Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аўстрыі ў доме, дзе нарадзіўся Гітлер, будуць праводзіць курсы аб правах чалавека


Дом, дзе нарадзіўся Адольф Гітлер. Архіўнае фота
Дом, дзе нарадзіўся Адольф Гітлер. Архіўнае фота

Раней Міністэрства ўнутраных спраў Аўстрыі мела намер адкрыць у былым доме Гітлера паліцэйскі ўчастак.

На фоне крытыкі плянаў ператварыць у паліцэйскі ўчастак дом, дзе ў дзяцінстве жыў Гітлер, улады Аўстрыі вырашылі вучыць там паліцыянтаў правам чалавека, піша BBC.

У разьмешчаным у аўстрыйскім горадзе Браўнаў-на-Іне доме, дзе правёў частку дзяцінства Адольф Гітлер, мяркуецца стварыць цэнтар для правядзеньня сэмінараў аб правах чалавека для супрацоўнікаў паліцыі.

Раней Міністэрства ўнутраных спраў Аўстрыі мела намер адкрыць у былым доме Гітлера паліцэйскі ўчастак, але гэтыя пляны раскрытыкавалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці. У прыватнасьці, ініцыятыва пад назвай Diskurs Hitlerhaus запатрабавала стварыць у доме Гітлера музей або месца для сустрэч грамадзян з мэтай адукацыі і абмену досьведам і ўспамінамі.

У сваю чаргу прадстаўнікі экспэртнай камісіі МУС Аўстрыі, якая распрацоўвала плян выкарыстаньня дома Гітлера, падкрэсьліваюць, што галоўнае для іх — «пазытыўная праца», якая будзе праходзіць у гэтым месцы.

Нацыяналізацыя дома Гітлера ў Аўстрыі

У сьнежні 2016 году ўрад Аўстрыі прыняў, а парлямэнт краіны падтрымаў рашэньне аб нацыяналізацыі будынка былога гатэля «Ля памяранца», у якім Адольф Гітлер жыў з маленства і да трох гадоў.

У гады Другой сусьветнай вайны будынак выкарыстоўваўся ў якасьці культурнага цэнтру. Падчас адступленьня нацыстаў з Аўстрыі яго спрабавалі ўзарваць, але не пасьпелі, бо туды прыйшлі амэрыканскія войскі. Пасьля вайны тут знаходзілася спачатку бібліятэка, потым школа, а яшчэ пазней — майстэрня для інвалідаў. У 1952 годзе дом быў перададзены сям’і яго цяперашніх гаспадароў у якасьці кампэнсацыі. З 2011 году ён пуставаў.

У 2016 годзе МУС краіны разглядала планы зьнесьці гэты дом да падмурка. Аднак на гэты крок не пайшлі, бо будынак лічыцца помнікам архітэктуры ХVІІ стагодзьдзя. З 1993 году ён уваходзіць у архітэктурную групу Зальцбургскага прадмесьця і знаходзіцца пад абаронай закону.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG