У шматлікіх вакансіях адным з абавязковых патрабаваньняў названы досьвед службы ва Ўзброеных сілах. Журналісты БРЦ патэлефанавалі ў некалькі школаў і каледжаў і прадставіліся байцом ПВК «Вагнэра», які ваяваў ва Ўкраіне і цяпер шукае працу. У адной зь менскіх школ адказалі, што такі досьвед падыходзіць.
«У нас абавязковае патрабаваньне на гэтую пасаду — досьвед працы ва Ўзброеных сілах. Зразумела ўжо цяпер, што ў вас ён ёсьць», — сказала дырэктарка сталічнай школы № 69 у адказ на пытаньне, ці могуць узяць на працу байца ПВК «Вагнэр» з расейскім грамадзянствам, які ваяваў ва Ўкраіне.
Што адказвалі ў іншых школах і каледжах, у БРЦ не паведамілі.
У БРЦ адзначылі, што менавіта ў сталічнай школе № 69 гатовыя плаціць больш за ўсё — да 1500 рублёў.
- Вакансіі кіраўнікоў па патрыятычным выхаваньні ў школах і каледжах у базе службы занятасьці сталі зьяўляцца на пачатку лютага 2023 году.
- Беларускія ўлады заняліся «патрыятычным выхаваньнем дзяцей і моладзі» пасьля масавых пратэстаў 2020–2021 гадоў. Улетку 2022 году з гэтай мэтай арганізавалі спэцыяльныя патрыятычныя лягеры, у якіх дзеці знаходзяцца пад наглядам сілавікоў. З пачаткам новага навучальнага году для беларускіх школьнікаў стварылі амаль 20 вайскова-патрыятычных клюбаў, а ў навучальных установах афіцыйна зьявілася пасада спэцыяльнага вайскова-патрыятычнага выхавацеля.