Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам патрэбна дапамога, хоць пра гэта няёмка гаварыць». Беларуская школа ў Варшаве абвяшчае набор на новы год


Заняткі ў беларускай школе ў Варшаве. Архіўнае фота
Заняткі ў беларускай школе ў Варшаве. Архіўнае фота

Беларуская школа ў Варшаве абвяшчае набор на новы навучальны год. Цяпер ня толькі ў сталіцы Польшчы, але і ў іншых гарадах — Беластоку, Гданьску, Кракаве, Познані — будуць суботнія заняткі офлайн.

Пагаварылі Алесем Лозкам, які летась выступіў з ініцыятывай стварыць Беларускую школу ў Варшаве, распыталі пра новыя пляны.

«У нашай школе менавіта беларускі кампанэнт: мова і літаратура, гісторыя Беларусі, мастацтва»

— У польскіх школах па стане на пачатак 2023 года навучаецца 26 тысяч беларускіх дзяцей. Яны вучацца ў польскіх школах паводле польскіх праграмаў, падручнікаў. А што вы прапануеце ім?

— Беларускія дзеткі, якія з розных прычын апынуліся з бацькамі ў эміграцыі і пайшлі ў польскія школы, ня маюць магчымасьці вывучаць беларускую мову, літаратуру, гісторыю. А ў нашай школе менавіта беларускі кампанэнт: беларуская мова і літаратура, гісторыя Беларусі, мастацтва, адмысловы прадмет «Чалавек і сьвет».

Паўтары сотні навучэнцаў з Варшавы займаліся па суботах у памяшканьні Акадэміі добрай адукацыі і на онлайн-пляцоўках (і ў іншыя дні) з гарадоў Польшчы.

Алесь Лозка
Алесь Лозка

Прычым мы абсалютна не чакалі, што адгукнецца так шмат ахвотных зь іншых краінаў сьвету. У выніку ў нас вучацца прадстаўнікі Альбаніі, Беларусі, Грузіі, ЗША, Ірляндыі, Італіі, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Расеі, Турэччыны, Чарнагорыі, Чэхіі і нават Японіі.

Апошнім часам заўважаецца прыхільнасьць беларусаў да роднай мовы — і з тых, хто застаўся ў Беларусі, і хто часова пакінуў радзіму, і хто ў даўняй эміграцыі. Гэта мы, настаўнікі, заўважаем, напрыклад, па нязвыклых прозьвішчах і імёнах нашых вучняў (Сэм, Кова, Вагнэр, Мэліса, Амэлія, Ганэм, Альдо, Карла), што яны не абавязкова з апошняй вялікай хвалі эміграцыі, а бацькі прывучаюць сваіх дзяцей да такой далёкай і блізкай, рэпрэсаванай мовы продкаў.

— Вучні з усяго сьвету. А хто пэдагогі? Ведаю, летась быў вялікі конкурс на настаўніцкія пасады.

— У нас працуюць цудоўныя пэдагогі, якія прайшлі ў свой час вялікі конкурс з сотні ахвотнікаў у нас працаваць. Сярод іх спрактыкаваныя настаўнікі з катэгорыямі і навуковымі званьнямі, ёсьць некалькі прафэсараў, найлепшыя выкладчыкі зь Беларусі, якія зазналі рэпрэсіі і былі звольненыя.

«Два апошнія месяцы нашы пэдагогі працуюць на ўласным энтузіязьме»

— Год таму перад адкрыцьцём школы мы з вамі размаўлялі і адчувалася, што вы хоць і аптыміст, але ў вас была трывога. Першы год пераадолены. Цяпер усё добра, праблем няма?

— Па шчырасьці, у мяне закрадвалася нейкае невялікае сумненьне ў тым, што мы зможам пратрымацца год. Яно не зьвязана з неабходным кантынгентам дзяцей ці настаўнікамі, сапраўды чулымі і ахвярнымі, а ў асноўным трымалася на матэрыяльным фактары. Вось цэлы год (і дагэтуль) нас чамусьці абмінаюць спэцыяльныя адукацыйныя грантавыя праграмы.

Дзякуй, што часам нам працягвалі руку дапамогі неабыякавыя і шчырыя беларусы. Але ўсё роўна два апошнія месяцы нашы пэдагогі, «інжынэры чалавечых душ», працуюць на ўласным энтузіязьме. Нам яшчэ патрэбна дапамога, хоць пра гэта няёмка і нясьціпла гаварыць.

Алесь Лозка
Алесь Лозка

«Нам патрэбна загадзя вызначыць, у якіх гарадах Польшчы можна будзе адкрыць офлайн-філіялы»

— Якія пляны пашырэньня на новы навучальны год?

— З новага навучальнага года мы зможам арганізаваць больш за 20 новых клясаў у розных гарадах Польшчы, адкрыць філіялы Беларускай школы, напрыклад, у Беластоку, Варшаве, Гданьску, Кракаве, Познані ці іншых гарадах, дзе існуе найбольшая канцэнтрацыя нашых суайчыннікаў, якія не па сваёй волі апынуліся ўдалечыні ад радзімы, і набярэцца неабходная колькасьць дзяцей у клясе-камплекце. Дарэчы, ва Ўроцлаве тутэйшыя беларускія настаўнікі самастойна будуць ствараць школку, ужо дачакаўшыся падмогі.

Нам патрэбна загадзя вызначыць, у якіх гарадах Польшчы можна будзе адкрыць офлайн-філіялы (школкі) і клясы на онлайн-пляцоўцы. Дзеля гэтага распаўсюджваем сваю анкету-заяву.

У першы дзень мы атрымалі заявы ад бацькоў з Расеі, затым пайшлі адказы на анкету з гарадоў Польшчы і Беларусі (далей па чарзе паступленьня): зь Японіі, ЗША, Чарнагорыі, Літвы, Грузіі, Італіі, Ірану, Кіпра, Альбаніі. Зь Беларусі напісалі: «Вялікая падзяка за праект і за цудоўных настаўнікаў шостай клясы!».

Кранае шчырасьцю і допіс па-беларуску Тацяны з далёкага Ірану:

«Пасьля двух гадоў пандэміі і адмоваў ад іранскіх садкоў сын ня ведае, як кантактаваць зь людзьмі. Тут патрэбна дапамога. Зараз займаемся з прыватнымі спэцыялістамі. Але мо ў вас ёсьць беларускамоўныя? Хто зможа нам трохі дапамагчы ў гэтым пытаньні? Сын разумее беларускую мову лепш за ўсе, яшчэ цяпер падцягваем фарсі, таксама ангельскую і трохі расейскую. Быў час, калі сын проста ніяк не размаўляў. Цяпер сытуацыя палепшылася».

Скажу так: «Дзякуй вам за любоў да беларускай мовы. З прыемнасьцю чакаем цябе, Ільлясік, у нашай першай клясе».

«Каб рабіць запісы онлайн-урокаў, мы бралі дазвол ад бацькоў»

— Мяркую, што ёсьць і складанасьці: розьніца ў часавых паясах. Як атрымліваецца арганізоўваць заняткі, каб задаволіць усіх?

— У бягучым годзе ў нас урокі для першаклясьнікаў прымеркаваныя да трох часавых варыянтаў у раскладзе, каб маглі навучацца беларускія дзеці зь іншым (далёкім ад польскага) паясным часам. Ці атрымаецца тут пашырыць нам часавы абсяг (гэта вымагае дадатковых матэрыяльных выдаткаў)?..

Са Злучаных Штатаў пішуць:

«Паколькі розьніца ў часе з Амэрыкай не дазваляе дзецям далучацца онлайн непасрэдна ў час занятку паводле польскага часу, мяне цікавіць магчымасьць арганізацыі заняткаў так, як яны былі арганізаваны для Жэні ў чацьвёртай клясе настаўніцай Н... (з запісам занятку)».

«Мне 30 гадоў, але вельмі шкада, што заняткі толькі для дзетак»

— Ведаю, што часам разам зь дзецьмі займаюцца і іхныя бацькі, далучаюцца да онлайн-заняткаў і дарослыя.

— Так, і гэта добрая прыкмета. Вось некаторыя вытрымкі зь іх лістоў (напісаньне захаванае):

«Хочам вывучаць беларускую мову ўсёй сям’ёй» (Варшава).

«Tak, vielmi żadaju papravić svajo znańnie bielaruskaj movy. Ja zakońćyla (dauno) licej z dadatkovym navućańniem movy u Hajnaucy».

«Дабрыдзень, шаноўнае спадарства! Я дарослая, мне 30 гадоў, але вельмі шкада, што заняткі толькі для дзетак. Мне не замінула б узгадаць мову і літаратуру, пачытаць вершы на беларускай, а пра мастацтва наогул бракуе ведаў. Калі будзеце ладзіць заняткі і для дарослых, грукніце ў тэлеграм ці на мэйл, я гатовая за грошы. Ці мо хто з настаўнікаў мае магчымасьць парэпэтыраваць асобна, таксама добранька будзе. Дзякуй вялікі за ўвагу і за вашую ініцыятыву» (Нікасія, Кіпр).

Нашай беларусачцы-афрадыце з сонечнага вострава Міжземнага мора я так адкажу зь белага і чырвонага берага Віслы:

«Дзякуй за мову і памяць пра родную Беларусь. Калі жадаеце далей удасканальваць мову і культуру продкаў, наведвайце нашыя ўрокі ў той клясе, якую вы пазначылі». Усе беларусы з розных куткоў сьвету, узяўшыся за рукі, змогуць здолець любую гора-бяду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG