Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнтагон: ПВК «Вагнэр» ня ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне


Патрык Райдэр. Архіўнае фота
Патрык Райдэр. Архіўнае фота

Амэрыканскія вайскоўцы адзначаюць спыненьне актыўнасьці падразьдзяленьняў вагнэраўцаў на фронце і пацьвярджаюць факт прыбыцьця амэрыканскіх касэтных боепрыпасаў ва Ўкраіну.

«На гэтым этапе мы ня бачым, каб сілы „Вагнэра“ прымалі які-небудзь значны ўдзел у падтрымцы баявых апэрацый ва Ўкраіне», — заявіў 13 ліпеня на брыфінгу прэс-сакратар Пэнтагону брыгадны генэрал ВПС ЗША Патрык Райдэр.

Міністэрства абароны Расеі ў сераду заявіла, што ПВК «Вагнэр» завяршае перадачу зброі рэгулярным узброеным сілам.

ПВК «Вагнэр» пакінуў пазыцыі на тэрыторыі Ўкраіны пасьля таго, як 23 чэрвеня яго заснавальнік Яўгеній Прыгожын аб’явіў аб пачатку вайсковага мяцяжу і накіраваў калёны «Вагнэра» ў бок Масквы. На наступны дзень Аляксандар Лукашэнка заявіў, што яму ўдалося дамовіцца з Прыгожыным аб спыненьні мяцяжу.

Патрык Райдэр таксама пацьвердзіў, што ва Ўкраіну ўжо даставілі касэтныя боепрыпасы з ЗША. Ці пачалі УСУ выкарыстоўваць іх, не ўдакладняецца.

12 ліпеня кіраўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Энтані Блінкен заявіў у інтэрвію тэлекампаніі MSNBC, што «цяжкае, але неабходнае рашэньне даць Украіне касэтныя боепрыпасы стала вынікам разуменьня таго, што калі мы гэтага ня зробім, тады ў іх [Украіны] скончацца боепрыпасы. Калі ў іх скончацца боепрыпасы, яны будуць безабаронныя».

Блінкен выказаўся ў абарону рашэньня адміністрацыі Джо Байдэна накіраваць касэтныя боепрыпасы ва Ўкраіну, паколькі УСУ вядуць контранаступ супраць расейскіх войскаў. Блінкен заявіў, што гэтае рашэньне стала крайняй мерай ва ўмовах хуткага выкарыстаньня боепрыпасаў, якія пастаўляюцца.

«І ва Ўкраіне, і ў сьвеце запасы ўнітарных боепрыпасаў, у адрозьненьне ад касэтных, вычэрпваюцца. Яны вось-вось скончацца», — растлумачыў Энтані Блінкен у інтэрвію.

Рашэньне ЗША перадаць Украіне касэтныя боепрыпасы крытыкавалася шэрагам амэрыканскіх саюзьнікаў па NATO. Больш за 120 краін сьвету падпісалі міжнародную канвэнцыю, якая забараняе вытворчасьць касэтных боепрыпасаў і перашкаджае іх прымяненьню.
ЗША, Украіна і Расея гэты дакумэнт не ратыфікавалі. Па дадзеных міжнародных арганізацый, за час вайны ва Щкраіне касэтныя боепрыпасы выкарыстоўвалі абодва бакі канфлікту.

У ЗША лічаць, што цяперашняя пастаўка дапаможа Кіеву ўзмацніць наступ і прарваць лінію фронту расейскіх войскаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG