Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гульня ў радасьць». Расказваем пра тэатральную школу-летнік для беларусаў


Вынікам летніку стане спэктакль, які паставяць яго ўдзельнікі. Адзін зь вядоўцаў — Раман Падаляка.

Вольга Кулікоўская — кіраўніца прадусарскай ініцыятывы inexkult, якая арганізуе двухтыднёвую тэатральную школу-летнік «Гульня ў радасьць» для дзяцей і падлеткаў, якія жывуць у Варшаве.

Вольга Кулікоўская
Вольга Кулікоўская

«Гэты летнік зьяўляецца часткай праграмы Польскага тэатральнага інстытуту імя Зьбігнева Рашэўскага, якая фінансуецца Міністэрствам культуры Польшчы. Сутнасьць праграмы ў тым, што тэатральныя ініцыятывы, калектывы, культурныя арганізацыі могуць прыдумаць сваю ідэю тэатральнага летніку для дзяцей, якія жывуць у Польшчы (звычайна для палякаў) і падаць на конкурс. Штогод каля 15 заявак адбіраюць і на рэалізацыю ідэі даюцца сродкі. І гэта вельмі файна, бо для дзяцей удзел у летніку бясплатны, усё фінансуе польскі Мінкульт», — тлумачыць Вольга Кулікоўская.


Сёлета вырашылі зрабіць такі летнік для беларускіх дзяцей, якія жывуць у Варшаве:

«Мы сабралі адпаведную каманду прафэсіяналаў, пэдагогаў, прыдумалі ідэю летніку „Гульня ў радасьць“. Мы будзем вучыць дзяцей працаваць са сваімі эмоцыямі, назіраць за сьветам навокал. Потым з дапамогай тэатральных мэтодык дзеці створаць разам з намі спэктакль, які пакажам напрыканцы».

«Дзіця атрымае задавальненьне і карысны досьвед»

Вольга дадае, што ў Польшчы і Нямеччыне вельмі разьвіты кірунак тэатральнай пэдагогікі, у якой і будзе працаваць каманда летніку:

«Тэатральная пэдагогіка пра тое, што тэатар дапамагае кожнаму дзіцяці адчуваць сябе лепш і ўпэўненей. Гэта праграма не стварэньня артыста, які мае нейкія таленты ці нешта яшчэ. Гэта праграма, якая дапамагае разьвіцьцю асобы, таму мы адкрытыя для ўсіх дзетак, незалежна ад здольнасьцяў ці таленту. Калі на гэтую праграму прыйдзе любое дзіця, яно атрымае задавальненьне і карысны досьвед».


У летніку могуць удзельнічаць дзеці ад 9 да 16 гадоў, зь якіх сфармуюць дзьве групы. «Гульня ў радасьць» пройдзе з 24 ліпеня па 6 жніўня:

«Я вельмі цешуся, што запісваецца шмат падлеткаў, дзяцей 13-16 гадоў. Бо папраўдзе гэта тая група, якая цяжэй за ўсё перажывае эміграцыю. Меншым дзеткам лягчэй: яны лягчэй вучаць новую мову, хутчэй заводзяць новых знаёмых, сяброў. А вось падлеткам складаней, яны больш замыкаюцца ў сабе, сядзяць дома і нікуды ня ходзяць».

Менавіта таму створана вельмі насычаная праграма: два тыдні па 6 гадзін майстар-клясаў, кажа арганізатарка:

«Усё накіравана на тое, каб падлетак стаў пачувацца свабадней і прасьцей. І ў нас тры пэдагогі беларускамоўныя і адзін польскамоўны. І я лічу, што гэта вельмі важна, каб тыя падлеткі, у якіх ёсьць моўныя блёкі пасьля эміграцыі, праз творчасьць больш адчувалі, што мы можам разумець адно аднаго ня толькі праз мову. І я спадзяюся, што за час, калі яны будуць у гэтай працы, яны больш адаптуюцца і больш будуць далей адкрытыя да новага асяродзьдзя».

«У нас сапраўдная акадэмія мастацтва»

Сярод выкладчыкаў на летніку будзе Раман Падаляка, актор і рэжысэр. Зараз ён шмат працуе з падлеткамі і дзецьмі ў тэатральным кірунку, ён асноўны аўтар «Гульні ў радасьць», кажа Вольга:

«Раман будзе весьці артыстычныя майстар-клясы, працаваць зь дзецьмі на тое, каб яны ўпэўнена сябе адчувалі, не баяліся, каб захацелі нешта расказаць, бо, калі ты на сцэне, ты заўжды апавядаеш нейкую сваю гісторыю.

З намі будзе яшчэ працаваць Паўліна Пракапюк — польская акторка, рэжысэрка, мае яшчэ адукацыю ў тэатральнай пэдагогіцы, то бок будзе праца зь дзецьмі з пункту гледжаньня псыхалягічнага. У нашай камандзе таксама Тацяна Дзівакова, якая вядзе мастацкія майстар-клясы, зьвязаныя са сцэнаграфіяй і выяўленчым мастацтвам. На яе занятках дзеці сапраўды будуць вырабляць нейкія элемэнты дэкарацый».

Таксама будуць майстар-клясы ад харэографа Іны Асламавай:

«Яна таксама шмат гадоў працуе з харэаграфічным кірункам, менавіта зь дзецьмі. І ў яе ёсьць свая распрацаваная мэтодыка, як вучыць дзяцей працаваць са сваім целам, харэаграфіі. У нас сапраўдная акадэмія мастацтва».


Форму на летнік закрылі ў першы ж вечар, але цяпер прымаюць заявы ад тых, хто не пасьпеў, але хацеў бы паўдзельнічаць:

«Мы спачатку нэрваваліся, ці будзе столькі падлеткаў летам у Варшаве, каб набраць дзьве групы беларусаў. А потым мы зразумелі, што гэта так запатрабавана, што мы папросту мусім на гэты запыт адрэагаваць, прыдумаць працяг праграмы, як зрабіць больш групаў. Мы зьбіраем яшчэ сьпіс тых, хто не пасьпеў запісацца, але хоча, бо нам вельмі важна разумець дакладную колькасьць ахвочых, каб мы пасьпелі зрабіць умовы, паўтарыць праграму цягам лета».

Таксама 23 чэрвеня ў Варшаве пройдзе бясплатная акторская майстар-кляса ад пэдагога тэатральнага летніка Рамана Падалякі. Узрост удзельнікаў — 9-16 гадоў. Каб трапіць на варштат, трэба напісаць асабістае паведамленьне на старонцы inexkult у Instagram: імя ўдзельніка, кантактны тэлефон, узрост.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG