў. У выніку ЗАГС Берасьцейскага гарвыканкаму памылкова зарэгістраваў сьмерць гэтай жанчыны.
У канцы 2022 году заяўніца зьвярнулася ў паліклініку, паказаўшы свой пашпарт. Прадстаўнікі паліклінікі паведамілі пра здарэньне ў раённы аддзел Сьледчага камітэту.
16 красавіка 2025 году пракуратура Беларусі паведаміла, што ўлічваючы памылку, пракурор у інтарэсах жанчыны зьвярнуўся ў суд з пазовам аб прызнаньні несапраўдным запісу акту аб сьмерці і яго ануляваньні. Пазоў задаволены ў поўным абʼёме.
Форум